Пра Гродна часта кажуць як пра найважнейшую рэзідэнцыю вялікіх князёў літоўскіх і пасля каралёў Рэчы Паспалітай. Тут яны бывалі праездам, некаторыя падоўгу жылі, будавалі сабе рэзідэнцыі. Але неяк так склалася, што Гродна запаміналася каралям найперш хваробамі і смерцю. Піша тэлеграм-канал «Hrodna 11:27».

Прычын тут некалькі. Самая першая — Гродна ляжаў на каралеўскім шляху з Кракава і Варшавы на Вільню. Па ім часта вандравалі Ягелоны. Другая — паскуднае гродзенскае надвор’е. Пра яго пастаянна згадвалі тыя, каго лёс упершыню закідваў у горад над Нёманам.

Казімір Ягелончык: здаровы лад жыцця не дапамог

Першым уладаром, які памёр у Гродне, аказаўся 65-гадовы Казімір Ягелончык. Навогул здавалася, што кароль будзе жыць доўга. Ягоны бацька Ягайла пражыў ці тое 72 ці тое 82 гады. Казімір, як і бацька, ніколі не піў «віна, мёду, піва і лекаў…», а ўжываў толькі ваду. Любіў ён і розныя фізічныя практыкаванні, часта наведваў лазню.

Казімір Ягелончык. Малюнак Яна Матэйкі
Казімір Ягелончык. Малюнак Яна Матэйкі

Аднак, гледзячы па ўсім, Ягелоны генетычна хварэлі на падагру. У часы, калі механізм хваробы быў незразумелы, гэта вельмі скарачала ўладарам жыццё. У час 32-й вандроўкі ў Вялікае княства ў 1492 г. у караля пачалі пухнуць ногі. Яго перавезлі ў Трокі, пасля ў Гродна, дзе на караля «напала чырвоная немач» (крывавы панос).

Манахі-бернардыны лячылі яго грубым хлебам і печанымі грушкамі, аднак тое каралю дапамагала мала. Стомлены хваробай кароль запытаўся ў свайго лекара Якуба Залескага, ці ёсць шанец вылечыцца. Калі даведаўся, што няма, то мужна сказаў: «Ну што ж, тады паміраць!»

Каралевіч Казімір: хварэў на сухоты і не зважаў на холад

святы Казімір каралевіч
Казімір Казіміравіч стаў святым каталіцкай царквы

Зусім мала пражыў ягоны сын каралевіч Казімір. 25-гадовы сын Казіміра Ягелончыка прыехаў у Гродна восенню 1483 г. і, будучы асобай вельмі рэлігійнай, часта маліўся ў халодным касцёле Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Фары Вітаўта). Святары некалькі разоў заставалі каралевіча расцягнутым крыжам проста на прыступках касцёла, і так каралевіч праводзіў па некалькі гадзін.

Казімір ужо быў хворы на сухоты і ці тое адчуваў хуткі канец жыцця, ці тое проста не заўважаў холаду ў малітоўным запале. У канцы зімы 1484 г. яго здароўе пагоршылася настолькі, што 1 сакавіка яго ўжо амаль непрытомнага вырашана было перавезці ў Вільню, дзе ён і памёр.

Аляксандр Ягелончык: лячыўся ў Гродне пад наглядам Мікалая Каперніка

Ягоны брат Аляксандр Ягелончык памёр у Вільні ў жніўні 1506 г. аднак з Гродна звязаны цікавы эпізод — спроба ягонага лячэння. Увесну 1506 г. у Гродне на некалькі дзён затрымалася, а пасля рушыла на Вільню дыпламатычная місія на чале з Вармінскім біскупам Лукашам Ватцэнродэ.

Аляксандр Ягелончык. Абраз Яна Матэйкі
Аляксандр Ягелончык. Абраз Яна Матэйкі

У гэтай кампаніі, як лічаць многія даследчыкі, быў у і пляменнік біскупа Мікалай Капернік. Будучы вялікі астраном быў дыпламаваным лекарам і біскуп узяў Каперніка з сабой не толькі ў якасці сакратара, але і каб пракансультаваць цяжка хворага Аляксандра Ягелончыка. Як бачым, кансультацыі Каперніка каралю мала дапамаглі, аднак Гродна застаецца адзіным месцам Беларусі, дзе пабываў вялікі астраном.

Жыгімонт Аўгуст: ва ўсім вінаватыя жанчыны

Амаль не памёр у Гродне і Жыгімонт Аўгуст. Летам 1568 г. кароль прыпыніўся ў Гродне, каб прыняць шматлікія пасольствы — маскоўскае, валашскае, татарскае і турэцкае. Візіты гэтых пасольстваў паказаныя на вядомай гравюры «Сапраўднае адлюстраванне горада Гродна ў Літве».

Жыгімонт Аўгуст. Абраз Лукаса Кранаха Малодшага
Жыгімонт Аўгуст. Абраз Лукаса Кранаха Малодшага

Аднак пасольствам прыйшлося доўга чакаць, бо караля зваліў прыступ цяжкай хваробы. Ён праводзіў «бяссонныя дні і ночы і прычыны сваёй немачы ўскладаў на жанчын». Наогул жанчыны былі проста абсэсіяй апошніх гадоў жыцця караля. Вінавацячы жанчын у сваіх хваробах, Жыгімонт Аўгуст знаходзіў аблягчэнне падчас сэксуальных актаў з жанчынамі і яго нават цяжка хворага даносілі да пакояў каханак на насілках. У 1568 г. у Гродне кароль паправіўся, каб праз чатыры гады памерці ў недалёкім ад Гродна Кнышыне ва ўзросце 51 год.

