Гродна 2023. Як рэпрэсіі змяняюць культуру і соцыум

Ён патрапіў у Гродна праз банкруцтва на радзіме. Стварыў тут батанічны сад і ўзначаліў медыцынскую акадэмію. Быў галоўным афіцэрам масонскай ложы і насіў званне Майстра крэсла. У яго гонар пазней нават назвалі расліну. Чытайце пяць цікавых фактаў пра Жана Эмануэля Жылібера ў новым артыкуле «Гарадзенскай азбукі».

«Гарадзенская азбука» ад Hrodna.life — гэта 32 артыкулы пра цікавосткі Гродна. Кожнаму з іх адпавядае адна з літар алфавіту. А — Ажэшка, Б — Баторый, В — Вітаўт і так далей. У кожным артыкуле азбукі вы знойдзеце па пяць цікавых фактаў аб адметных гродзенскіх асобах, месцах ці з’явах.

Патрапіў у Гродна пасля банкруцтва

У Гродна Жылібер прыехаў па запрашэнні Антонія Тызенгаўза. Верагодна, прыняццю такой прапановы спрыяла нядаўняе банкруцтва. У Ліёне па замове гарадской адміністрацыі Жылібер стварыў батанічны сад. У гэты праект ён уклаў асабістыя грошы. Горад абяцаў кампенсаваць выдаткі, але гэтага Жылібер так і не дачакаўся. Прапанова паехаць у Гродна і кантракт на 10 гадоў давалі яму новы шанец на працу і дастатак.

Стварыў батанічны сад

1 жніўня 1775 года Жылібер выправіўся з Ліёна ў Гродна. Па дарозе ён заязджаў пагасцяваць да сяброў, таму да месца прызначэння дабраўся толькі пад канец году. Яго адразу зцягнула ў вір дзейнасці. Найбольш вядомым праектам Жылібера ў Гродне стаў каралеўскі батанічны сад. За шэсць гадоў на яго тэрыторыі ўдалося сабраць калекцыю ў 2000 відаў жывых раслін з розных частак свету і розных кліматычных зонаў.

Быў масонам і майстрам крэсла

Пасаду «майстар крэсла» Жылібер меў у масонскай ложы «Шчаслівае вызваленне». Майстар крэсла — гэта галоўны афіцэр масонскай ложы. Ён кіраваў усімі справамі, рытуалам і цырымоніямі і меў больш паўнамоцтваў, чым астатнія афіцэры. Ложа дзейнічала ў Гродне ад 1781 года і вяла справы на французскай мове. Кампанію Жану Эмануэлю ў ложы складалі архітэктар Джузэпэ дэ Сака, астраном Францішак Нарвойш, капітан Стэфан Грабоўскі ды іншыя.

Узначаліў медыцынскую акадэмію

Медыцынскую акадэмію стварылі ў Гродне на загад Антонія Тызенгаўза. Адкрылі навучальную установу 30 красавіка 1775 года. Першым яе дырэктарам стаў Жан Эмануэль Жылібер. Пры акадэміі працавалі акушэрская школа, шпіталь і аптэка. Побач знаходзіўся аптэкарскі агарод і апрацоўваліся лекавыя расліны.

Вынікам вывучэння мясцовай флоры стала кніга Жылібера «Flora lithuanica inchoata», дзе апісаны лекавыя ўласцівасці і прымяменне ў побыце каля сотні зёлак.

Праца ў Гродне для Жылібера скончылася з адстаўкай Тызенгаўза. Пасля гэтага медыцынская акадэмія разам з дырэктарам пераехала ў Вільню. У 1783 Жылібер вярнуўся ў Францыю.

Жыліберцыя ў парку Жылібера

Імем Жылібера назвалі род раслінаў Gilibertia RUIZ & PAV з сямейства араліевых (Araliaceae). У гродзенскім парку імя Жылібера яна таксама ёсць. Ініцыятаркай пошуку жыліберцыі была настаўніца і краязнаўца Наталля Канюк. Разам з вучнямі яна аднавіла ў парку некаторыя расліны з калекцыі Жана Эмануэля.

Ідэя адраджэння батанічнага саду Жылібера да гэтага часу лунае над Гродна. Зараз прыватны інвестар мае планы на аднаўленне будынка медычнай акадэміі і пабудовы аранжарэі для вырошчвання экзатычных і лекавых раслін.

Чытай таксама: Дж — У Гародні дожДЖ. «Гарадзенская азбука» вырушае на шпацыр па радках песні Віктара Шалкевіча

Ё — нЁман. 5 фактаў пра раку, якая дала назву фабрыкам, музыкам і спартовым клубам

Е — Езуіцкі калегіум. 5 фактаў з гісторыі найстарэйшай навучальнай установы Гродна

Дз — ГаДЗіннік. 5 фактаў пра гарадзенскую адметнасць на вежы Фарнага касцёла

Д — Давыд Гарадзенскі. 5 фактаў пра гарадзенскага старасту які не атрымаў ніводнай паразы ад крыжакоў

Г-Гарадніца. 5 фактаў пра вёску, якая стала цэнтрам горада

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]