У Мінску было «Хутка Смачна», у Баранавічах — «Лодачка», а ў Гродне — «Калабкі». Лакальны гродзенскі фастфуд праіснаваў 11 гадоў. У лістападзе 2020 года апошняя кропка «Калабкоў» закрылася. Адзін са стваральнікаў першага фастфуду ў Гродне Аляксандр Гаварухін распавёў журналісту Hrodna.life, як з’явіліся і чаму закрыліся «Калабкі».

Ля вытокаў «Калабкоў» стаяла трое гродзенцаў. Сярод іх — Аляксандр Гаварухін. Першае кафэ адкрылася на Савецкіх пагранічнікаў, 31 у 2010 годзе. Апошняе Аляксандр закрыў у парку Жылібера ў лістападзе 2020 года.

Шлях у грамхарч

У 1997 годзе Аляксандр вярнуўся ў Гродна з войска. Паспрабаваў зрабіць вайсковую кар’еру і пайшоў на кантракт, але прапрацаваў усяго паўгода. Пасля звальнення ён знайшоў працу ў прыдарожным кафэ «Блюз» каля беларуска-польскай мяжы.

«Так пачаўся мой досвед у грамадскім харчаванні. У тым кафэ я пазнаёміўся з будучым кампаньёнам Юрыем і іншымі цікавымі людзьмі. Гарадскія пра кафэ мала ведалі, але тыя, хто быў звязаны з мяжой, там часцяком бывалі. Асабліва пасля начных гулянак да нас прыязджалі за дабаўкай. У горадзе ўсё ўжо зачынялася, а мы працавалі да раніцы».

Праз некалькі месяцаў «Блюз» закрыўся. Аляксандр і Юрый засталіся без працы. Тады ў Гродне развіваўся бізнэс па продажы куранят-грыль. У горадзе стаялі вагончыкі, у якіх пяклі і прадавалі птушку.

«У гэты бізнес мы зусім выпадкова трапілі. Былі маладымі і галоднымі да працы. Дапамаглі ўласніку развіць яго прадпрыемства — павялічылі продажы. Пры гэтым мы зараблялі добрыя грошы».

Досвед у Англіі і бізнес у Гродне

У канцы 1990-х Аляксандр з’ехаў на заробкі. Спачатку працаваў на будоўлі ў Польшчы, а потым перабраўся ў Англію, дзе ўладкаваўся ў KFC. Праз год Аляксандр ужо працаваў кухарам на кухні пяцізоркавага гатэля.

«Пачынаў звычайным мыйшчыкам посуду, потым праца была цікавейшая. У Гродна я вярнуўся ў 2003 годзе. Вядома, Англію і Беларусь было не параўнаць, каласальная розніца ва ўсім. Я як паглядзеў на родны горад, так вырашыў з’ехаць далей на заробкі. На гэты раз абраў Маскву. Там быў чатыры гады».

У Расіі Аляксандр працаваў у будаўніцтве і ў навукова-вытворчай фірме. У 2007 годзе ён зноў вярнуўся ў Гродна. Тут ён вырашыў заняцца бізнесам са старым прыяцелем Юрыем, з якім некалі пачынаў працаваць у «Блюзе».

«Сустрэліся з Уладзімірам — новым уласнікам бізнесу з куранятамі-грыль. Ён на той момант прытаміўся ад яго. Мы з Юрам спыталі: можа, ён проста хоча адысці ад спраў, а мы б самі займаліся яго бізнесам і ён бы атрымліваў сваю долю? Абгаварылі ўсе нюансы і ўзяліся за працу».

Аказалася, ва ўласніка кропак з курамі быў яшчэ адзін бізнес з блінамі. Ён дзяліў яго з іншым кампаньёнам.

«Гэты чалавек збольшага загнаў фірму ў пазыкі. У „прычэпе“ Уладзімір аддаў нам гэтыя бліны. Мы, каб не ўкараняцца ва ўсялякія нюансы, з Юрам усё падзялілі. Я пачаў займацца курамі, а ён узяўся за бліны».

Першыя «Калабкі»: безалкагольнае кафэ са зручнай лагістыкай для аўто

Калі ўзяліся за бізнэс, тады і пачаліся праблемы з дзяржавай, успамінае Аляксандр. Перавазныя вагончыкі з ежай, фактычна, забаранілі. Хлопцам даводзілася сустракацца з чыноўнікамі і пераконваць іх, што горад мае патрэбу ў такіх кропках грамадскага харчавання.

