Пасля доўгага перапынку Hrodna.life аднаўляе рубрыку з успамінамі сталых гродзенцаў. Гісторыю 87-гадовага Генрыха Кізюкевіча журналіст Руслан Кулевіч запісаў яшчэ ў чэрвені 2020 года, але праслухаць запіс атрымалася толькі цяпер. Гродзенец распавёў пра жыццё ў Пярэселцы, нямецкую акупацыю і дапамогу вязням гета, што дапамагло ўдала працаўладкавацца пасля вайны.

Генрых Кліментавіч Кізюкевіч нарадзіўся ў 1934 годзе ў вёсцы Пышкі, але пражыў усё жыццё на супрацьлеглым беразе Нёмана, у вёсцы Пярэселка. Католік. Пасля вайны пайшоў вучыцца ў польскую школу. Працаваў шафёрам.

Нарадзіўся ў Пышках, але жыў у Пярэселцы

Бацька Генрыха родам з Пярэселкі, а маці была з Пышкоў. Дзве вёскі пасля вайны ўвайшлі ў склад горада. Сям’я гродзенца — са звычайных сялян, якія працавалі на сваёй зямлі.

«Бацька з маці пазнаёміліся, калі ён служыў у польскім войску і рабіў пантонны мост на Нёмане, акурат каля Пышкоў. Ажаніліся і жылі ў Пярэселцы. А калі маме прыйшоў час мяне нараджаць, яе пераправілі па Нёмане ў Пышкі да яе бацькоў. Там роды прымала бабка. Як нарадзіла мяне, то назад пераплыла Нёман і вярнулася да бацькі ў Пярэселку».

Жыхар Пярэселкі - пра гісторыю вёскі, акупацыю і яўрэяў, якія дапамаглі з працай
Вайскоўцы з Гродна робяць переправу на Нёмане. Фото з архіва Міхаіла Шчэнснага

Генрых кажа, што ў вёскі Пярэселка багатая гісторыя. Сёння на месцы вёскі мікрараён савецкіх шматпавярховікаў.

«Гэтую гісторыю распавёў мне мой дзед, а яму іншыя старажылы і так з пакалення ў пакаленне. Вёска Пярэселка раней называлася Пышкі. Калісьці, яшчэ дзесьці 600 гадоў таму, былі Пышкі па абодва бакі Нёмана — правыя і левыя. Апошнія засталіся па той бок Нёмана. Другія Пышкі пан перанёс, даў сялянам зямлю ў адным месцы, таму і назвалі новую вёску Пярэселка — ад слова „перасяляцца“. Гэта, можна сказаць, „правыя Пышкі“, там дзе могілкі ў лесе захавалася. Жылі ў вёсцы як праваслаўныя, так і каталікі. Працягласць Пярэселкі была прыблізна 2 км».

Пярэселка, успаміны, Кізюкевіч
Генрых Кізюкевіч да Другой сусветнай вайны. Фото з архіву сям'і Кізюкевічаў

Чытайце таксама: «Мы ўвайшлі ў горад са сваімі традыцыямі». Жыхар Пярэселкі правёў экскурсію па сваім раёне

Пачатак вайны і бацька ў палоне

Бацька Генрыха скончыў у Гродне школу падафіцэраў. Незадоўга да пачатку Другой сусветнай вайны ён быў мабілізаваны ў рэзерв. Пасля пачатку вайны немцы ўзялі яго ў палон.

«Памятаю, як ён на кані прыехаў у вёску і мы з ім развіталіся, а сустрэліся зноў толькі праз 20 гадоў. Дзесьці каля Белавежскай пушчы ён трапіў да немцаў у палон. Яго этапавалі ў Кёнігсберг [суч. Калінінград] і пасля вайны ён не хацеў ужо вяртацца ў савецкі Гродна. Чакаў нас у Беластоку, але маці не паехала. Так мы і засталіся, хоць многія з’язджалі ў Польшчу».

У верасні 1939 года ў Гродна ўвайшлі савецкія войскі. Некаторыя жыхары тады выйшлі на абарону горада. Генрых распавядае, што яго дзядуля быў не супраць рускіх: ён чакаў ад іх парадку.

«Ён думаў, што будзе лепш, бо дзед служыў у Царскай арміі і вельмі хваліў рускіх. Успомінаў Санкт-Пецярбург. Але з прыходам камуністаў атрымалася ўсё наадварот — людзей кулакамі сталі рабіць і высяляць. У нас у Пярэселцы нікога не вывезлі, а з іншых вёсак шмат. Памятаю, лесніка Барцэвіча вывезлі. У 1945 годзе яго дом заняў Браніслаў Вусік. Я не бачыў абарону горада, але, па расказах старэйшых, студэнты ў Гродне ў верасні 1939 года не пускалі праз мост рускіх. Палілі бутэлькі і кідалі на танкі. Іх у выніку забілі і потым пахавалі ў цэнтры горада».

