На 28 красавіка ў Беларусі пацверджана 12 208 выпадкаў каранавіруса, паведамляе Міністэрства аховы здароўя. За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны ачунялі і выпісаныя 1993 пацыенты, 79 чалавек памерлі.

Колькасць новых выяўленых выпадкаў працягвае расці. Так, прырост за апошнія суткі склаў 919 выпадкаў - гэта чарговы «рэкорд». За суткі памерлі 4 чалавекі, 253 ачунялі.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, за ўвесь перыяд праведзена 161 028 тэстаў, колькасць чалавек з станоўчым тэстам складае 7,5% ад агульнай колькасці.

Даследчыкі: звесткі аб смяротнасці заніжаныя

У Беларусі пацверджаныя 12208 выпадкаў каранавіруса. Што кажуць даследнікі пра смяротнасць
© FT мантаж; AFP / Getty

Смяротнасць ад COVID-19 у свеце значна перавышае афіцыйныя дадзеныя, лічаць даследчыкі з міжнароднага дзелавога выдання Financial times. Аўтары супаставілі смяротнасць у 14 краінах за перыяд з пачатку ўспышкі каранавіруса са смяротнасцю ў тых жа краінах у тыя ж месяцы за 2015−2019 гг. Выявілася, што за час ўспышкі хваробы ў 2020 годзе там памерла на 122 000 чалавек (прыблізна на 50%!) больш, чым у папярэднія гады за той жа перыяд. Паводле афіцыйнай статыстыкі на момант аналізу ў гэтых краінах было зарэгістравана 77 000 смерцяў.

Аўтары прыйшлі да высновы, што ў названых краінах колькасць смерцяў ад каранавіруса заніжаная. Гэта тычыцца і краін, якія развіваюцца, і развітых. У эквадорскай правінцыі Гуаяс з 1 сакавіка па 15 красавіка было зарэгістравана ўсяго 245 афіцыйных выпадкаў смерці, звязаных з Covid-19, але ўсяго ў гэты перыяд памерла прыкладна на 10 200 чалавек больш, чым у папярэднія гады (на 350% больш). У Вялікабрытаніі, да прыкладу, афіцыйныя лічбы заніжаныя, бо штодня ўлічвалі толькі тых, пацыентаў, хто памёр у бальніцах. Эксперты папярэджваюць пра сур’ёзнае заніжэнне смяротнасці ў дамах састарэлых, дзе не праводзілася сістэматычнае тэставанне жыхароў і персаналу.

Даследчыкі дапускаюць, што частка гэтых смерцяў можа быць звязаная з іншымі прычынамі, гэтак жа магло паўплываць пазбяганне людзьмі медустаноў падчас пандэміі або немагчымасць атрымаць дапамогу праз перагружанасць. Але залішняя смяротнасць узрасла найбольш рэзка ў месцах з самымі моцнымі выбухамі COVID-19. Гэта кажа пра тое, што большасць такіх «лішніх» смерцяў наўпрост звязаная з вірусам.

У Беларусі з пачатку красавіка фіксуюць ад 2 да 5 новых смерцяў ад COVID-19 на суткі (часцей за ўсё па 3).

Хроніка каранавіруса ў Гродне