«Пасля доўгіх спрэчак прыйшлося шукаць стацыянарнае месца. Ва Уладзіміра на Савецкіх пагранічнікаў быў пятак зямлі з вагончыкам, дзе прадавалі бліны. Побач была залітая падушка з бетону. Я прапанаваў пабудаваць там безалкагольнае кафэ, дзе мы маглі б прадаваць сваю прадукцыю. На той момант было відавочным, што горад мае патрэбу ў месцы з хуткім харчаваннем і зручнай лагістыкай для аўтамабіля».

Первые "Колобки" в Гродно на Советских пограничников. Фото из архива Александра Говорухина
Першыя «Калабкі» у Гродне. Фота з архіва Аляксандра Гаварухіна

Аляксандр адзначае, што ў 2010-м машына для гродзенцаў не лічылася раскошай. Для многіх гэта быў звычайны штодзённы транспарт.

«Хацелася зрабіць кафэ, каб людзі прыязджалі на машыне, рабілі замову і хутка яе забіралі. На момант адкрыцця кафэ на Савецкіх пагранічнікаў у нас ужо ў кожнага было па бізнесе, з якога мы зараблялі грошы. Я займаўся павільёнамі з куранятамі грыль, а Юра рабіў бліны на сваіх кропках. З гэтых бізнэсаў мы зарабілі грошы і адкрылі стацыянарнае кафэ».

Назву не маглі прыдумаць амаль паўгода

Першую ўстанову кампаньёны будавалі блізу года. «Калабкі» адкрыліся 31 сакавіка 2010 года. Праўда, тады яшчэ гэта было кафэ без назвы. Яно падзялялася на дзве часткі: у адной прадавалі бліны, у другой — бульбу фры і курыцу.

«Праз тры тыдні пасля адкрыцця кафэ я прыехаў на Савецкіх пагранічнікаў і праслязіўся. Гэта быў поспех. Машыны стаялі ў вялікай чарзе — аж да басейна „Лазурны“».

Многія ў Гродне спачатку не верылі ў поспех «Калабкоў». Асноўнае пытанне было: як працаваць без алкаголю?

«Выявілася, людзям патрэбна была проста добрая кава ў звычайным папяровым посудзе, да чаго мы потым і прыйшлі. Нават пастаўшчыкам посуду плацілі перадаплату, каб нам яго прывозілі з-за мяжы. Як аказалася, бліны былі запатрабаваныя таксама, потым з’явіліся гамбургеры і бульба фры. На той момант у горадзе ніхто гэтым не займаўся, ніхто гэта не прапаноўваў. А мы адкрылі, і велізарную колькасць бульбы прадавалі. Гэта была наша першая кропка».

Аляксандр лічыць, што «Калабкі» былі асноўным трыгерам для развіцця грамхарчу ў Гродне. Назву для свайго кафэ кампаньёны доўга не маглі прыдумаць. Каля пяці месяцаў установа працавала без назвы.

«За гэты час нас паспелі празвалі „наш маленькі Макдональдс“. Потым мы селі гутарыць з Юрам на гэтую тэму. Я прапанаваў назву „Калабок“, ён прапанаваў „Калабкі“. На апошнім і сышліся».

«Бярозка» ў парку і кафэ на Савецкай

Пасля паспяховага старту кампаньёны сталі абдумваць пашырэнне бізнесу. Яны марылі адкрыць некалькі кропак грамадскага харчавання ў розных частках горада.

«Трэба было хутка рухацца і займаць месца, бо кафэ хуткага харчавання былі вельмі запатрабаваныя ў Гродне. Мы пачалі ставіць аб’екты ў горадзе, дзе можна было. Юра займаўся вагончыкамі, а я ўклаўся ў нерухомасць».

Наступныя стацыянарныя «Калабкі» адкрыліся ў парку Жылібера. Горад выставіў на аўкцыён будынак папулярнага ў мінулым кафэ «Бярозка», і кампаньёны яго купілі.

«„Бярозка“ пасля продажу была ў жаласным стане, мы ўсё там перараблялі. Спачатку працавалі ўдваіх з Юрыем. Зрабілі два аддзелы, як і ў першым кафэ на Пагранічнікаў. Але потым мы ўзялі яшчэ адно памяшканне на вуліцы Савецкай каля Моладзевага цэнтра „Гродна“ і вырашылі падзяліцца. У нас ужо былі свае інтарэсы. Я застаўся ў парку, а Юрый узяў кафэ на Савецкай».

