Штомесяц у Гродне праходзяць аўкцыёны па продажы зямельных участкаў. Прадаюцца як участкі на ўскраінах — для будаўніцтва прыватных дамоў, так і зямля ў самым цэнтры — пад будынкі грамадскага прызначэння. Hrodna.life параўнаў цэны і высветліў, што самыя лепшыя ўчасткі пад катэджы даражэйшыя нават за зямлю пад офісы ў самым цэнтры горада.

Гродзенская «Рублёўка»

У 2009 годзе ў Каложскім парку пачалі з’яўляцца новыя вуліцы. Зямля на іх стала самай дарагой у горадзе. Гэты раён нават пачалі называць гродзенскай Рублёўкай. Участкі абыходзіліся ўласнікам у суму каля 50 000 долараў.

Нягледзячы на тое, што цэны на нерухомасць за апошнія гады знізіліся, цана ўчастка пад дом у гэтым месцы на аўкцыёне ў верасні 2018 года склала 97 200 рублёў - каля 46 000 долараў. За ўчастак змагаліся ажно шэсць патэнцыйных пакупнікоў! Пачатковая цана была амаль у два разы ніжэй — 56 547 рублёў.

Цана зямлі ў Гродне: зямля пад офіс на Замкавай таннейшая за ўчасткі пад дамы
Забудова ў Каложскім парку

Паўднёвы танней, Забалаць амаль бясплатна

У лістападзе ўчасткі ў мікрараёне Паўднёвы пры стартавай цане каля 10 000 долараў былі прададзены за 15 000−21 500 долараў. А вось участак у Забалаці, на які прэтэндаваў толькі адзін пакупнік, абышоўся ў суму каля 7500 долараў.

Зямля для камерцыйнага будаўніцтва — не нашмат даражэй

Аўкцыёны па продажы зямлі ладзяцца некалькі разоў у месяц. Апроч участкаў для прыватнай забудовы ў лотах часам з’яўляюцца ўчасткі для камерцыйнага будаўніцтва ў самым цэнтры горада.

У 2017 годзе літоўскаму інвестару быў прададзены цэлы сквер па вуліцы Замкавай. У 2019 годзе там распачнецца будаўніцтва гандлёва-офіснага цэнтра.

[irp posts="83 500″ name="Сквер за «тэкстылямі» перажывае апошнюю восень: там пабудуюць офісны цэнтр. Што думаюць гродзенцы?"]

Кавалак зямлі ў прывабным месцы абышоўся інвестару ў суму каля 65 000 долараў. Гэта не нашмат даражэй за ўчасткі ў Каложскім парку, прызначаныя для будаўніцтва прыватных дамоў.

Цана зямлі ў Гродне: зямля пад офіс на Замкавай таннейшая за ўчасткі пад дамы
Участак памерам 0,1484 га прадалі за 65 000 долараў

За шэсць сотак у цэнтры — 58 000 рублёў

У набліжэйшы час на таргах з’явіцца яшчэ адзін участак зямлі ў цэнтры. Аўкцыён па продажы зямлі павінен быў адбыцца 13 кастрычніка, аднак з-за таго, што ўмовы змяніліся, быў перанесены на снежань.

Цана зямлі ў Гродне: зямля пад офіс на Замкавай таннейшая за ўчасткі пад дамы

[irp posts="90 513″ name="Услед за Міцкевіча і на Маставой знеслі стары дом"]

Будучы ўладальнік участка павінен быў знесці пусты закінуты дом, але горад разбурыў будынак за свой кошт. З-за гэтага прыйшлося ўнесці папраўкі ў горадабудаўнічы пашпарт участка. Іншыя ўмовы засталіся без змен: пачатковая цана за 6 сотак у цэнтры складае амаль 58 тысяч рублёў. Там можна пабудаваць двухпавярховы адміністрацыйны будынак з мансардным паверхам.

Патэнцыйны пакупнік ужо ёсць.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]