Гродзенцу Мікалаю 37 гадоў, ён працуе сістэмным адміністратарам. Але паралельна з асноўнай працай мужчына займаецца сталярнай справай — робіць драўляныя цацкі. І не проста цацкі, а нейратрэнажоры, праз якія ён хоча дапамагчы свайму пяцігадоваму сыну з дыягназам аўтызму. Гісторыю майстра распавёў блог s13.ru.
![Гродзенец пачаў рабіць драўляныя цацкі, каб дапамагчы сыну з аўтызмам. Цяпер хоча ператварыць гэта ў сур’ёзную вытворчасць](http://dzh7f5h27xx9q.cloudfront.net/wp-content/uploads/2024/01/Trjenazhory-dlja-dzjacej-z-a-tyzmam-4-800x600.webp)
Пачынаў з крафтавых пакункаў, менажніцаў і днушак
Дзед Мікалая быў добрым майстрам па дрэве. Сам мужчына ўзяў у рукі лобзік і фрэзер, калі трэба было вырабіць крафтавы пакунак для падарунка. Пазней ён рабіў менажніцы, днушкі, драўляныя цацкі. А калі лекары паставілі сыну дыягназ аўтызм — змяніў накірунак вытворчасці.
«Майму другому дзіцяці лекары паставілі аўтызм. Аднойчы я цэлы месяц правёў з ім у шпіталі ў Мінску, дзе пазнаёміўся з маці такога ж дзіцяці. […] Праз нейкі час пасля выпіскі мне патэлефанавала мая сяброўка і спытала, ці магу я зрабіць спецыяльны трэнажор для развіцця яе дзіцяці», — распавёў Мікалай.
Цана трэнажораў - ад 15 рублёў, самы дарагі - 450
Неўзабаве мужчына зрабіў не адзін такі трэнажор і пачаў вывучаць гэтую тэму больш дасканала. Паводле словаў Мікалая, падобныя рэчы ў Беларусі і Расіі ніхто не робіць. Ідэі ён распрацоўвае разам з жанчынай, з якой пазнаёміўся ў шпіталі. «Яна, як жанчына, лепш бачыць, што трэба дзіцяці, добра разбіраецца ў псіхалогіі. Распавядае мне ідэю, а я ўжо думаю, як яе рэалізаваць», — сказаў Мікалай. І ён, і яго сяброўка перажылі цяжкія разводы, а цяпер яны пара.
![Трэнажор для дзяцей з аўтызмам](http://dzh7f5h27xx9q.cloudfront.net/wp-content/uploads/2024/01/Trjenazhory-dlja-dzjacej-z-a-tyzmam-1.webp)
Сярод вырабаў Мікалая ёсць хадулі, якія развіваюць каардынацыю, арыентацыю ў прасторы і фізічнае здароўе, ёсць сцежка з сэнсарнымі мосцікамі. У сярэднім Мікалай робіць 20−25 замоваў у месяц.
Цяпер ён выпускае нейратрэнажоры пад брэндам anko.brain. Іх замаўляюць не толькі бацькі асаблівых дзяцей, але таксама спецыялісты і лагапеды ў карэкцыйна-развіваючыя цэнтры. А яшчэ раяць іх расійскім калегам.
Цана такіх трэнажораў - ад 15 рублёў. Самая дарагая замова, якая была ў мужчыны — трэнажор за 450 рублёў. Яго замовіў гродзенскі спецыяліст.
![Трэнажор для дзяцей з аўтызмам](http://dzh7f5h27xx9q.cloudfront.net/wp-content/uploads/2024/01/Trjenazhory-dlja-dzjacej-z-a-tyzmam-3.webp)
Чытайце таксама: У Гродне адкрылі «краму прыгожых прадметаў»: там прадаюцца аўтарскія рэчы — эстэтычныя і экалагічныя
Дзетак з аўтызмам шмат, але іх не бачна
Мікалай кажа, што дзетак з дыягназам аўтызм зараз шмат.
«Вы, верагодна, не бачыце іх у горадзе, але яны ёсць. Я разумею, што гэта такое, і ведаю, што трэба даць дзіцяці, каб яго мозг пачаў працаваць праз цела, — кажа Мікалай. — Калі ў яго развіваецца мозг на нейкія акрэсленыя рэчы, ён выдае адразу літару. А калі дзіцёнак на эмоцыях скокае з таго ж сэнсарнага мосціка, ён можа сказаць нават слог! Спецыялісту гэта добра дапамагае далей працаваць з дзіцём: фізічна і псіхалагічна ён гатовы».
Робіць толькі на замову, але плануе выйсці на маркетплэйсы
Усе трэнажоры выраблены з дрэва. Яго Мікалай пакрывае харчовым алеем. «Нават калі дзіцё яго абліжа, гэта будзе бяспечна. Да і практыка паказала, што калі дзіцяці прапанаваць кітайскі канструктар альбо нашую драўляную цацку, ён абярэ апошнюю».
Гэтыя вырабы мужчына робіць толькі на замову. Шматлікія трэнажоры ён апрабаваў на сваіх дзецях.
![Трэнажор для дзяцей з аўтызмам](http://dzh7f5h27xx9q.cloudfront.net/wp-content/uploads/2024/01/Trjenazhory-dlja-dzjacej-z-a-tyzmam-2.webp)
«У хуткім часе ў планах выйсці на маркетплэйсы і наладзіць сур’ёзную вытворчасць. Мы бачым у гэтым вялікі патэнцыял. І галоўная нашая мэта — не зарабіць шмат грошай, а даць бацькам якасны і вельмі патрэбны прадукт. Ну і, вядома, я спадзяюся, што дзякуючы яму я калі-небудзь пачую „тата“ з вуснаў свайго сына», — сказаў Мікалай.
Чытайце таксама: У Гродне прадаюць 100-гадовы дзіцячы садок: мог стаць сацыяльным цэнтрам, але новы архіепіскап перадумаў