Ужо былая студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы (ГрДУ) Марыя Седышова магла б рыхтавацца да пачатку навучання на трэцім курсе. Замест гэтага ёй давялося тэрмінова збіраць рэчы і хавацца ад крымінальнага пераследу. Ксенія Каменка з’ехала ў Варшаву і падалася на праграму Каліноўскага. Наталля прызналася ў рэгістрацыі ў чат-боце «План Перамога» і з’ехала праз крымінальную справу. Якая атмасфера была ва ўніверсітэце апошнія два гады і што змянілася, тры студэнткі расказалі Hrodna.life.

Марыя паступіла на першы курс спецыяльнасці «Фізіка (навукова-педагагічная дзейнасць)» Фізіка-тэхнічнага факультэта ГрДУ ў канцы жніўня 2020 года — падчас паслявыбарчых пратэстаў. Яна падпісала петыцыю супраць гвалту падчас і пасля выбараў у Беларусі.

 — Я пачала займацца навуковай дзейнасцю і, калі можна так сказаць, проста хавалася ў лабараторыі. Гэта было адзінае месца, дзе я адчувала сябе камфортна, спакойна і бяспечна, — расказала пісьмова Марыя Hrodna.life.

Што адбылося ў ГрДУ з 2020 года

 — Рэктарка паабяцала падтрымаць студэнтаў і супрацоўнікаў, пацярпелых пры затрыманні сілавікамі, але не стрымала абяцанне,

 — Некаторых студэнтаў выклікалі на дысцыплінарную камісію і пагражалі выключэннем з ВНУ,

 — У верасні 2020 года затрымалі студэнтаў, якія збіраліся спяваць песні,

 — За адзіночны пікет затрымалі былую студэнтку. Раней яе адлічылі, калі яна легла на аперацыю,

 — Студэнта затрымалі, у міліцыі азнаёмілі з загадам аб аблічэнні і ўручылі позву ў войска,

 — Маргарыта Шыша вучылася на чацвёртым курсе факультэта дызайну і атрымлівала павышаную стыпендыю. Яе адлічылі 27 кастрычніка 2020 года за грамадзянскую пазіцыю: спявала «Купалінку» і хадзіла па ўніверсітэце з бел-чырвона-белым сцягам.

 — Не падоўжылі кантракт шэрагу выкладчыкаў: Валянціну Аскірку, Аляксандру Мурашову, Альбіне Семянчук. Сяргей Марозаў напісаў заяву на звальненне сам.

 — Кандыдата педагагічных навук, дацэнта Марыну Салтыкову-Валковіч звольнілі з ГрДУ, у якім яна прапрацавала больш за 20 гадоў на кафедры педагогікі і псіхалогіі дзяцінства.

 — Telegram-канал «ГрГУ — Перемен» прызналі экстрэмісцкім.

Чытайце таксама: Рэпрэсіі ў ГрДУ пачаліся не ў 2020-м. На YouTube з’явілася відэа пра доўгую гісторыю пераследу ва ўніверсітэце

Марыя была старастай у групе. Яна не арганізавала сваю групу на Масленіцу. «Неабходна было сабраць пэўную колькасць чалавек ад кожнай групы. Ад нашай групы было менш за ўсё і ў гэтым была вінаватая я, паколькі я не прымусіла паўдзельнічаць у мерапрыемстве». Пасля гэтага, па словах Марыі, ёй патэлефанавала на той момант намесніца дэкана па выхаваўчай рабоце. Яна паведаміла, што іншыя групы крыўдзяцца на іх за тое, што яны не ідуць на свята. На думку Марыі, гэта намесніцы дэкана не спадабалася і яна пачала «вастрыць зуб» на яе.

Пра прымус да ўдзелу ў гарадскіх мерапрыемствах казала і адлічаная з трэцяга курса спецыяльнасці «Гісторыя» факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму студэнтка Ксенія Каменка. З яе словаў, адміністрацыя маніпулявала рэйтынгам, засяленнем у інтэрнат. З той жа матывацыяй прымушалі ісці галасаваць, рабіць прышчэпку, наведваць аўтапрабегі «за сильную и процветающую», сустрэчы з Каранікам і Караевым. «Хтосьці хадзіў, хтосьці не хадзіў - у каго якая мэта».

