На месцы сучаснай Савецкай плошчы некалі спалілі чараўніка. У Пышках гродзенцы сфатаграфавалі прывід хлопчыка. Па тэатрах і ў кляштары ходзяць здані былых гаспадароў. Журналістка Hrodna.life знайшла тых, хто сустракаўся з прывідамі Гродна, і даведалася пра гісторыю містычных месцаў горада.

Савецкая плошча і Максім Знак (гэта не той Знак, на каторага вы падумалі)

На сучаснай Савецкай плошчы ў 1691 годзе спалілі чараўніка. Звалі яго Максім Знак. Легенды ўзгадваюць, што Знак паспяхова лекаваў людзей. А нагодаю для суда стала абвінавачванне ў навядзенні порчы на мясцовую карчму. Нібыта праз чары там сапсавалася піва.

«Адзіным доказам віны Знака стала яго прызнанне на судзе», — распавёў Hrodna.life гродзенскі гісторык Андрэй Чэрнякевіч. Тагачасныя законы дазвалялі атрымліваць прызнанне трыма этапамі катаванняў. Калі абвінавачаны іх вытрымліваў, яму плацілі кампенсацыю. Але вытрымаць катаванні было немагчыма. Максім Знак прызнаўся, што ён чараўнік, ужо пасля першага этапу.

На Савецкай спалілі ведзьмака, у Пышках скача вершнік без галавы. Містычныя месцы Гродна, пра якія вы нават не ведалі
Паводле легенды, паміраючы, чараўнік Максім Знак пракляў месца пакарання. Зараз там Савецкая плошча. Малюнак Юлія Кульба (Pipetka)

Праклён Максіма Знака ўспомнілі ў 2006 годзе, падчас рэканструкцыі Савецкай плошчы. Раніцай у адзін з першых дзён працы рабочыя знайшлі раскіданыя па плошчы лістоўкі. Іх тэкст нагадваў аб праклёне Максіма Знака: «Той, хто разбурыць гэтае месца, будзе пакутаваць ад няшчасцяў і невядомых хваробаў, якія будуць пераследаваць яго і яго нашчадкаў да сёмага калена. Эпіцэнтр праклёну — цэнтр плошчы, а далей уздзеянне ідзе крыху менш. Пры чым ён датычыцца ўсіх: ад ініцыятараў да выканаўцаў разбурэння плошчы. Чым больш знішчэння, тым цяжэй хваробы. Першыя няшчасныя для сябе вынікі чакайце ўжо праз месяц».

Гісторыкі з сайта harodnia.com тады каментавалі: «Нам вельмі шкада, што ад безнадзейнасці неабыякавым людзям прыходзіцца пускацца на падобнае глупства».

Але няшчасныя выпадкі падчас рэканструкцыі плошчы ўсё ж былі. Сталіся іх прычынаю праклёны Максіма Знака ці парушэнні правілаў бяспекі, можна толькі здагадвацца.

Містычныя Пышкі: прывід хлопчыка, камень самагубцы і трубач без галавы

Пра тое, што сустрэліся з прывідам, дзве гродзенкі даведаліся толькі па вяртанні з лесапарку дадому. Падчас шпацыру жанчыны рабілі здымкі на лічбавы фотаапарат. Дома праглядалі фота і на адным з іх пабачылі цёмную пляму.

На Савецкай спалілі ведзьмака, у Пышках скача вершнік без галавы. Містычныя месцы Гродна, пра якія вы нават не ведалі
Фота прадстаўлена Уладзімірам Кіслым

Пры павелічэнні цень стаўся падобным да абрысаў хлопчыка, што цягнуў да іх рукі. Гэту гісторыю распавёў журналіст Алесь Кіркевіч.

Мастак-рэстаўратар Уладзімір Кіслы паказаў гэты здымак аднаму са святароў. Кіслы называе гэту з’яву «хронаміражом», святар меркаваў, што гэта «незаспакоеная душа».

