Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Кароткая гісторыя кавы і гарбаты ў Гродне і Беларусі

Сучасная кававая культура пачала імкліва развівацца ў Гродне і агулам у Беларусі з 2010-х. Але ініцыятывы і кавярні, што тады паўсталі, абапіраліся на моцную гістарычную глебу. Традыцыя піць каву і гарбату налічвае некалькі стагоддзяў. Hrodna.life расказвае пра гісторыю гэтых напояў у нашым рэгіёне.

Пераможны шлях кавы: ад бітвы пад Венай да дамоў шляхты і рамеснікаў

Кава стала папулярнай у Еўропе пасля перамогі войска Рэчы Паспалітай над туркамі пад Венай у 1683 г. У абозе султана пераможцы захапілі 30 мяшкоў кавы. Уладальнікам іх стаў смелы львавянін Ежы Францішак Кульчыцкі. Паводле адной з версій яго біяграфіі, ён доўгія гады быў у турэцкім палоне, дзе палюбіў каву.

Пасля перамогі над туркамі ён адчыніў у Вене сваю кавярню. Еўрапейцы не вельмі палюбілі каву Кульчыцкага, горкі турэцкі напой быў ім не па нораву. Але з дадаткам цукру і малака кава прыйшлася венцам даспадобы.

У Варшаве першая кавярня адчынілася ў 1724 г. Праз некалькі гадоў кавярня з’явілася ў Вільні. Кава хутка стала вельмі папулярнай. Асабліва любілі яе шляхцянкі. Некаторыя маглі за ранак абысці дзесяць дамоў і ў кожным пачаставацца кубачкам духмянай кавы.

Паступова кава пачала распаўсюджвацца сярод рамеснікаў. Напрыклад, майстар з раніцы паіў сваю сям’ю і вучняў кавай з цукрам. Гэта было танней за ранейшыя сняданкі, але таксама досыць сытна.

Першую кавярню ў Гродне заснаваў Тызенгаўз

Першы гродзенскі кафэнгаўз (кавярня) з’явіўся на Гарадніцы ў 1770-х гг. дзякуючы гродзенскаму старасце Антонію Тызенгаўзу. Апісанне гэтай установы, праўда ўжо зачыненай і пераробленай у карчму, знайшла гродзенская даследчыца Наталля Сліж. Будынак кафенгаўза знаходзіўся на месцы галоўнага корпуса Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы на Ажэшкі.

Кафенгаўз на карце Гарадніцы - першая кавярня ў Гродне і Беларусі
Кафенгаўз на карце Гарадніцы — першая кавярня ў Гродне і Беларусі

Тызенгаўз заклаў такія ўстановы ў Ласосне, Крынках, Паставах. Захаваўся таксама інвентар рэчаў гродзенскага старасты, якія былі ў ягоным маёнтку ў Жалудку. Сярод маёмасці Антонія Тызенгаўза было мноства посуду з парцэляны, срэбра і фаянсу для прыгатавання і піцця кавы — кубачкі, млынок, імбрычкі, мерныя лыжачкі.

«Няма такой, як наша, кавы ў іншым краі…»

З канца XVIII стагоддзя кава стала часткай жыцця шляхецкіх маёнткаў Гродзеншчыны. Ніжэй радкі з паэмы «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча ў перакладзе Пятра Бітэля.

Мужчын і дам асобнай частавалі ежай:
Разносіць посуд пачалі для кавы свежай,
Дык на падносах, хораша размаляваных,
Дыміўся рад пахучых чайнікаў бляшаных,
Стаялі пазалочаныя філіжанкі,
А побач - дробныя гарнушкі для смятанкі.
Няма такой, як наша, кавы ў іншым краі,
Бо ў Польшчы, дзе жывуць старыя абычаі,
Жанчына ў доме адмысловая бывае,
Кавяркай званая. Яна і здабывае
У горадзе або ў віціннікаў зярняты
І варыць так, як кажа вопыт ёй багаты,
Каб кава моккай пахла, як бурштын ірдзела,
Чарнела, як вуголь, і вязкасць мёду мела.

Магчыма, з’явіцца пытанне: а хто такія віціннікі? Гэта былі адмысловыя людзі, якія падарожнічалі па Нёмане на грузавых караблях-віцінах да Балтыйскага мора і назад. У той бок яны перавозілі жыта, пшаніцу, ільняное семя, ільняны алей, топленае сала, пяньку, гарэлку, мёд, а таксама дрэва. А назад прывозілі часта розныя экзатычныя або інакш каланіяльныя тавары. Сярод іх і кававае зерне.

Чытайце таксама: Як Калінінград быў надбалтыйскай сталіцай Прынямоння і што з ім здарылася

Піць чай было непатрыятычна

Бліжэй да 1830-х гг. папулярнай стала на Гродзеншчыне і гарбата. Нягледзячы на тое, што піццё гарбаты лічылася сярод шляхты «непатрыятычнай» справай, яна хутка заняла сваё месца. Напрыклад у маёнтку Біспінгаў ранак пачынаўся з кавы, а вось ужо гадзін у 11 дня пілі гарбату, якую прывозілі галоўным чынам з Расіі. Гарбату не пілі, як англічане, з малаком, а дадавалі некалькі кропляў віна і лімон. Вельмі хутка набраў папулярнасці і самавар.

Паўстанец на заднім плане налівае сабе кіпень з самавара. Гравюра з паўстання 1863 года
Паўстанец на заднім плане налівае сабе кіпень з самавара. Гравюра з паўстання 1863 года
Станіслаў Жукоўскі. Нацюрморт з самаварам
Станіслаў Жукоўскі. Нацюрморт з самаварам

Пад канец ХІХ ст. гарбату дома пілі ўжо прыкладна 10−15% беларускіх сялян, але, як і кава, яна працягвала заставацца досыць дарагім напоем. Большасць сялян або не пілі гарбату зусім, або пілі вельмі рэдка. Таксама вельмі нятанна каштаваў і цукар.

Чайная пачатку ХХ ст.
Чайная пачатку ХХ ст.

У гэты час па мястэчках пачалі адкрывацца «Чайныя». Там можна было выпіць шклянку гарбаты за пару капеек. Праўда, якасць гарбаты была зусім не тая, што ў шляхецкіх дамах сярэдзіны ХІХ ст. У той час у Гродне карысталіся папулярнасцю цэйлонская гарбата і чорная байхавая гарбата, а таксама сарты «Імператарскі» і «Кітайская ружа».

Такім чынам і кава, і гарбата паступова пераўтвараліся з прадмета раскошы ў штодзённы прадукт большасці жыхароў нашага горада і ваколіц.

Чытайце таксама: Чаму Гродна — беларуская сталіца кавы? 5 аргументаў «за» ад экспертаў