Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Чаму сайты гродзенскіх дзяржарганізацый такія нязручныя?

«Такое пачуццё, што яго рабілі ў эпоху адкрыцця інтэрнэту. Страшна, нязручна і зусім не перадае атмасферу», — кажа вэб-дызайнер Алесь Вятнік пра сайт гродзенскага Старога замка. Ісці ў сам музей пасля наведвання такога сайта яму ўжо не хочацца. Рэдакцыя Hrodna.life разам з экспертамі ацаніла сайты гродзенскіх устаноў, каб зразумець, чаму яны амаль не выконваюць свае функцыі.

Сайт замка — не адзіны, які трапіў пад разборы Алеся ў TikTok. Дызайнер, напрыклад, звярнуў увагу на сайт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Там выпадковы наведвальнік можа проста разгубіцца — настолькі неінтуітыўная яго канструкцыя.

Страката, незразумела і завісае — першы погляд на гродзенскія сайты

Рэдакцыя Hrodna.life зайшла на некаторыя гродзенскія сайты. Старонка Аўтобуснага парка Гродна мільгае рэкламай. Сайт УЖРЭП Кастрычніцкага раёна вісне пры пракрутцы. На сайце Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея (таго самага Старога замка, які не спадабаўся Алесю), першымі выпадаюць спасылкі на старонкі пра «памяць і боль беларускай зямлі» і «першасную прафсаюзную арганізацыю». А час працы аддзяленняў музея яшчэ трэба паспрабаваць знайсці. Частка фатаграфій «пабіта».

Чаму дзяржаўныя сайты такія нязручныя? Зразумець гэта нам дапамаглі вэб-распрацоўшчык, SEO-спецыяліст і дызайнер.

«Яны не сякуць, хто іх мэтавая аўдыторыя»

Аснова праблемы гродзенскіх сайтаў - у персаналіях, лічыць SEO-спецыяліст Уладзімір (імя зменена). На месцах сядзяць людзі, якія мала ведаюць аб распрацоўцы. Калі «зверху» прыходзіць разнарадка, што трэба зрабіць сайт, заказчык абапіраецца на няўдалыя прыклады і просіць распрацаваць «што-небудзь падобнае».

— Яны наогул не сякуць, хто іх мэтавая аўдыторыя. Ім усё па барабане. Ці ёсць у іх ініцыятыва зрабіць нешта лепш, чым у іншых? Не. Ім прыйшла заявачка зрабіць сайт — яны робяць.

Вэб-распрацоўшчык Аляксандр (імя зменена) згодзен, што пачынаць трэба з разумення: каму і навошта сайт патрэбны. Пасля гэтага ствараюцца прататыпы — схематычныя выявы старонак.

— Прататыпы пажадана тэставаць. Ва ўмоўным калідоры даць сустрэчным людзям пакарыстацца сайтам і атрымаць зваротную сувязь.

Толькі пасля дапрацоўкі прататыпа можна пераходзіць да эстэтычнай часткі дызайну, дзе інтэрфейс і атрымае свой канчатковы выгляд.

Непрывабны дызайн дзяржаўных сайтаў - толькі вяршыня айсберга, рэзюмуе Аляксандр.

Распрацоўка сайтаў для дзяржструктур: рэгламенты, недахоп грошай і «не тыя людзі»

Дзяржаўныя сайты ствараюць «не тыя людзі і не так», лічыць Аляксандр.

— Часта гэтым займаецца адзін чалавек, які працуе ў штаце. Ён настройвае лакальныя сеткі, рамантуе друкаркі і іншае. Каму аддаць распрацоўку сайта — зразумелая справа, яму.

Для стварэння нескладанага, але прафесійнага сайта трэба ад чатырох да сямі чалавек. У гэты спіс уваходзяць дызайнер інтэрфейсу, распрацоўшчыкі, тэсціроўшчык і менеджары. А штатны дзяржаўны «энікейшчык» (памочнік сістэмнага адміністратара — Hrodna.life) можа хіба што ўзяць шаблон ці зрабіць дызайн на каленцы, лічыць Аляксандр.

