Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Шоп-туры ў Беласток: актуальныя прапановы

Шоп-туры ў Беласток доўгія гады былі часткай паўсядзённага жыцця гродзенцаў: па адзенне, хімію і тавары для дома ў польскі горад ездзілі як у суседні раён. Цяпер пункты пропуску «Кузніца» і «Баброўнікі» зноў запрацавалі. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, што адбываецца з шоп-турамі, якія прапановы з’явіліся пасля адкрыцця мяжы і ці ёсць рэальныя варыянты для гродзенцаў. Некаторыя прапануюць і візавую падтрымку.

Як выглядалі «класічныя» шоп-туры з Гродна

«Класічны» шоп-тур у Беласток у лепшыя часы выглядаў так: ранняй раніцай маршрутка забірала пасажыраў па раёнах горада. Дарога разам з праходжаннем мяжы займала некалькі гадзін. Маршруткі ездзілі праз «Кузніцу», а крыху пазней — праз «Баброўнікі», і неўзабаве турысты апыналіся ў Беластоку.

Звычайна маршрут пачынаўся з Кавалерыйскага рынку, затым ішлі гандлёвыя цэнтры — Galeria Atrium Biała або Alfa Centrum Białystok, а завяршаўся наведваннем гіпермаркета Auchan. Яшчэ некалькі гадзін дарогі назад, і вось вы дома.

Кошт шоп-тура ў 2019 годзе складаў 16 рублёў (каля $ 7). І, вядома, прапаноў было вельмі шмат.

З Гродна па пакупкі ў Беласток: што прапануюць турфірмы пасля адкрыцця мяжы — ёсць і візавая падтрымка
Кавалерыйскі рынак у Беластоку. Фота: Hrodna.life

Начныя туры і спробы адаптавацца

Пасля закрыцця найбліжэйшых да Гродна памежных пераходаў турфірмы адаптаваліся і пачалі прапаноўваць паездкі з начлегам. Дабіраліся ў Польшчу часцей за ўсё праз Літву. Час у дарозе павялічыўся, як і кошт: за начлег у гасцініцы разам са сняданкам трэба было даплаціць каля 110 злотых ($ 30). Сама паездка каштавала 150 рублёў ($ 52). Большасць прапаноў была з Мінска, але ездзілі так і з Гродна.

Сітуацыя змянілася пасля 1 сакавіка 2024 года, калі Літва забараніла ўезд і выезд турыстычных аўтобусаў, пакінуўшы толькі рэгулярныя рэйсы. На мяжы з Польшчай пры гэтым працаваў толькі памежны пераход «Брэст». Гэта прывяло да велізарных чэргаў. Праходжанне мяжы ў Польшчу стала займаць ад 18 да 32 гадзін у адзін бок. Нават рэйсавыя аўтобусы, якія маюць прыярытэт перад турыстычнымі, спазняліся на 8−12 гадзін.

Да таго ж, з 1 красавіка 2024 года скарацілі нормы ўвозу тавараў у Беларусь: да 25 кілаграмаў вагой і агульным коштам не больш за 500 еўра. Гэтыя фактары зрабілі ранейшы фармат гродзенскіх шоп-тураў немагчымым.

Очередь из автобусов в приграничном пункте Брест
Чарга з аўтобусаў у бок Польшчы. Фота: Telegram-канал «Варшаўка Мяжа Брэст-Цярэспаль», носіць ілюстрацыйны характар

У Брэсце выезды па пакупкі ў суседнюю краіну захоўваліся даўжэй. Ездзілі мікрааўтобусамі на 15−21 месца з прычэпамі. Часцей за ўсё наведвалі Бялу-Падляску на самой мяжы з Беларуссю. Былі і рэйсы ў Беласток, хоць такіх тураў было прыкметна менш.

Чытайце таксама: Вільня заменіць Беласток? Як выглядалі шоп-туры ў Польшчу і Літву ў 2023 годзе

Першыя прапановы пасля адкрыцця КПП: большасць пакуль з Мінска

Цяпер жа, калі КПП побач з Гродна зноў функцыянуюць, у сеціве з’явіліся першыя прапановы паездак у Беласток. Іх пакуль няшмат, што зразумела — атрымаць візу ў Польшчу цяпер значна складаней, чым раней.