Выхад на сталіцу: чаму спроба ў Мінску была няўдалай

Поспех і папулярнасць «Калабкоў» у Гродне Аляксандр звязвае з тым, што яны зрабілі ўсё своечасова. Пасля ўдалых трох гадоў працы ў Гродне кампаньёны вырашылі выходзіць на новы рынак. Яны перабраліся ў Мінск.

«На жаль, гэта быў няўдалы вопыт. Мы не разумелі тады, што такое вайна ў суседняй дзяржаве — Украіне. Гэта было пачатак 2014 года, неўзабаве узляцеў еўра. Відавочна, трэба было сябе стрымліваць, не трэба было рвацца. На піку ставак па арэндзе зайшлі ў сталіцу. Я арандаваў два памяшканні, купілі спецыяльны транспарт для работы і абсталяванне для кафэ. Шмат дроў наламалі і ў выніку адкрылі тры ўстановы ў Менску. А ў 2016 годзе ўсё добра скончылася».

Калі падскочыў еўра, Аляксандр з кампаньёнам прасілі мінскіх арэндадаўцаў пайсці на саступкі. Гродзенцы тлумачылі, што могуць зачыніцца, але іх пачулі толькі тады, калі яны вырашылі пакінуць бізнэс у сталіцы.

Кафе "Колобки" в Минске. Фото из архива Александра Говорухина
«Калабкі» ў Мінску. Фота з архіва Аляксандра Гаварухіна

«Мы былі выматаныя, выціснутыя і нічога не хацелі. Вядома, быў крэдыт на кафэ ў Мінску, які вельмі моцна нас падбіў. За пяць гадоў ён высмактаў з нас вельмі шмат сродкаў. Ён заканчваўся ў лістападзе 2020 года і, каб яго закрыць, давялося ў выніку прадаць аўтамабіль. Там заставалася $ 15 000».

Аляксандр дадае, што бізнес у Мінску не атрымаўся яшчэ праз тое, што ён не змог стварыць там працоўны калектыў. Кажа, не знайшоў зацікаўленых і адказных людзей.

«Я браў там кіраўніка аб’екта тры разы і нічога не атрымлівалася. Кожны раз абсалютна незацікаўленыя людзі. Падбор персаналу — гэта заўсёды задача нумар адзін. Як толькі вы ставіце побач абыякавага чалавека, якому абыякава гэтая праца, вы адразу ж падаеце ўніз».

Праблемы ў Гродне

Пасля няўдалай спробы заваяваць Мінск пачаліся праблемы з «Калабкамі» ў Гродне. У 2017 годзе ў горадзе было чатыры кафэ хуткага харчавання гэтай сеткі, але з часам кампаньёны сталі закрываць установы. Апошнія «Калабкі» ў парку Жылібера зачыніліся ў лістападзе 2020 года.

«Я спакойна зараз развітаўся з усім гэтым бізнэсам. Ні аб чым не шкадую і адраджаць „Калабкі“ не планую. Не бачу сэнсу. На гэты рынак зайшло вельмі шмат сетак, з якімі сапраўды складана змагацца. Калі б не Менск, гэты кепскі досвед, то можа ў Гродна яшчэ папрацавалі б».

Чытайце таксама: Уходит эпоха. Вместо «Колобков» в Гродно появится кафе с выпечкой

Папрацаваўшы больш за 10 гадоў у грамадскім харчаванні ў Беларусі, Аляксандр лічыць, што заўсёды ў выйгрышы невялікія ўстановы, непадобныя на сеткавых, якія даюць унікальныя прадукты.

«Адназначна, гэта гамбургеры, калі яны згатаваныя з добрага мяса, сыр годны, булку калі самі зрабілі. У „Калабках“ фішкай былі бліны, якія ў горадзе ніхто не рабіў».

Аляксандр кажа, што ў 2020 годзе надышоў скаданы час для бізнеса ў Гродне. За апошні год горад страціў шмат кропак грамадскага харчавання. Многія не справіліся з абмежаваннямі, падаткамі і зачыніліся.

«На жаль, дзяржава не пайшла насустрач. Я лічу, што трэба было падтрымаць прыватны бізнес. І мы не казалі: „Дайце нам грошай“. Мы казалі, проста не забірайце цяпер падаткі, зрабіце падаткі як у іншых краінах, растэрміноўкі па плацяжах, і ўсё. Банкі практычна на саступкі не пайшлі, я не ведаю чаму. Усюды трэба было аддаваць крэдыты. А як іх аддаць, калі ў цябе няма продажаў? Вось і прыходзіцца потым прадаваць сваю маёмасць».