Рэдакцыі вядома пра некалькі выпадкаў, калі студэнтаў розных навучальных установаў прымушалі хадзіць на гарадскія святы. У выпадку няяўкі маглі пагражаць адлічэннем або даваць «бонусы» — напрыклад, закрываць пропускі.

Чытайце таксама: «Напіцца і забыцца», бытавуха і Саладуха. Што не так з гарадскімі святамі ў Гродне

Выклікалі на размовы, прасіла «адпісацца і не лайкаць»

У канцы зімы-пачатку вясны 2021 года на факультэце праходзіў сход з рэктарам ГрДУ Ірынай Кітуркай. Марыя задала ёй пытанне пра тое, хто і па якім прынцыпе выбіраў студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта дэлегатамі на Усебеларускі народны сход.

«Выразнага адказу на пытанне я не атрымала. Але калі прагучала маё пытанне, твар намесніцы дэкана па выхаваўчай рабоце стаў вельмі бледным, а вочы павялічыліся ў некалькі разоў. Усё пайшло не паводле яе плану». Рэктарка заявіла, што корпус фізіка-тэхнічнага факультэта — самы «страшны», а прычына гэтаму — студэнты. У лютым 2022 года Марыя напісала рэктарцы зварот наконт стану корпусу факультэта, што стала прычынай незадаволення дэкана.

Пра гэтае пытанне ў сакавіку казаў дэкан факультэта Генадзь Гачко, які выклікаў Марыю на размову. Ён намякаў на сувязь Марыі з Telegram-каналам «ГрГУ-Перемен», дзе задаваліся падобным пытаннем. Гачко ж не дазволіў, па словах Марыі, уладкавацца ў школу настаўніцай фізікі ў канцы лета 2021-га. Нібыта ў студэнткі яшчэ не было неабходных для працы ў школе дысцыплін. Марыя ж ведае выпадкі, калі студэнты яе спецыяльнасці 2 курсу працавалі ў школе — гэта залежыла ад дэкана. У снежні Гачко зноў выклікаў студэнтку на размову, падчас якой прасіў адпісацца ад «экстрэмісцкіх» акаўнтаў у Instagram.

Прасілі адпісацца і не лайкаць Telegram-канал і студэнтку філфака Наталлю (імя зменена, паколькі дзяўчына непакоіца за бяспеку родных — Hrodna.life) — у лістападзе-снежні 2021 года. Яе загадчыца кафедры выклікала на размовы і скардзілася на паводзіны Наталлі яе маці. Хоць пасля кастрычніка 2020 года «бачныя пратэстныя настроі» ва ўніверсітэце з’ехалі на нішто, ёй вядома пра выклікі ў аддзел бяспекі.

Усе тры студэнткі сутыкаліся з выклікамі на размову ў дэканат, сачэннем у сацсетках, званкамі з аддзела бяспекі і запрашэннем на гутарку.

Рэдакцыя Hrodna.life адправіла пісьмовы запыт у прэс-службы ўніверсітэта і спытала аб абставінах адлічэння студэнтаў і пра факты, якія яны расказваюць. Праз два тыдні - тэрмін, за які па заканадаўству інстанцыя павінна адказаць — ліст адтуль не прыйшоў.

Затрыманне і допыты

27 лютага 2022 года Седышова выйшла на антываенны пікет. Яе затрымалі каля Фарнага касцёла ў Гродне. Без тлумачэнняў пікетоўцаў пасадзілі ў бус і павезлі. Хлопца, які паспрабаваў абараніць сваю дзяўчыну, паклалі тварам у падлогу і на працягу ўсёй паездкі штурхалі рукамі.

Hrodna.life невядома пра затрыманне менавіта каля Фарнага касцёла, але ў цэнтры сапраўды прайшоў шэраг затрыманняў. На вул. Кастрычніцкай дзяжурыла міліцыя з аўтазакам.

«З намі размаўляў адзін з АМАПу. Я пачала адказваць на яго пытанні на [беларускай] мове, на што ён пачаў перакрыўляць мяне і наязджаць з пытаннямі, чаму я не магу нармальна размаўляць. Да Машы прычапіўся за надпіс на яе масцы „Быць чалавекам“. На працягу ўсёй паездкі чытаў мараль пра тое, што мы сапсавалі сабе будучыню, а таксама сабе і сваім бацькам паламалі жыццё», — расказала Наталля.

