Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Велападарожніца з Бразіліі дала Беларусі другі шанец: у Гродне

51-гадовая велападарожніца з Бразіліі Андрэа Малафая дэ Фігейрэду вырашыла даць другі шанец Беларусі і зноў прыехала да нас на некалькі дзён. На гэты раз у Гродна. Але, як і ў Брэсце, спачатку яна сутыкнулася з цяжкасцямі пры рэгістрацыі.

Да нядаўняга часу Андрэа нічога не ведала пра Беларусь, як і большасць бразільцаў. Але ў 2017 годзе ў хостэле ў Албаніі жанчына пазнаёмілася з Вольгай з Мінска, якая яе натхніла на падарожжа ў невядомую краіну.

У канцы чэрвеня 2018 года Андрэа прыехала ў Брэст, але надоўга там не затрымалася ды пакінула горад засмучанай — ніхто не размаўляў на замежных мовах і не мог ёй нічога патлумачыць. Яна не змагла зарэгістравацца ў Дэпартаменце грамадзянства і міграцыі, а гэта абавязова.

Падарожніца паехала ў Беласток і планавала адтуль трапіць у Літву, але знаёмыя ўгаварылі яе даць Беларусі другі шанец. 6 ліпеня Андрэа прыехала ў Гродна.

«У новым беларускім горадзе я сутыкнулася з тымі ж праблемамі, што і ў Брэсце. Гэта праблемы з рэгістрацыяй, — кажа Андрэа. — Калі не атрымаецца іх вырашыць, паеду з Беларусі. Я не ведаю што рабіць і ніхто не ведае. Я хачу падарожнічаць, як у Еўропе і быць не прывязанай да нейкага месца, але ў Беларусі гэта не так — трэба рэгістравацца».

Велападарожніца з Бразіліі дала Беларусі другі шанец: пасля правалу ў Брэсце прыехала ў Гродна
Андрэа спынілася ў гродзенскім хостэле «Kip Town»

У Беларусі адчула сябе дзіцём

Адлегласць, якую праязджае Андрэя на сваім ровары за дзень, залежыць ад многіх фактараў: настрою, самаадчування, надвор’я і іншага. Да Гродна жанчына пераадолела каля 100 км і спынялася на Аўгустоўскім канале, каб палюбавацца прыгожымі відамі. Падарожніца кажа, што стараецца шукаць маленькія і невядомыя гарады, прыгожыя месцы, пра якія мала хто ведае.

«За тры гады падарожжа я наведала розныя краіны, дзесьці патрэбна была віза, дзесьці не, і нідзе не было ў мяне ніякіх праблем, — распавядае Андрэа. — У Беларусі бразільцам віза не патрэбна. І быццам усё павінна было прайсці без праблем, але вашы правілы і законы складзеныя некарэктна і ніхто нічога не ведае. Адзін кажа адно, другі іншае і пры гэтым ніхто не размаўляе на англійскай мове.

Вельмі дзіўна, што людзі, якія працуюць на мяжы і ў міграцыйнай службе не гавораць на замежнай мове, а на сайце няма інфармацыі для замежнікаў. Менавіта таму мне тут было вельмі складана разабрацца. У Беларусі я адчула сябе дзіцём. І гэтая краіна стала для мяне сапраўдным выпрабаваннем. Я кінула сабе выклік, але не думала што будзе настолькі складана".

Велападарожніца з Бразіліі дала Беларусі другі шанец: пасля правалу ў Брэсце прыехала ў Гродна
Андрэа прыехала ў Беларусь без візы. Для грамадзян Бразіліі, якія прыязджаюць да нас для транзіту, турызму або па працы, не трэба візы на тэрмін да 90 дзён. Адзіная ўмова — госць абавязаны зарэгістравацца на працягу пяці сутак у падраздзяленні Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі. З гэтым і паўсталі праблемы ў падарожніцы.

«Куды хачу, на колькі хачу і калі хачу»

Андрэа падарожнічае ўжо тры гады і наведала больш за 30 краін на розных кантынентах. Была ў Амерыцы, Азіі і Еўропе.

«Я ўжо не магу сябе прымусіць не падарожнічаць, — кажа Андрэа. — Калі вяртаюся дадому, я зноў адчуваю, што хачу ў дарогу. Я сумую дома па падарожжы. Людзі часам кажуць, што я вар’ятка, таму што ў мяне няма дакладнага плана — колькі дзён павінна доўжыцца падарожжа ці колькі кіламетраў павінна праехаць. У мяне ёсць проста напрамак, у якім я хачу рухацца. I я не хачу абмяжоўвацца нейкімі рамкамі, так што еду куды хачу, на колькі хачу і калі хачу».

Велападарожніца з Бразіліі дала Беларусі другі шанец: пасля правалу ў Брэсце прыехала ў Гродна
Андрэа падчас падарожжа. Жанчыне 51 год і яна на пенсіі. Падарожнічае за кошт пенсіі і за кошт таго, што ў Бразіліі здае сваю кватэру.

Не турбуюся і проста кручу педалі

У снежні Андрэа плануе вярнуцца ў Бразілію, але не ведае, колькі яшчэ кіламетраў праедзе да таго часу. У планах у Андрэа застацца ў Беларусі на месяц, калі ўсё атрымаецца з рэгістрацыяй, а пасля наведаць Літву, Латвію і Эстонію. Далей жанчына паедзе альбо ў Англію, альбо Расію, а канчатковай кропкай падарожжа стане горад Тромсе ў Нарвегіі, дзе падарожніца хоча ўбачыць паўночнае ззянне.

«У мяне ўжо ёсць планы і на наступны год. Хачу паехаць у падарожжа на тры месяцы па скандынаўскіх краінах. І зноў на сваім ровары. Але насамрэч я дрэнны веласіпедыст, таму што я нічога не разумею ў роварах. Адзінае, што я магу паправіць, дык гэта заляпіць камеру. Я не турбуюся і проста кручу педалі. Калі нешта зламаецца — буду шукаць дапамогу».

Велападарожніца з Бразіліі дала Беларусі другі шанец: пасля правалу ў Брэсце прыехала ў Гродна
Падарожніца з Бразіліі ў Гродне на вуліцы Карла Маркса
Як стала вядома Hrodna.life, Андрэа ўсё ж зарэгістравалася ў міграцыйнай службе ў Гродне, але толькі пасля дапамогі журналістаў ТУТ.БАЙ. Цяпер жанчына можа знаходзіцца ў Беларусі да 90 дзён.