Чытайце таксама: Пазнаёміцца з мужам дапамагла «Анна Каренина». Найстарэйшая жыхарка Пярэселкі распавядае пра сваё жыццё

Немцы і Пярэселка

Пры немцах займаўся земляробствам, успамінае Генрых. Дапамагаў па гаспадарцы і час ад часу выязджаў у горад. Прыходзілі ў Пярэселку і лісты ад бацькі з палону.

«У чэрвені 1941 года ў Гродна прыйшлі немцы. Я іх убачыў каля калодзежа насупраць дома, яны там мыліся. Ішлі свабодна. Нам — дзецям — давалі цукеркі. Мы не баяліся іх. Ды і як такіх баёў не было каля нас. У лесе ў Пышках стаяла савецкая частка, нікога з грамадзянскіх туды не пускалі. Як немцы пачалі бамбіць, усе салдаты ўцяклі. Хто як мог, усё пакідалі».

Генрых не памятае, каб немцы зверствавалі ў яго вёсцы. Ён успамінае, як акупанты забралі каня дзеда, але пры гэтым заплацілі яму.

«Неяк дзед павёў свайго прыгожага каня ў Грандзічы на праверку, ён спадабаўся немцам і яны забралі яго. Нават заплацілі, але потым яшчэ дзед дакладваў свае, каб купіць худога каня.

Падчас акупацыі, я хадзіў у горад. Памятаю, як у Фару на катэхізіс хадзілі, там нас вучылі манашкі, якія жылі ў Брыгітках. У самым касцёле немцы вялі імшу. Калі мы заходзілі - яны ўсе па баках і давалі нам прайсці. Імша ў іх ішла на нямецкай".

Немцы прызначылі ў Пярэселцы солтыса: ім стаў сусед Генрыха.

«Нашага Яна Кізюкевіча выбралі. Быў ён добрым мужыком, я яго любіў. Я чуў, што ён дапамагаў, аберагаў Пярэселку, як мог, але пасля вызвалення рускія прыйшлі і арыштавалі яго. У турме ў Гродне ён і памёр».

Пярэселка, успаміны, Кізюкевіч
Солтыс вёскі Пярэселка Ян Кізюкевіч з сям’ёй, 1930-я гг. Фота з архіва сям'і Якуцэвічаў

Па ўспамінах іншых старажылаў Пярэселкі, Ян Кізюкевіч праз вёску перапраўляў вязняў гета ў бяспечнае месца, а таксама адмазваў вясковую моладзь ад выезду на прымусовыя працы ў Германію.

Чытайце таксама: «Быў cолтысам у Пярэселцы і ратаваў людзей». Гродзенка распавяла пра бацьку, якога 75 гадоў таму назвалі ворагам і замардавалі ў турме

«Наогул у Пярэселцы былі вельмі дружныя людзі і дапамагалі адзін аднаму. Калі хтосьці памрэ, то ўсе ішлі спяваць. Была традыцыя, што памерлага з Пярэселкі неслі на плячах на могілкі ў Пышкі. Неслі каля трох кіламетраў, нікога не вазілі на калёсах. Паміралі праваслаўныя — палякі спявалі, і наадварот. Такія ў нас людзі былі».

Чытайце таксама: Крыжы на раздарожжах. Гродзенка з Пярэселкі пра традыцыю маёвых набажэнстваў, што сыходзіць разам з вёскай

Выпадак у гета

У Перэселцы не было яўрэяў, але ў вясковых у горадзе з імі склаліся сяброўскія адносіны. Большая частка гандлю ў даваенным Гродне была за яўрэйскімі гандлярамі.

«Я памятаю, як мы з дзедам да іх у гета прыязджалі. Гэта было разы два. Мы туды бульбу вазілі, пакуль гэта можна было. Я памятаю, брама ў гета была крыху ніжэй вінзавода па Віленскай, другая ад Савецкай вуліцы, дзе цяпер ЗАГС, і на Замкавай каля пажарнай часткі. Прывозілі чатыры мяшкі бульбы. Прыходзіў адзін яўрэй, браў і насыпаў іншым. Усе стаялі ў чарзе. За бульбу дзед грошы не браў, вязні плацілі якой-небудзь прадукцыяй, якую рабілі ў гета. Там былі добрыя спецыялісты».