Затрыманні ў дзень рэферэндуму 27 лютага. Фота: чытач Hrodna.life
Затрыманні ў дзень рэферэндуму 27 лютага. Фота: чытач Hrodna.life

Затрыманых даставілі ў Гродзенскі РАУС на Азёрскай шашы. Участковы апісаў рэчы Марыі і склаў пратакол. Пасля давялося размаўляць з трыма прадстаўнікамі ГУБАЗіКа. Дакументы яны не паказалі. Спачатку яны спачувалі, казалі «Маша, ну мы ж з табой усё разумеем», пыталі пра адносіны да дзеючай улады. Пасля пачалі падвышаць тон, паграджаць — маўляў, яе сяброўка ўжо прызналася, што пісала ў чат-бот «План Перамога» і «сядзе ў турму надоўга». Узламалі Telegram Марыі, знайшлі там чат-бот і пыталі, ці не праходзіла яна яго.

Марыя не прызналася ў гэтым і ў выніку падпісала папярэджанне аб нераспаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Прымусілі пісаць «яўку з павіннай» і «чыстасардэчнае прызнанне»

Сяброўка Марыі - Наталля — падпісала «яўку з павіннай».

 — Адразу паставілі ўмову: ці я разблакоўваю ім тэлефон добраахвотна і, калі там нічога не знаходзяць, то ўжо ў гэты дзень мяне вызваляюць, ці 100% арышт на 15−30 сутак. Перад выхадам на акцыю я ўжо пачысціла тэлефон, Telegram, кэш, і мне здавалася, знайсці там не было чаго. Але я зусім не думала пра бот «Перамога», у якім рэгістравалася амаль год таму на той момант. Сам бот захаваўся ў гісторыі акаўнта, нягледзячы на тое, што ён быў выдалены. Зыходзячы з гэтай знаходкі, мне пачалі пагражаць крыміналкай і сесці на пяць-сем гадоў. На маё пытанне, па якім артыкуле, адказалі не адразу, а палезлі ў тэлефон, што мяне вельмі насмяшыла.

<…> У працэсе я напісала яўку з павіннай з нагоды таго, што рэгістравалася ў боце, — расказала Наталля.

У РАУСе ў Ксеніі забралі тэлефон. Двое супрацоўнікаў папракнулі яе тым, што праз яе яны зараз на працы, а не дома з дзецьмі. Маўляў, чаго ей няймецца? Склалі пратакол, «груба» правялі агляд — прымусілі распрануцца да бялізны.

Пазней яе адвялі на допыт у ГУБАЗіК. Там спыталі, як Ксенія рэгістравалася ў плане «Перамога» і прапанавалі напісаць чыстасардэчнае прызнанне. Калі не напісала — маўляў, яе забярэ супрацоўнік КДБ і прыменіць сілу.

«Рэгістравацца я можа і рэгістравалася, але не памятала», — кажа Ксенія. Ёй паказалі спіс ботаў у яе тэлефоне — там быў чат-бот «Перамога». У выніку Ксенія напісала «чыстасардэчнае». «Пастаянны мат, пастаянныя прыніжальныя выказванні ў адрас апазіцыі, адраз мяне, тых, што з’ехаў. Было жудасна непрыемна». Пасля гэтага пачалі распытваць, якой пазіцыі прытрымліваюцца яе сваякі. Папракнулі тым, што не глядзіць на YouTube дзяржаўныя каналы.

Абяцалі прыгожыя віды — але падманулі

Студэнтак адвезлі ў СІЗА пры турме № 1. Пра тое, што большасць затрыманых 27 лютага даставілі на Кірава, 1 паведамлялі і крыніцы Hrodna.life.

Марыя правяла ў камеры двое сутак. Кармілі затрыманых «нядрэнна». Толькі хлеб было немагчыма есці, хоць выглядаў ён «апетытна». З яго дзяўчыны рабілі ігральныя косьці і фігуркі. Адзін раз яны прачнуліся у 6.00 пад гімн. Акрамя гімна, можна было пачуць бесперапынны брэх сабак, стук і грукат за дзвярыма, гучнае радыё і размовы супрацоўнікаў - камера знаходзілася каля дзяжурнага паста.

1 сакавіка яе асудзілі па арт. 24.23 ч.1 КаАП РБ і далі штраф 50 базавых велічынь (1600 рублёў). Таксама яна павінна была аплаціць 32 рублі за ізалятар — «мінус пяцізоркавы гатэль». Столькі ж атрымалі Ксенія і Наталля.