Занёманскія могілкі ў Пышках таксама прыцягваюць аматараў містыкі. Рэжысёр фрык-тэатру «Гексаген» Васіль Калач расказаў Hrodna.life, што сляды ці то сатанінскіх абрадаў, ці то чорных месаў бачыў на могілках падчас шпацыраў у лесе. На магільных камянях з’яўляліся надпісы, намаляваныя колы ды выкладзеныя са свечак пентаграмы. Побач з магіламі нярэдка ляжалі пустыя бутэлькі ад спіртнога.

Іншы гродзенец узгадваў, што неяк ноччу бачыў на могілках жанчыну: «Яна трымала кнігу і літаральна выла на поўню».

Ніжэй па плыні Нёмана ў Пышках часта збіраюцца аматары ролевых касцюмаваных гульняў. Тут, паводле паданняў, можна сустрэць чорнага трубача без галавы, расказаў Hrodna.life Васіль Калач. Па начах ён нібыта ездзіць па лесе на кані. «Хто пабачыць гэтага трубача, будзе мець вялікі клопат. Добра, што мы яго ні разу не сустрэлі».

На Савецкай спалілі ведзьмака, у Пышках скача вершнік без галавы. Містычныя месцы Гродна, пра якія вы нават не ведалі
«Хто пабачыць гэтага трубача, будзе мець вялікі клопат. Добра, што мы яго ні разу не сустрэлі», — распавёў Hrodna.life Васіль Калач. Малюнак Юлія Кульба (Pipetka)

Сам Васіль ставіцца да гэтых гісторый больш з жартам, але не выключае сапраўдную мажлівасць існавання патустаронніх сілаў. Напрыклад, пышкоўскага лесавіка.

Ралевікі ўпэўнены, што прыходзіць на месца збору трэба заўжды з аднаго боку, а выходзіць з іншага. Інакш лесавік будзе доўга вадзіць. Тое самае пацверджвае Андрэй Несцяровіч, які паспрабаваў парушыць няпісанае правіла. «Давялося блукаць па лесе да раніцы. Прычым быў цвярозы, а хадзіў вакол яра і мясцін, якія вельмі добра ведаю».

Па іншым паданні прычынаю блукання па гэтай частцы лесу мог стацца не лесавік, а магіла самагубцы Платона Зубава. У 1847 годзе ён засіліўся, бо не меў магчымасці вярнуць пазычаныя грошы. Яго пахавалі ля Нёмана, а месца пазначылі вялікім каменем. Паданне даводзіць, што калі чалавек ступіць на магілу самагубцы, то саб’ецца з дарогі ці захварэе, а ў каровы прападзе малако.

Музейна-манастырскі прывід, які ўмее адчыняць замкнёныя дзверы

Прывід манастыра Раства Багародзіцы на вуліцы Давыда Гарадзенскага заўважалі у тыя часы, калі тут мясціўся Музей атэізму. «У цяперашняй галоўнай зале [храма] былі фонды. Мая майстэрня — ўнізе, — узгадвае мастак-рэстаўратар Уладзімір Кіслы. — Шмат гадоў там працаваў, бывала што і па начах заставаўся. Аднаго разу позна сядзеў і чую — грукае зверху. Быццам рэчы якія зваліліся. На раніцу кажу працаўніцы з фондаў - нешта падала ўночы. Прышлі, паглядзелі - усё на месцах. Можа прывід, а мо якая куніца па даху бегала».

Ад іншых мастак чуў, што музейныя прывіды маглі адчыняць дзверы і размаўляць галасамі нябожчыкаў. «Неяк завітаў сябра. Кажа, што запаліў на падворку і чуе голас нядаўна памерлай каляжанкі: „Не куры, тут жа манастыр“. Ён азірнуўся, але апроч манашкі, што моўчкі ішла ў іншы бок, нікога не заўважыў».

На Савецкай спалілі ведзьмака, у Пышках скача вершнік без галавы. Містычныя месцы Гродна, пра якія вы нават не ведалі
Прывід былога музею атэізму. Малюнак Юлія Кульба (Pipetka)

«Толькі хацеў адкрыць дзверы, як клямка сама пайшла ўніз і дзверы адчыніліся», — расказаў іншы супрацоўнік. Пра падобны выпадак чуў і гісторык Андрэй Чарнякевіч. «Адным з абавязкаў майго сябра з музея было зачыніць усе дзверы пасля працоўнага дня. Зачыніўшы апошнія дзверы, ён пачуў нейкія гукі. Калі азірнуўся, убачыў, як нехта знутры патрошку апускае цяжкую металічную ручку дзвярэй. Ён не стаў правяраць, як гэта магчыма. Хутчэй сышоў».