Пры распрацоўцы сайтаў для дзяржаўных арганізацый трэба выконваць рэгламент, адзначае Уладзімір. Напрыклад, абавязкова павінна быць версія для людзей з аслабленым зрокам.

— Мы як пачалі распрацоўваць (сайты па дзяржзаказах — Hrodna.life), нам такі спіс патрабаванняў далі - і ўсё згодна з законам. Калі гэтага не будзе — паляцяць шапкі. А калі робіш сайт бізнесу, заказчык прыходзіць і кажа: «Чувак, я табе давяраю», — параўноўвае Уладзімір.

На канчатковы вынік уплываюць і часта абмежаваныя фінансавыя магчымасці дзяржаўных структур.

Калі дзяржаўныя сайты могуць выглядаць добра?

Здараюцца і супрацьлеглыя гісторыі, калі працуе сістэма «адкатаў». Фірме трэба рэалізаваць некаторую суму — часам грошы ўкладваюць у распрацоўку сайта.

— Заказвае дзярж — патрэбен сайт. Да цябе прыходзяць у офіс і кажуць, што праводзяць тэндар на шалёную суму: «Я зраблю так, што вы пераможаце, а вы мне проста кэш». Пры такой адкатнай сістэме сайт для дзяржарганізацый можа каштаваць разоў у 3−10 даражэй па рынку. Таму што тыя, хто потым правяраюць сайты, увогуле не шараць.

Уладзімір дадае, што ў рэдкіх выпадках дзяржаўны сайт можа выглядаць добра. Гэта адбываецца, калі задачу па распрацоўцы дэлегуюць ініцыятыўным супрацоўнікам, якія разбіраюцца ў трэндах.

Адзіны гродзенскі сайт, якім, на думку Уладзіміра, можна ганарыцца — старонка абутковай фабрыкі «Нёман». Ён сам курыраваў распрацоўку гэтага сайта.

Сайт гродзенскай абутковай фабрыкі "Нёман"
Сайт абутковай фабрыкі «Нёман». Скрыншот Hrodna.life

А вось Аляксандр на просьбу назваць прыклады якасных беларускіх сайтаў кажа, што «не памятае такіх».

Галоўны карыстальнік дзяржаўных сайтаў - яго адмін

Продакт-менеджар Максім (імя зменена) па запыце Hrodna.life прааналізаваў некалькі гродзенскіх сайтаў. Эксперт адзначае, што горш за ўсё ідуць справы з рэсурсамі, якія працуюць на ўнутраны рынак.

— Ці, яшчэ горш, рэгіянальны. У момант праектавання ў цэлым няма такога тэрміна як «персона-карыстальнік». Ніхто іх не даследуе: галоўны карыстальнік сайта — яго адмін.

Аўтобусны парк Гродна: карыстальнікаў шмат, а расклад нязручны

На сайт аўтапарка штомесяц заходзіць больш за 10 тыс. карыстальнікаў - шукаюць расклад. Але амаль палова наведвальнікаў пакідаюць галоўную старонку амаль адразу, таму што атрымаць патрэбную інфармацыю няпроста (тут і далей — інфармацыя па статыстыцы карыстання ўзятая з сэрвісу Similarweb).

Па словах Максіма, сайт выконвае ролю даведніка. Для аўтапарка як ключавога гарадскога сэрвісу гэта крытычна.

— Дачныя, прыгарадныя і міжнародныя рэйсы адкрываюцца ў выглядзе грувасткіх файлаў і табліц, што на мабільных прыладах, а гэта 90% аўдыторыі, робіць інфармацыю практычна недаступнай.

Эксперт дадае, што ў сайта ёсць і станоўчыя бакі. Гэта наяўнасць календара, доступ да цэн і магчымасць пераключыцца на Telegram-канал аўтапарка.

сайт аўтобуснага парка Гродна
Аналіз Максіма сайта аўтобуснага парка Гродна

Музеі Гродна: купіць білеты на сайце немагчыма

Максім адзначае перагружанасць і хаатычнасць інтэрфейсу сайта.

