Перад пачаткам Вялікага тыдня (апошняга тыдня перад Вялікаднем) у каталікоў біскуп Гродзенскай каталіцкай епархіі Аляксандр Кашкевіч звярнуўся да вернікаў з заклікам удзельнічаць у набажэнствах з дапамогай трансляцый па тэлебачанні.

У нядзелю 5 красавіка каталікі ўсяго свету адзначаюць Уваход Гасподні ў Іерусалім, Пальмовую нядзелю. Набажэнства пачнецца роўна апоўдні. Наўпроставую трансляцыю набажэнства з Фарнага касцёла ў Гродне можна будзе ўбачыць у прамым эфіры на «Гродна Плюс» і на YouTube-канале тэлеканала.

— Сёлетні Вялікі Пост для ўсіх нас, для ўсяго чалавецтва надзвычайны. Усе людзі адчулі пагрозу і небяспеку по прычыне пандэміі. У сувязі з гэтым прымаюцца неабходныя меры, каб перамагчы гэтую пагрозу, — прамовіў Аляксандр Кашкевіч у сваім звароце.

Імша анлайн

У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй сёлета плануецца прамая трансляцыя па тэлебачанні не толькі святой Імшы Пасхальнай вігіліі, але таксама святой Імшы Вячэры Пана ў Вялікі чацвер і набажэнства Вялікай пятніцы, паведамляе рэсурс catholic.by. Пастаянная рада Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі рэкамендуе вызваліць ад абавязку ўдзелу ў нядзельнай і святочнай імшы вернікам старэйшага ўзросту, асобам з сімптомамі хваробы, дзецям і школьнай моладзі, а таксама асобам, якія імі апякуюцца, і ўсім, хто адчувае страх заражэння.

Бетэлерадыёкампанія тры дні запар будзе весці трансляцыю з мінскага катэдральнага касцёла. Паглядзець яе можна будзе на тэлеканале «Беларусь 3»:

9 красавіка, Вялікі чацвер. 19.00 — святая Імша Вячэры Пана

10 красавіка, Вялікая пятніца. 19.00 — набажэнства адарацыі Святога Крыжа

На тэлеканале «Беларусь 1»:

11 красавіка, Вялікая субота. 21.45 — Пасхальная вігілія ў святую ноч Уваскрасення Пана

Узначаліць цэлебрацыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Цалаваць крыж будзе толькі цэлебрант. Як зменяцца набажэнствы

Паводле распараджэння біскупа, прапускаецца абрад абмыцця ног на імшы Апошняй вячэры. На набажэнстве Вялікай пятніцы ў малітве вернікаў дадаецца яшчэ адзін заклік аб спыненні пандэміі, адмяняецца агульнае цалаванне крыжа. У час благаслаўлення велікодных страваў вернікі могуць прынесці з сабой ваду для асвячэння, загадзя падрыхтаванай вады ў агульным начынні не будзе.

Калі пробашч палічыць патрэбным, можна прапусціць благаслаўленне агню і працэсію з пасхалам у час Пасхальнай вігіліі. Літургія хросту можа быць абмежавана да аднаўлення абяцанняў хросту. Рэзурэкцыйную працэсію таксама можна адмяніць.

Ахвяраванні вернікаў на Святую Зямлю сёлета з Вялікай пятніцы пераносяцца на XXIV звычайную нядзелю 13 верасня.