Тэатральныя прывіды ходзяць па залах і любяць жартаваць

«У малой зале драмтэатра па начах дакладна чутно, як нехта ходзіць паміж крэсламі, — распавёў Васіль Калач. — Калі выключана святло, адчуваецца чыясці прысутнасць».

«Аднаго разу знаёмы актор застаўся ў тэатры на ноч. Потым казаў, што да самай раніцы чуў крокі, — узгадвае былая акторка тэатра Анастасія Мучко. — Нехта хадзіў і адчыняў дзверы, але без ліхтарыка. А на сцэне такая цемра, што немагчыма прайсці там без святла».

Раней на месцы тэатра стаяў кляштар бернардынак. Яго закрылі яшчэ да вайны. Тэатр на беразе Нёмана пабудавалі ў 1985 годзе. Магчыма, па будынку да гэтага часу блукаюць цені манашак. А можа, гэта акустычныя эфекты тэатральнага будынка.

Будынак тэатра лялек і яго прывід значна старэйшыя. Тэатр пабудавалі недзе ў перыяд 1783−1793.

«Я часта прыходзіла раней і сыходзіла пазней за ўсіх. Часам, калі я была ў грымёрцы і ведала, што ва ўсім будынку больш нікога няма, я чула крокі за дзвярыма. Яны то аддаляліся, то набліжаліся. Але ніколі не правярала, хто там хадзіў - страшна», — расказала Hrodna.life акторка тэатра лялек Людміла Паўлоўская. Яна працуе тут больш за 30 гадоў.

На Савецкай спалілі ведзьмака, у Пышках скача вершнік без галавы. Містычныя месцы Гродна, пра якія вы нават не ведалі
Прывід тэатра лялек. Людміла Паўлоўская называе гэту з’яву духам тэатра і кажа, што ён нарадзіўся ад эмоцый гледачоў і актораў за ўвесь час існавання будынку. «З ім трэба дамаўляцца. Бо, калі прыйдзеш на працу ў злым настроі, абавязкова ўсё будзе валіцца з рук, а лялькі не захочуць з акторам працаваць». Малюнак Юлія Кульба (Pipetka)

Тэатральны дух часам можа пажартаваць. «З вечара мы падрыхтавалі рэквізіт для выступу на заўтра, а калі прыйшлі зранку, пабачылі, што нехта раскідаў падрыхтаваныя рэчы па ўсім памяшканні».

Пасля рэканструкцыі ў 2012 годзе прывід знік. Людміла зноў сутыкнулася з ім ў 2017 на рэпетыцыі спектакля.

«На сцэне нас было толькі два акторы. У пэўны момант мы абодва пабачылі нібы цень у паветры. Мы ўздыхнулі: дух вярнуўся».

Квантавая фізіка і код сувязі пакаленняў

«Працуючы рэстаўратарам, шмат ездзіў па храмах, па экспедыцыях, — расказвае мастак Уладзімір Кіслы. — Ні НЛА, ні прывідаў ніколі не бачыў нават у стане п’янага ўгару». Але існаванне паранармальных з’яваў ці хронаміражоў ён не аспрэчвае. «Хто знаёмы трохі з квантавай фізікай, разумее — гэта не так далёка ад навукі. Але ж і махлярства вакол гэтай тэмы шмат».

«Па-першае, [крыніца нараджэння гарадскіх легенд] - гэта самі жыхары — іх фантазія і абмежаваныя веды ў некаторых пытаннях. Людзі імкнуцца патлумачыць незразумелую з’яву, — кажа гісторык Андрэй Чарнякевіч. — Па-другое, гэта пэўны спосаб камунікацыі паміж гісторыкамі і гараджанамі. Міфы і легенды — частка гістарычнай памяці людзей. Гэта код, які прайшоў праз некалькі пакаленняў. Ён аб’ядноўвае жыхароў пэўнага месца і адрознівае іх ад іншых».

Іншыя легенды Гродна:

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]