На турыстычным партале vp.by ёсць усяго пяць прапаноў шоп-тураў у Польшчу — і ўсе яны з Мінска. Фірма «Нова Тур» прапануе паездку ў Беласток за 145 рублёў. Выезды — 19 і 21 снежня, а таксама 4, 9 і 11 студзеня 2026 года. У праграме наведванне Кавалерыйскага рынку, Galeria Atrium Biała, Alfa Centrum Białystok, а таксама гандлёвых аб’ектаў Auchan, Leroy Merlin (крама з таварамі для будаўніцтва і дома) і Selgros (крама прадуктаў і не толькі, дзе цэннік залежыць ад колькасці набытага).

Турфірма «Кактус-тур» (Kaktus Tour) прапануе як кароткі тур за 150 рублёў, так і паездку з начлегам у трохзоркавым атэлі Беластока і сняданкам за 195 рублёў. Выязджаюць з Мінска кожную пятніцу і нядзелю.

Белосток. Фото: pixabay.com/kamzyw
Беласток. Фота: pixabay.com/kamzyw, носіць ілюстрацыйны характар

Шопінг і экскурсіі

Некаторыя агенцтвы таксама прапануюць трохдзённыя туры, якія спалучаюць шопінг і экскурсіі. Такую мікс-паездку ў Беласток прапануе кампанія «Сандыта». Акрамя шопінгу ў гандлёвых цэнтрах, у тур уваходзіць начлег у гатэлі Gołębiewski і наведванне Супрасля — невялікага мястэчка, дзе знаходзіцца Благавешчанскі манастыр і ікона Супрасльскай Божай Маці.

Кошт такога тура — 145 еўра. Бліжэйшыя даты: 19−21 снежня 2025 года і 2−4 студзеня 2026 года. Паездка разлічана на беларусаў, у якіх ёсць візы.

З Гродна па пакупкі ў Беласток: што прапануюць турфірмы пасля адкрыцця мяжы — ёсць і візавая падтрымка
Супрасль, Дабравешчанскі манастыр. Фота: polsha24.com

Кампанія «ЯвашТур» таксама арганізуе шоп-туры з выездам з Мінска. Візавай падтрымкай фірма не займаецца. Тур каштуе 150 рублёў, выезды — кожную пятніцу і нядзелю: 19, 21, 26, 28 снежня. Аўтобус перасякае мяжу праз КПП Бераставіца — Баброўнікі. У праграме — крамы duty free, начны рынак Fasty (калі дазволіць час праходжання мяжы), Кавалерыйскі рынак, гандлёвыя цэнтры і гіпермаркет Auchan.

Што прапануюць у Гродне: ёсць візавая падтрымка

Прапаноў для гродзенцаў цяпер зусім няшмат. Адну з іх прадастаўляе кампанія LEMITRAVEL. Яна арганізуе выезды ў Беласток з Гродна і Мінска кожную сераду і суботу.

У праграме — наведванне Кавалерыйскага рынку, гандлёвых цэнтраў Galeria Atrium Biała і Alfa Centrum Białystok, гіпермаркета Auchan, а таксама Leroy Merlin і Media Markt. Турыстычная кампанія дапамагае і з афармленнем візы ў Польшчу. Кошт шоп-тура для гродзенцаў, па словах чытачоў Hrodna.life, якія звярнуліся ў кампанію, складае 100 рублёў — калі ёсць віза.

Раз на месяц LEMITRAVEL фарміруе групу для шоп-тура з начлегам, куды ўключана і візавая падтрымка. Кошт такога падарожжа складае 400 рублёў плюс 20 еўра (візавы збор не ўваходзіць). Для жыхароў Гродзенскай вобласці падача дакументаў на візу праходзіць праз візавыя цэнтры ў Гродне або Лідзе.