“Маша, ну мы ж з табой усё разумеем”. Як студэнткі ГрДУ выйшлі на антываенны пікет і ўцяклі ад крымінальнай справы
Блізкія затрыманых каля ізалятара на Кірава, 1 28 лютага. Фота: Telegram-канал «Право имеют»

«Я спытала, ці паеду я дамоў сёння. Мне сказалі: «Не»

2 сакавіка Марыя павінна была пайсці на вучобу ва ўніверсітэт у другую змену. «Але не атрымалася: калі мая матуля даведалася, што маю сяброўку раніцай у сераду [2 сакавіка — Hrodna.life] забралі з дому нейкія людзі і кудысьці звезлі, мы хуценька сабралі ўсе неабходныя рэчы і з’ехалі з нашай кватэры да сваякоў. На вучобу ў гэты дзень, я, канешне, не пайшла. Вядомыя выпадкі, калі студэнтаў выклікаюць на размову да дэкана, а там сядзяць яшчэ якія-небудзь людзі ў цывільным, якія могуць схапіць студэнта і пацягнуць праз задні двор у бус і звезці ў невядомы напрамку», — лічыць Марыя. 8 сакавіка да Марыі прыехалі супрацоўнікі Следчага камітэта і гадзіну чакалі іх пад пад’ездам.

2 сакавіка Ксенія прыйшла ва ўніверсітэт. Яе выклікалі ў дэканат. Там вельмі хутка ў дзверы пастукалі і ўвайшлі два супрацоўнікаў ГУБАЗіК не па форме, якія забралі Ксенію ў аддзяленне на вул. Ажэшкі. Там з ёй запісалі «пакаяннае відэа» і адвезлі ў Следчы камітэт. Там ёй паказалі крымінальную справу па арт.342 КК.

“Маша, ну мы ж з табой усё разумеем”. Як студэнткі ГрДУ выйшлі на антываенны пікет і ўцяклі ад крымінальнай справы
Ксенія Каменка. Фота: гераіні

«У мяне быў моцны спалох, хваляванне, нервы. Я спытала, ці паеду я дамоў сёння. Мне сказалі: «Не». Ёй заявілі, што затрымаюць мінімум на 15−30 сутак. «Пачалі дзіўна жартаваць: вось, пасядзіш, такая прыгажуня. Было жахліва непрыемна». Ксенія засталася ў статусе сведкі. Пасля гэтага яе адпусцілі.

Яшчэ тыдзень Ксенія хадзіла ва ўніверсітэт. 18 сакавіка яе выклікалі на Савет прафілактыкі. На той момент іншыя затрыманыя студэнткі з’ехалі з краіны, а Ксенія не магла. За яе заступіліся: восем чалавек прагаласавалі «за» адлічэнне Ксеніі, сем — супраць. Большасць выкладчыкаў падтрымалі Ксенію і параілі з’ехаць. Паводле яе інфармацыі, тым, хто галасаваў супраць яе адлічэння, пагражалі звальненнем. Рашэннем ад 4 красавіка яе адлічылі. 30 сакавіка Ксенія падалася на гуманітарную візу. Бацькі не падтрымалі яе — трэба было вырашаць усё самой. 24 красавіка віза была гатова. 4 траўня Ксенія выехала.

Да Наталлі прыехалі праз дзень пасля выхаду з ізалятара. Дома правялі вобшук. «Павезлі на допыт у якасці падазраванай па крымінальнай справе. У СК ў чаканні адваката мяне завялі ў калідор запісваць пакаяннае відэа. Я маўчала 30 секунд на камеру і мужык, які вывеў мяне, проста адпусціў назад. Потым мой следчы нешта пагартаў у маёй справе, кудысьці схадзіў, вярнуўся і сказаў, што я ўжо не падазраваная, а сведка. Пасля допыту ў якасці сведкі з адвакатам мяне адпусцілі, і я ў той жа дзень з’ехала з Беларусі», — расказала Наталлі.