— Няма адзінай дызайн-сістэмы, меню працуе часткова, спасылка «Замовіць экскурсію» не адчыняе старонку. Раздзел «Цэны» аформлены ў выглядзе прайс-ліста без фарматавання і клікабельных элементаў, які кепска чытаецца. Адсутнічае анлайн-сэрвіс пакупкі білетаў, што ў 2025 годзе для музея нацыянальнага ўзроўню выглядае крытычным недаглядам.

«У іх няма ініцыятывы зрабіць лепш». Разабраліся, што не так з сайтамі гродзенскіх дзяржарганізацый
Аналіз Максіма сайта музеяў Гродна

УЖРЭП Кастрычніцкага раёна: знайсці тэлефоны і аплаціць паслугі атрымаецца, але не адразу

Галоўная праблема сайта — у яго маладаступнасці. Нумар тэлефона УЖРЭП пазначаны ўнізе старонкі, а ў раздзеле «тарыфы» прагледзець доўгія табліцы з тэлефона не атрымаецца — іх немагчыма прагартаць.

— Важныя дакументы выкладзены ў выглядзе сканаў, напрыклад прэйскурант, які адчыняецца проста як адсканаваны файл. Карта тэрыторыі не працуе. Раздзел аплаты праз QR-коды не змяшчае інструкцыі па выкарыстанні і пакрокавага тлумачэння, што менавіта трэба зрабіць. Гэта ператварае сэрвіс у фармальную галачку, а не ў працоўную прыладу.

сайт УЖРЭП Кастрычніцкага раёна Гродна
Аналіз Максіма сайта УЖРЭП Кастрычніцкага раёна Гродна

Турыстычны сайт Гродна: старонкі на англійскай мове перакладзены з памылкамі

Турыстычны сайт Гродна арыентаваны ў першую чаргу на замежнікаў. У сэрвісу ёсць некалькі моўных версій, у тым ліку і на англійскай. Але пры аналізе Максім выявіў, што некаторыя старонкі альбо не перакладаюцца, альбо змяшчаюць памылкі.

— Карткі гасцініц і рэстаранаў не ўтрымліваюць цэн і апісанняў на англійскай мове, часам адсутнічаюць выявы. Карта аб’ектаў фармальна ёсць, але не заўсёды працуе, а фільтры па арэндзе ці гатэлям не выдаюць дадзеных. Старонкі не адаптаваны пад мабільныя прылады, хоць менавіта імі ў дарозе часцей карыстаюцца турысты.

«У іх няма ініцыятывы зрабіць лепш». Разабраліся, што не так з сайтамі гродзенскіх дзяржарганізацый
Аналіз Максіма турыстычнага сайта Гродна

Адзіны шрыфт, дэталёвая інфармацыя і брэндаванне: якія гродзенскія сайты зроблены добра?

Максім адзначае, што сайт гродзенскага ЦУМа, гасцініцы «Турыст» і «Кінавідэапракату» зроблены адносна добра.

Сярод моцных бакоў - якасныя банеры і ілюстрацыі. Кожны з рэсурсаў вытрыманы ў адзіным стылі, важная інфармацыя з’яўляецца паслядоўна, а нумары тэлефонаў і спасылкі - клікабельныя.

— Хай сайты «Турыста» і кінавідэапракату дзяржаўныя, але яны — камерцыйныя. Таму тут выкарыстоўваюцца вонкавыя сэрвісы для браніравання нумароў і продажу білетаў. Напрыклад, гасцініца карыстаецца расійскім сэрвісам, які зроблены дастаткова добра — нават ёсць магчымасць броні на польскай, англійскай і кітайскай мовах.

«У іх няма ініцыятывы зрабіць лепш». Разабраліся, што не так з сайтамі гродзенскіх дзяржарганізацый
Аналіз Максіма сайтаў ЦУМа Гродна і «Кінагродна»

Чытайце таксама: «Інтэрнэт — сіла. Да 2020 улады гэтага не разумелі». Стваральнік Гродзенскага форума расказаў пра байнэт нулявых