Генрых успамінае, што людзей у гета было шмат, усе ў лахманах. Ехаць у гета ён не баяўся, але ў мэтах бяспекі ад дзедавай павозкі не адыходзіў. Немцы пастаянна правяралі. Адгалоскі паездак у гета прыйшлі да Генрыха праз 11 гадоў пасля вайны.

«1956 год, я ўжо прыйшоў з арміі. Вярнуўся ў Гродна і не мог знайсці працу. На Савецкай плошчы ў бочцы я ўзяў піва. П’ю і падыходзіць да мяне яўрэй Бэбка, памятаю яго прозвішча, і так кажа: „Гэтыя жыды, якія там стаяць — Беленькі, Марозевіч і Рохлес — хочуць з табой пагаварыць“. Я бяру сваё піва, падыходжу, стары яўрэй кажа: „Ты з Пярэселкі? Твайго дзеда звалі Дамінік? Ты быў у гета?“ Я сказаў, што так. Ён тады спытаў у мяне пра працу, я сказаў, што не магу знайсці. Тады ён прапанаваў пайсці да іх на працу ў нарыхтскот».

У пасляваенныя гады ў Гродне нарыхтскот быў у Пышках, дзе цяпер Зелянбуд. Генрыху яўрэі прапанавалі прыйсці на наступны дзень і ўладкавацца кіроўцам.

«У першы ж дзень працы не было — ляжаў на пляжы на Вусіках. Так я хадзіў на працу каля месяца. Потым прыйшла тэлеграма ў бухгалтэрыю. Мне сказалі браць даверанасць і ісці атрымліваць машыну на вакзал. Я атрымаў машыну і стаў працаваць. Я гэтую гісторыю распавёў, каб паказаць, што яўрэі памяталі, хто ім дапамагаў у час вайны. Дзед карміў іх бульбай, і яны мне дапамаглі. Дзякуючы гэтым яўрэям, я зарабляў нядрэнныя грошы і працаваў кіроўцам шмат гадоў».

Чытайце таксама: «Мы з Пярэселкі». Як вясковыя хлопцы баранілі Фарны касцёл у Гродне

вёска Пярэселка, успаміны, Кізюкевіч
Генрых Кізюкевіч на кані ў Пярэселцы, пачатак 1940-х гг. Фота з архіву сям'і Кізюкевічаў

Вызваленне і зброя ў дзяцей

Вызваленне Гродна ў ліпені 1944 года расцягнулася на два тыдні. 16 ліпеня савецкія войскі вызвалілі правабярэжную частку горада, а праз восем дзён атрымалася фарсіраваць Нёман. Каля тыдня жыхары Пярэселкі чакалі вызвалення ў Крэйдавых гарах.

«Немцы трымаліся, кантралявалі Нёман і не пускалі саветаў на іншы бераг. Толькі рускія пачнуць пераходзіць па пераправе, немцы як пачнуць паліць. Толькі калі фронт прайшоў далей, мы вярнуліся ў Пярэселку і працягнулі жыць. Пасвілі кароў у полі і збіралі зброю. Усе Пышкі былі ў забітых салдатах, снарадах і рознай зброі. Целы дзесьці хавалі ў рвах, а зброю збіралі і ў поле, там быў схрон. У войску потым пыталіся ў мяне, дзе я так навучыўся страляць. А гэта ўсё пасляваеннае дзяцінства».

Пасля вайны Генрых пайшоў вучыцца ў польскую школу на сучаснай вуліцы Сацыялістычнай. Кажа, што часам хадзіў на вучобу са зброяй.

«Прыносіў абрэзы, пісталеты і аўтаматы, там мянялі з гарадскімі на сшыткі. У прыбіральні правяралі-стралялі ў апілкі. Адзін раз так моцна стрэліў, што выбег настаўнік і крычыць, што падарваліся дзеці. Там нас настаўнікі і злавілі. Да канца дня ў Пярэселку прыехала машына і ўзялі дзецюкоў. Прыйшлося распавесці, дзе хавалі ў Пышках зброю. Наогул, у Пышках ў нас быў да вайны панскі лес, такі прыгожы бярозавы гай, але ў 1940-м усё выразалі да пня. І толькі ў 1947 годзе сталі саджаць новы лес, і я дапамагаў. Старэйшыя казалі, што там пасля вайны былі расстрэлы. Але каго стралялі, я не ведаю. Былі чуткі, што з турмы людзей вывозілі».

вёска Пярэселка, успаміны, Кізюкевіч
Генрых Кізюкевіч у 2020 годзе. Фота: Руслан Кулевіч