«Дзед пісаў дзённікі для будучых пакаленняў. Ён хацеў, каб нават пасля яго смерці пра яго не забывалі», — распавядае 17-гадовы гродзенец Вадзім Калупайла. Свайго дзеда Леаніда ён ніколі не бачыў, але дзякуючы яго рукапісам і фатаграфіям стаў вывучаць гісторыю сям'і. Сёння Вадзім ідзе па слядах дзеда і таксама займаецца фатаграфіяй.

Сям’я Калупайлаў некалькі пакаленняў жыве ў Гродне. Да 1954 года Калупайлы жылі на вуліцы Ласасянскай, 78 (сёння тэрыторыя Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 2 на Савецкіх пагранічнікаў). Дом сям'і перанеслі на вуліцу Нямцэвіча — метраў 600 ад старога месца. Там дагэтуль жывуць нашчадкі Леаніда Калупайлы.

Патрапіў у турму, падрываў чыгунку, гуляў з боепрыпасамі

Дзённікі Леанід Калупайла пісаў перад смерцю ў 2000 годзе.

«Ён іх назваў ЖКЛ — Жыццё Калупайлы Леаніда. Усяго два сшыткі, але ў іх распісана ўсё яго жыццё і гісторыя нашай сям'і. Даваенныя і ваенныя падзеі ў Гродне ён апісваў вачыма дзіцяці. У той час ён быў прыкладна майго ўзросту — таму чытаць апісанне тых падзей асабліва цікава».

Гродзенец прачытаў дзённікі дзеда: цяпер робіць фотапараўнанні горада 1970-х і сёння
Вадзім Калупайла чытае дзённік дзеда Леаніда, якога ніколі не бачыў
Гродзенец прачытаў дзённікі дзеда: цяпер робіць фотапараўнанні горада 1970-х і сёння
Леанід Калупайла нарадзіўся ў Гродне ў 1935 г. Жыў на вуліцы Ласасянскай (сёння Савецкіх пагранічнікаў). Фота: канец 1970-х гг.

У дзённіках Леанід апісвае, як ён трапіў у турму за крадзеж рэчаў з гета, як адбываліся аблавы на рынку. Піша пра пасляваенныя сутычкі паміж падлеткамі з розных вуліц горада: часам нават з выкарыстаннем боепрыпасаў часоў вайны.

«Ёсць запісы, як ён з сябрамі падрываў чыгунку з дапамогай міны — так гулялі ў партызанаў. Ёсць гісторыя, як ён з лепшым сябрам тапіў школьны журнал, скінуўшы яго са Старога моста. Шмат усяго цікавага, але мяне больш за ўсё ўразілі ваенныя і пасляваенныя падзеі ў Гродне».

Так апісвае Леанід Калупайла падзеі пасля вызвалення Гродна ў ліпені 1944 года:

«Вайна бушавала ў Польшчы, Чэхаславакіі, савецкія войскі рваліся ў Германію. Вайна нябачна працягвалася і ў нас. Усё было нашпігавана боепрыпасамі: бомбамі, снарадамі, толам, гранатамі і іншай рознасцю. У асноўным пакутавалі дзеці - адрывала рукі, ногі, выбівала вочы і наогул забівала. У бальніцах былі палаты у якіх ляжалі „стральцы“, так называлі тых хто няўдала разбіраў бомбу ці гранату. Мы, дзеці, не ўсведамлялі ўсёй небяспекі і бяды, гуляючы з боепрыпасамі, хоць і ведалі пра іх разбуральныя дзеянні, думаючы, што з намі нічога дрэннага не здарыцца. Усе хваляванні і трывогі выпалі на нашых бацькоў».

Фотаапарат — найлепшы кампаньён

У сваіх запісах Леанід Калупайла таксама ўзгадвае падарожжы па Савецкім саюзе. Каля 40 гадоў гродзенец прапрацаваў на шклозаводзе і ў якасці прэміі за добрую працу яму падарылі фотаапарат. Ён стаў яго найлепшым кампаньёнам ва ўсіх падарожжах.

«Я прачытаў дзённікі дзеда, прагледзеў сямейны фотаархіў - і мне прыйшла ідэя фотапараўнаннях. Вялікая частка фатаграфій была зробленая да будаўніцтва драмтэатра і да рэканструкцыі моста. Таму мне зараз вельмі цікава назіраць, як змяняецца горад».

На дадзены момант гатовыя параўнанні з цэнтра горада. На чарзе гасцініца «Беларусь» і стадыён. Вадзім хоча аднавіць стары савецкі фотаапарат ФЭД 5 В, на які здымаў дзед, і карыстацца ім для здымак.

У лютым 2020 года Вадзім адкрыў сваю першую выставу ў фотаклубе «Гродна». Ён ездзіў па маршруце 35 аўтобуса і фатаграфаваў пасажыраў. Сваю выставу Вадзім так і назваў - «35-ы маршрут». У будучыні гродзенец плануе зрабіць выставу фотапараўнанняў старых фота, якія зрабіў больш за 50 гадоў таму яго дзед.

«У канцы сваіх рукапісаў дзед пісаў, што ён пражыў вельмі яркае і насычанае жыццё, прасіў не забываць свае карані. Яго гісторыя мела сваю ролю ў станаўленні мяне як асобы. Я стаў актыўна цікавіцца гісторыяй не толькі сваёй сям'і, але і горада. Шмат фатаграфую».

Зараз Вадзім рыхтуецца да паступлення ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на факультэт экранных мастацтваў (спецыяльнасць — кінатэлеаператар).

Гродзенец прачытаў дзённікі дзеда: цяпер робіць фотапараўнанні горада 1970-х і сёння
Вадзім Калупайла

Чытайце таксама: Гродненец стал заниматься генеалогией и обнаружил в центре Гродно семейный дом. Но вернуть его пока нереально