Стэфан Баторый: самы вядомы гродзенскі нябожчык

Найбольш вядомай смерцю каранаванай асобы ў Гродне стаў скон караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя. Перад гэтым Баторый ужо больш за год бязвыезна пражыў у Гродне і незадоўга перад тым пераехаў у новапабудаваны каралеўскі замак.

У канцы восені - пачатку зімы 1586 г. стаялі моцныя маразы і дзьмуў халодны вецер. 2 снежня 1586 г. кароль Стэфан Баторый паехаў паляваць на дзікоў у Кундзінскі лес (мясцовасць Кундзін цяпер знаходзіцца ў Польшчы). Там ён адчуў сябе дрэнна і ўжо 4 снежня вярнуўся ў Гродна.

Кароль Стэфан Баторый. Фрагмент карціны Яна Матэйкі "Баторы пад Псковам"
Стэфан Баторый. Фрагмент карціны Яна Матэйкі «Баторый пад Псковам»

У замку каралю палепшала. У нядзелю, 7 снежня, ён нават адправіўся ў касцёл, хаця лекар Сімоніус яму таго і не раіў. Сімоніус згадваў: «Кароль Яго Вялікасць, мае на назе правай аж да косткі, у якой ранкі неглыбокія, цякучыя. На гэтай жа назе меў адтуліну праробленую; часта здаралася, што з тых ранак і адтулін трохі цякло, таму не было апетыту, ночы неспакойныя, не спіцца, бо па ўсім целе здавался, што кусаюць блыхі; мелі ад гэтага сродак, што яго цела націралі шалікамі цёплымі па нагах, па жываце, па спіне і па ўсім целе, потым праходзіла». Ад холаду гродзенскіх пушчаў хвароба караля істотна абвастрылася.

Чытайце таксама: У Гродне выдалі буклет пра апошнія шэсць дзён жыцця Стэфана Баторыя

Ноччу кароль пайшоў у прыбіральню і па дарозе з яе ў свае пакоі ўпаў і моцна пашкодзіў лоб і нагу. Манарха перанеслі ў спальню, дзе наступныя чатыры дні ў сціслай таямніцы лекары Бучэлла і Сімоніус спрабавалі выратаваць караля. Лячылі яго дзіўным чынам: канфіцюрам (варэннем) з кветак персікавага дрэва, бабровым струменем або экстрактамі марозніка (чэмеру) і ландыша майскага. Апошнія расліны сёння лічацца даволі атрутнымі. Не адмаўлялі каралю і шклянкі гарэлкі з карыцай або разбаўленага віна.

Аднак прыступы хваробы ўзмацняліся і 12 снежня 1586 г. кароль памёр у Старым замку. «У тую ж ноч у палове на пятую перад днём далі такія ж пілюлі, зрабіўшы з іх булён, такі канфіцюр (кашыцу). На абед вельмі мала еў, і дазволілі яму трошкі віна з вадой. Пасля абеду быў сумны, і горш яму станавілася, але не быў надта слабы, сам уставаў. Хутка каля чатырох гадзін прыйшла хвароба, ад якой яго ўжо разбудзіць не змаглі, бо скончылася яна смерцю».

Бюст Стэфана Баторыя ў Фарным касцёле ў Гродне
Бюст Стэфана Баторыя ў Фарным касцёле ў Гродне

Пасля смерці караля было праведзена ўскрыццё. Яно, аднак, не дазволіла высветліць сапраўдную прычыну смерці. Са снежня 1586 г. да пачатку 1588 г. цела караля спачывала ў касцёле Найсвяцейшай Марыі Панны (Фара Вітаўта) ў Гродне, а пасля было перавезена ў Кракаў і пахавана на Вавелі.

Станіслаў Аўгуст: праблем з кліматам не меў

Пасля Баторыя каралі Рэчы Паспалітай адведвалі Гродна не часта. Калі і затрымліваліся, то не надоўга. Побач была Варшава, дзе каралі з дынастыі Вазаў збудавалі для сябе шыкоўную рэзідэнцыю і затрымлівацца ў Гродне вялікай патрэбы не мелі.

Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Малюнак: Ігар Варкулевіч
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Малюнак: Ігар Варкулевіч

Адзіным каралём Рэчы Паспалітай, які ў наступныя часы надоўга затрымліваўся ў Гродне, быў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Як мясцовы ўраджэнец ён не меў праблем з гродзенскім кліматам і яго зусім мала турбавала трагічная спадчына Ягелонаў і Баторыя.

Затое гэтага нельга было сказаць пра расійскага пасланніка Якава Сіверса, які вясной 1793 г. прыбыў у Гродна арганізаваць тут сейм Рэчы Паспалітай. Сіверс жахнуўся таму, што яму прыйдзецца досыць доўгі час правесці ў горадзе, які знаходзіўся зусім недалёка ад сталіцы, але літаральна нічым яе не нагадваў.

«Прыехаўшы ў Гродна, захварэў жорсткім насмаркам, — напісаў Сіверс у сваім лісце да дачкі. — Тут халадно і вільготна, такое ўражанне, што мы пераехалі на сто міляў на поўнач ад Варшавы».