Легенда гродзенскіх вуліц Станіслаў Семінскі, вядомы як Свістун, памёр. Пра гэта распавялі чытачы Hrodna.life. Музыку было 80 гадоў. Станіслава можна было сустрэць у спякоту і мароз на Савецкай плошчы або ў падземным пераходзе. Там ён насвістваў мелодыі на лісточку, а часам і спяваў. Hrodna.life распавядае гісторыю самага вядома вулічнага музыканта ў Гродне.

Станіслаў Мікалаевіч быў адзіным у Гродне, хто так добра граў на лісці. «Граць можа любы, але выводзіць мелодыю можа не кожны. Я граю рамансы і танга», — казаў у 2017 годзе музыка пра сваё хобі.

Граць навучыў сусед

Станіслаў нарадзіўся ў 1940 годзе ў вёсцы Цвіклічы каля Гродна. З дзяцінства ён пазнаёміўся з музыкай і пачаў вучыцца граць на лісці.

«Быў у нас у вёсцы стары, які ўвесь час граў на зялёных лісцях. Я папрасіў, каб ён мяне навучыў. Тэхніку я зразумеў хутка і ўжо да 10 гадоў мог зайграць некалькі мелодый. А праз нейкі час — усё што заўгодна. У маім рэпертуары шмат класікі. Нават ёсць паланез Агінскага, які вельмі любяць гродзенцы», — распавядаў у 2017 годзе Станіслаў.

Акрамя лісця ён умеў граць і на баяне. Пасля войска ён нейкі час падпрацоўваў музыкам на вяселлях, але потым абраў ігру на вуліцы. Лепшыя мелодыі атрымліваліся, паводле яго слоў, на лісточках ліпы. «У асноўным свой інструмент я збіраю, пакуль іду на кропку, дзе буду граць», — казаў Свістун.

«З дапамогай музыкі я духоўна адчуваю гармонію горада»

Спачатку Станіслаў граў толькі для сябе і сяброў, а таксама для калегаў на будоўлі, дзе доўгі час працаваў. Але пасля развалу Савецкага Саюза пачаў выходзіць на вуліцы горада. «Рассмакаваў гэтую справу, што ў будучыні стала маім сталым заняткам», — казаў у 2017 годзе музыка.

Станіслаў распавядаў, што без музыкі ён не ўяўляў свайго жыцця. «З дапамогай музыкі я духоўна адчуваю гармонію горада і прыроды. Не важна, колькі я зарабляю на сваім хобі. Галоўнае, што я ствараю і дару людзям музыку».

Хоць не ўсім у горадзе была даспадобы музыка Станіслава, міліцыя старалася музыканта не чапаць, нават калі ён быў нападпітку. За гады сваёй дзейнасці Свістун стаў славутасцю Гродна, яго запрашалі на тэлебачанне і нават, як успамінаюць, на рок-канцэрты.

Уличный музыкант Станислав "Свистун" выступал на улице в любую погоду. Фото: Руслан Кулевич
Станіслаў выступаў на вуліцы ў любое надвор’е. Фота: Руслан Кулевіч

Не з’ехаў у Капенгаген

Цягам гадоў у горадзе склаліся легенды пра Свістуна. Адна з іх кажа, што Станіслаў удзельнічаў у чэмпіянатах па свісту. Але музыка казаў, што гэта ўсяго толькі выдумкі гараджан.

«Пра мяне шмат чаго прыдумляюць. Чуў, быццам я нават на машыну насвістаўся. Але насамрэч заробленых грошай хапае на ежу. Бывае, перападзе большая сума. Неяк турысты кінулі 40 еўра. Можа, за ўсе гэтыя гады, якія я граю, і назбіраў бы на машыну ці нават на кватэру. У сярэднім за дзень зараз можна зарабіць каля 10 рублёў», —
казаў у 2017 годзе Станіслаў.

У пачатку 2000-х сябар запрашаў Станіслава ў Капенгаген, прапаноўваў яму там граць і жыць добра. Але музыка не наважыўся з’ехаць з роднага горада і проста парваў запрашэнне сябра.

Вопыт ніхто не пераняў

У апошнія гады гродзенцы часта казалі, што Станіслаў пастарэў, стаў моцна выпіваць і горш граць, перастаў адказна ставіцца да свайго хобі. У 2017 годзе ў адказ на гэтыя заўвагі ён проста ўсміхаўся і казаў, што сапраўдны знаток музыкі зразумее, дзе халтура, а дзе мастацтва.

Глядзіце таксама: Многие думали, что это легенда: смотрите, как Свистун выступал на рок-концерте в Гродно (ВИДЕО)

«Я люблю сваё хобі. Колькі буду на нагах стаяць, столькі і буду граць. Што тычыцца пераемніка, то тут цяжка сказаць. Падыходзяць да мяне людзі і просяць навучыць іх, але не ўсе могуць нават проста свістаць. Няма яшчэ такога чалавека, які зможа нармальна граць. Магчыма, калі-небудзь прыйдзе ён да мяне і зможа пераняць мой досвед.
Гэта была б добрая для мяне замена», — казаў у 2017 годзе Станіслаў.

Вопыт ніхто так і не пераняў, казаў журналісту Hrodna.life ў жніўні 2020 года Станіслаў.

На выпіўку ён ніколі не прасіў грошай

У апошнія месяцы жыцця музыкант стаў бадзяцца. Ён казаў, што яго абакралі - зніклі ўсе зберажэнні і пашпарт. Без дакументаў 80-гадовы музыка не мог атрымліваць пенсію. Яго кватэра на Камарова была пастаянна адкрыта, казалі суседзі. У канцы студзеня музыка памёр.

«Гэта ў апошні год пачаліся сур’ёзныя праблемы ў Станіслава. Мы жылі з ім у адным пад’ездзе, — распавядае чытач Hrodna.life Андрэй. — Ён забываў, дзе жыве. Яму не было чаго есці. Суседзі дапамагалі як маглі - хто вопратку дасць, хто прадукты. На выпіўку ён ніколі не прасіў грошай».

Уличный музыкант Станислав "Свистун" разговаривает с милицией в 2019 году. Фото: Hrodna.life
Станіслаў размаўляе з міліцыяй у 2019 годзе. Фота: Hrodna.life

Чытайце таксама: «В любой другой стране мной гордились бы». На свистуна в центре Гродно вызвали милицию

Станіслава забралі ў лякарню ў сярэдзіне студзеня. Праз некалькі дзён з міліцыі патэлефанавалі суседзям і сказалі, што музыка памёр. Шукалі сваякоў, але нікога не знайшлі.

«Станіслаў усё жыццё жыў адзін. Пасля таго, як яго забралі ў шпіталь, у кватэру нехта прыходзіў. Суседзі забілі дзверы. Што будзе далей з кватэрай, ніхто не ведае, як і не ведае, дзе пахавалі Свістуна».

уличный музыкант Свистун Гродно
У апошні год свайго жыцця Станіслаў спяваў на вуліцы. «Я дурань, што не паехаў на Захад. Я б там трошкі разжыўся і даказаў бы гэтым дурням, якія мяне абгаворвалі на працягу 20 гадоў», — казаў у 2020 годзе журналісту Hrodna.life Станіслаў. Фота: Руслан Кулевіч