Праз некалькі дзён пра фільм «Белыя росы» ў мікрараёне Дзевятоўка будзе нагадваць адзін толькі калодзеж, побач з якім стаіць таблічка, што нагадвае пра здымкі вядомай савецкай стужкі. Апошнія тры дамы і вялікі сад — усё што засталося ад былой вёскі - пачалі зносіць у пачатку жніўня.

Усім жыхарам прыватных дамоў, якіх ужо амаль не засталося, далі кватэры ў шматпавярхоўцы на вуліцы Лідскай. Не ўсе задаволеныя зменай жылля, але ім выбіраць не прыходзілася.

«Усё сваё жыццё мы пражылі ў гэтых дамах, а цяпер са слязамі павінны іх пакідаць, — распавядае апошняя жыхарка былой вёскі. — На жаль, мы нічога не вырашаем, нам сказалі пераязджаць, мы і пераязджаем. Мы доўгія гады былі пад зносам і толькі ў 2017 годзе тэхніка наблізілася да нашых хатаў. Вядома, мы незадаволеныя, але ўжо нічога не зробіш. Свой дом з участкам гэта не кватэра ў шматпавярховым доме».

"Не будзе гэтых дамоў і не будзе "Белых рос"". На Дзевятоўцы зносяць апошнія дамы легендарнай вёскі
Апошні дом былой вёскі, да якога набліжаецца будаўнічая тэхніка
Яшчэ ў 2013 годзе дзеля будаўніцтва новага адрэзка вуліцы Курчатава знеслі 11 будынкаў. Зараз рэшту дамоў зносяць для будаўніцтва шматпавярховага дома з шасцю пад’ездамі. Жыхары бліжэйшых шматпавярховікаў па-рознаму ставяцца да зносу старых дамоў.

«Дамы былі яшчэ добрыя, але іх вырашылі знесці і пабудаваць нешта новае. Можа гэта i да лепшага, — кажа жыхар шматпавярховага дома Валянцін. ​​- Але нам цяжка казаць, мы не жылi ў гэтых пабудовах. Апошнія дамы былой вёскі гэта гісторыя легендарнага фільма. Не будзе гэтых дамоў і не будзе „Белых рос“. Зараз знясуць гэтыя дамы, а неўзабаве возьмуцца і за другі бок вуліцы, дзе засталося таксама тры старыя пабудовы».

"Не будзе гэтых дамоў і не будзе "Белых рос"". На Дзевятоўцы зносяць апошнія дамы легендарнай вёскі
Адзінае месца на Дзевятоўцы, якое ў будучыні будзе нагадваць аб здымках фільма «Белыя росы»
Фільм «Белыя росы» здымалі ў Гродне на тэрыторыі былой вёскі Дзевятоўка ў 1983 годзе. Праз год карціна выйшла на экраны і стала любімай у тысяч савецкіх грамадзян. Фільм і зараз часта пераглядаюць не толькі ў Гродне і Беларусі, дзе яго здымалі, але і ў іншых месцах былога Савецкага саюза.