Працягваецца будоўля новага аб’екта грамадскага прызначэння на Савецкай плошчы ў цэнтры Гродна. Уласнік будынка — гродзенскі бізнесмен Станіслаў Сямашка, уласнік і двух суседніх будынкаў. На участку, размешчаным у зоне аховы гістарычнага цэнтра Гродна, працуе будаўнічая тэхніка. Зямлю з катлавана звальваюць у грузавікі і вывозяць з пляцоўкі. Якасць археалагічнага нагляду, які здзяйсняецца на пляцоўцы, выклікала абурэнне гродзенскіх гісторыкаў і археолагаў. Ці ёсць там усё ж культурны слой, як можна было захаваць старажытныя падмуркі і што страчваюць гродзенцы, высветляў блог Urban Hrodna.

Працы на ўчастку пачаліся 13 верасня. Згодна з законам, перад будаўніцтвам у ахоўнай зоне гістарычнага цэнтра Гродна, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, мусяць быць праведзеныя раскопкі. У гэтым выпадку іх не было.

«Захаваць немагчыма, план зацверджаны»

Археалагічны нагляд на ўчастку ўсё ж ёсць. Яго вядзе кандыдат гістарычных навук Андрэй Вайцяховіч, супрацоўнік Акадэміі навук. Ён перакананы, што праводзіць археалагічныя раскопкі там немагчыма. У 1990-я гады будынак, які тут стаяў, знеслі, падвалы разбілі і завалілі парэшткамі дома, расказаў ён. «Дом вышынёй у некалькі паверхаў закатаны на глыбіню ў некалькі метраў. Гэта пласт бітай цэглы, камянёў, раствора і іншага будаўнічага смецця. Потым гэта было зверху засыпана грунтам. Культурнага пласта тут не захавалася», — тлумачыў Вайцяховіч для Sputnik. Старадаўнія падмуркі знаходзяць толькі фрагментамі, але гэта фіксуецца, фатаграфуецца і наносіцца на план, пераконвае ён. Кожны слой зямлі ён праглядае візуальна. Такім чынам тут знайшлі 16 ружэйных крэмній (меркавана XVIII ст.), схаваныя ў куце склепа, старадаўнія манеты.

«Захаваць гэтыя падмуркі немагчыма. Ёсць план будаўніцтва. Гэта ўжо зацверджана Міністэрствам культуры», — сцвярджае Андрэй Вайцяховіч.

Так ці ёсць культурны слой?

Культурны слой на участку ёсць, толькі калі капаецца яма, яго не ўбачыш, патлумачыў адзін з беларусіх археолагаў, знаёмы з сітуацыяй. «Трэба чысціць профіль».

«Гэта край магдэбургскага рынку, рынкавая плошча. І там заўсёды стаялі дамы. Іх і трэба вывучыць».

Капаць можна было б і тэхнікай, але, згодна з методыкай, падмуркі і падвалы неабходна было расчысціць, зафіксаваць, намаляваць. Толькі потым можна было б прымаць рашэнне, што з імі рабіць, патлумачыў археолаг. У выпадку з будынкам на Савецкай зараз проста капаюць катлаван, выносячы адтуль усё.

«У іншых краінах у зоне аховы праводзяць раскопкі. Калі коратка, яны выкінулі падмуркі, не вывучыўшы іх».

Дом аднаго з найбагацейшых землеўладальнікаў

З вялікай доляй упэўненасці можна сказаць, што гэта арыгінальныя падвалы, падмуркі дома канца XVIII ст., які быў збудаваны Вольмерам, расказаў Urban Hrodna гісторык і краязнаўца Мечыслаў Супрон.

Казімір Вольмер на той час быў адным з самых багатых землеўладальнікаў у горадзе, трымаў з дзясятак камяніц у Гродне. Камяніца на Рынку [суч. плошча Савецкая] была ягоным найбольш прадстаўнічым будынкам, дзе ён, хутчэй за ўсё, і жыў. На першым паверсе, наколькі вядома з дакументаў XVIII ст., знаходзіліся крамы, а ў падвалах, якія былі зараз збураныя экскаватарам, знаходзіліся склады прадаўцоў, якія трымалі лаўкі ў гэтым будынку.

Пазней, дзесьці ў 1820−30 гг. гэты будынак належаў бурмістру горада (тагачаснаму выбранаму мэру) Адрыяну Харыну, аднаму з багацейшых людзей Гродна. У канцы XIX — пачатку XX ст. будынак належаў Янкелю Лапіну.

А ці можна было захаваць хоць падмуркі?

Магчымасці, каб захаваць падмуркі, безумоўна, былі, мяркуе спецыяліст. Па-першае, неабходнасць іх захавання можна было прапісаць ва ўмовах продажу ўчастка. Па-другое, паклапаціцца пра гэта мог сам інвестар.