Чытайце таксама: Позву ўручылі ў міліцыі. Адлічанага студэнта з ГрДУ пасля сутак забяруць у армію

«Я не бегла ад універсітэта, я бегла ад турмы»

Марыя вырашыла экстрана з’ехаць з краіны праз крымінальную справу, якая «вісела» над ёй. «Працягнуць вучобу я не магла. Адміністрацыя ўніверсітэта хацела, каб я сама забрала дакументы і адлічылася, але я не бегла ад універсітэта, я бегла ад турмы, якая мне пагражала. У мяне не было магчымасці пайсьці на вучобу, таму што ў любы момант за мной маглі прыйсці. <…> Сёння я буду праходзіць па крымінальнай справе як сведка, а заўтра — як падазраваная. На якую халеру яно мне патрэбна?»

Следчы камітэт яшчэ 27 лютага распачаў крымінальныя справы за грубае парушэнне грамадскага парадку, супраціў праваахоўнікам і заклікі да такіх дзеянняў (ч. 1 арт. 342 КК рб «Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Справа дакладна расследавалася ў Мінску. Ці распачалі такую справу ў Гродне, крыніцы рэдакцыі не ведалі.

Марыю адлічылі за «сістэматычнае невыкананне абавязкаў навучэнцам, якое выявілася ў нарушэнні Правілаў унутранага распарадку для навучэнцаў (п. 41.23) і прымяненні раней да навучэнца меры дысцыплінарнага спагнання (загад рэктара ад 11.03.2022 № 40)». Яна сцвярджае, што студэнты прагульвалі і больш — але іх не адлічвалі. Яна ж была адной з найлепшых студэнтак у групе. Яе адзнакі былі вышэйшымі, чым у астатніх студэнтаў, хаця не ўсе — на 9 і 10. З другога курсу Седышова адна з групы пачала займацца навуковай дзейнасцю. Дакументаў, якія б пацвердзілі гэта, у Марыі не засталося.

“Маша, ну мы ж з табой усё разумеем”. Як студэнткі ГрДУ выйшлі на антываенны пікет і ўцяклі ад крымінальнай справы
Марыя Седышова падчас удзелу ва ўніверсітэтскіх мерапрыемствах. Фота: гераіні

 — З універа маёй маме патэлефанавалі праз пару дзён [пасля ад’езду], цікавіліся, што адбылося і адразу прапанавалі самастойна мне напісаць і адправіць праз беларускую амбасаду заяву на адлічэнне па ўласным жаданні - хоць мама ім не казала пра тое, што я з’ехала. Пасля двух тыдняў, калі мы з Машай ужо былі разам у Грузіі, мы даведаліся, што ва ўніверсітэце была праведзеная прафілактычная гутарка з Ксеніяй, дзе ёй згадвалі пра нас, і казалі, што ўсіх адлічаць, — расказала Наталлі.

«Мару быць сапраўднай настаўніцай»

Цяпер Марыя жыве ў Беластоку. Яна трапіла сюда праз Расію і Грузію — на момант ад’езда ў яе не было візы. Яе прыяцелькі чакаюць на стыпендыю Каліноўскага ў Варшаве.

 — Беласток я абрала адразу, нават не разглядаючы іншых гарадоў Польшчы. І я не памылілася, таму што Беласток вельмі падобны да Горадні - менавіта таго горада, у якім я пражыла ўсё сваё жыццё, — кажа Марыя. — У Беластоку жывуць мае добрыя знаёмыя і сябры, і наогул тут ёсць вельмі шмат беларусаў, гарадзенцаў. Гэта таксама адна з галоўных прычын, чаму я менавіта тут.

Яшчэ ў Грузіі Марыя падалася на стыпендыяльную праграму імя Кастуся Каліноўскага для рэпрэсаваных студэнтаў, але потым вырашыла паступаць ва ўніверсітэт сама. Маючы карту паляка, узровень польскай мовы В2 і сярэдні бал атэстата 9,7, яна падала дакументы на факультэт фізікі, спецыяльнасць «Фізіка» (з агульным профілем). На дадзены момант Марыя — студэнтка першага курсу Беластоцкага ўніверсітэта.

 — Нягледзячы на абставіны, я была ўпэўнена ў тым, што буду працягваць вучобу па сваёй спецыяльнасці - мару быць сапраўднай настаўніцай ці выкладчыцай фізікі. Я зрабіла выбар адносна маёй будучай прафесіі ў 2020 і з таго моманту ў маёй галаве ніводнага разу не ўзнікала думак, каб яго змяніць, — расказала Марыя. — Ну, і проста цікава паглядзець, як у іх тут усё працуе.