«Мы маем цудоўны прыклад захавання старажытных падмуркаў на вуліцы Замкавай, калі інвестар зразумеў, што фішкай ягонага будынка будзе арыгінальнае сутарэнне будынка XVIII ст. Безумоўна, для горада гэта было б карысна: любыя арыгінальныя помнікі архітэктуры, тым больш такі старажытны, — вялікая рэдкасць».

Самы цэнтр гістарычнага цэнтра

«Раскопкі на тым месцы праводзіць было трэба — з трыма клічнікамі! Гэта самы цэнтр гістарычнага цэнтра Гродна, дзе рэгулярная забудова існавала як мінімум з пачатку XVI ст.».

«Па-другое, наколькі мне вядома, на гэтым месцы не было зроблена ніякіх мінімальных даследванняў, каб сказаць, што там няма культурнага слоя. Такі дакумент не быў прадастаўлены.

Па-трэцяе, спадар Вайцяховіч супярэчыць сам сабе. Ён гаворыць, што там няма ніякага культурнага слоя. Але адкуль тады на тым месцы былі выяўлены ўнікальныя артэфакты з XVIII ст.?"

Непавага да архітэктуры і гісторыі горада

Мы маем унікальную сітуацыю ў заканадаўстве, мяркуе Супрон. Згодна Кодэксу аб культуры, любы прадмет археалогіі і архітэктуры, старэйшы за 120 гадоў, мае гістарычную каштоўнасць і павінны ахоўвацца дзяржавай. «Напрыклад, чалавек знаходзіць на каўгасным полі манету 1900 года — гэтая манета з’яўляецца каштоўнасцю, ён абавязаны аддаць яе дзяржаве, і яна павінна захоўвацца. Але мы маем сітуацыю, калі падмуркі будынка 1783 г. не з’яўляюцца гістарычнай каштоўнасцю. Вось у чым парадокс!»

Наконт будучага праекта краязнаўца таксама выказаўся крытычна. «Для мяне будынак Сямашкі - непавага да архітэктуры Гродна. Абсалютна пачварная і састарэлая архітэктура, якая будзе псаваць гістарычны цэнтр. Знішчэнне падмуркаў XVIII ст. і культурнага слою — непавага да гісторыі гораду. Мы назаўсёды страцілі пласт гісторыі за пяць стагоддзяў».

Небяспека для дома Мураўёва і «дзіўнае мерапрыемства»

Акрамя архітэктурных і археалагічных парушэнняў, ёсць парушэнні ў зямельных работах, расказаў Hrodna.life чытач. Дакладней, ва ўладкаванні катлавана. У ім трэба было ўсталяваць шпунт для умацавання фундамента дома Мураўёва, які можа зруйнавацца. Каб прадухіліць гэта, гродзенец звяртаўся ў Мінкульт, Дзяржбуднагляд і іншыя структуры, але выніку не было.

Чытайце таксама: «Здадзены ў эксплуатацыю». Як выглядае дом Мураўёва ўнутры пасля рэстаўрацыі?

Таксама чытачы паведамляюць, што працы ідуць безупынна — «капаюць удзень і ўначы».

«Дзіўнае мерапрыемства і вельмі дзіўна праходзілі грамадскія абмеркаванні, ГА „Экаманіторынг“ уносілі заўвагі і прапановы па праекце аб АУНА, але выніковага пратакола мы так і не ўбачылі», — напісаў у каментарах Facebook Яўген Філімонаў, кіраўнік «Экаманіторынга».

Участак дастаўся за $ 17,8 тыс.

У ліпені 2022 года ўчастак выкупіў Станіслаў Сямашка, уласнік дома Мураўёва і апарт-атэля на Калючынскай. Па ўмовах аўкцыёну тут мусіць з’явіцца аб’ект грамадскага прызначэння. Будынак мусіць быць 2-павярховы з мансардай. Неабходна ўлічыць знешні выгляд і канфігурацыю страчанай забудовы, якая тут была раней.

На таргі прыйшло трое ўдзельнікаў. Участак дастаўся Сямашку за 30 000 рублёў пры пачатковай суме ў 20 000 рублёў. Пераможца аўкцыёну абавязаны, сярод іншага, пакрыць ЖКГ страты за заняцце ўчастка і знос пліткі ў памеры 15 175 рублёў.

Праект будучага будынка размясцілі на банерах на плоце вакол будаўнічай пляцоўкі. Левая частка новага будынка, якая выходзіць на Савецкую, будзе знешне падобнай да страчанага аб’ёма канца XIX ст. Правая, насупраць турмы, будзе з элементамі «мадэрна», панарамнымі вокнамі і часткова празрыстым дахам.

Чытайце таксама: