Святлана Ціханоўская, прэтэндэнтка ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Беларусі, абвесціла, што здымае свае пікеты па зборы подпісаў у Мінску і абласных гарадах на 12−14 чэрвеня. Ці адновяцца яны з панядзелка, яна не сказала.

Жонка арыштаванага блогера Ціханоўскага запісала відэазваротак да сябраў сваёй ініцыятыўнай групы. Там яна патлумачыла такое рашэнне вялікай колькасцю правакацый і затрыманняў на пікетах:

«Паверце, ні адзін сабраны подпіс не варты таго, каб цярпелі вы і вашы сем'і».

Чытайце таксама: «Няхай буду „кардоннай“ выявай на пікеце, людзі ўсё адно ідуць за ім». Святлана Ціханоўская пра сябе, мужа і сваю пазіцыю

Збор подпісаў працягнецца ў рэгіёнах, бо там не збіраецца такая вялікая колькасць людзей. Яна падзякавала сваёй ініцыятыўнай групе за «тытанічную працу».

«Мы пададзім столькі подпісаў, колькі ўжо сабралі», — сказала Святлана.

Па законе подпісы за вылучэнне кандыдатам на выбары можна збіраць да 19 чэрвеня, гэтая ж дата — апошні дзень здачы подпісаў у ЦВК.

Блогер Аляксандар Кабанаў, прэс-сакратар групы Ціханоўскай, пацьвердзіў для «Радыё С**бода», што збіраць подпісы ў Мінску і абласных гарадах на пікетах ня будуць да канца тыдня, бо асцерагаюцца правакацый. Ён кажа, што пра пагрозы сабе і непасрэдна Святлане нічога не ведае.

«Больш увагі ўдзелім рэгіёнам, там бясьпечней», — дадае ён.

Чытайце таксама: Агучылі абвінавачванне Ціханоўскаму. Яму пагражае да трох гадоў турмы

Колькі дакладна сабралі подпісаў за вылучэнне Ціханоўскай, Кабанаў цяпер не можа сказаць, ідзе падлік, але ён мяркуе, што 100 тысяч ужо мусіць быць.

Што адбылося ў Гродне ў дзень візіта Ціханоўскага?

У Гродне затрымалі палітычных актывістаў. Увечары 29 траўня на пікеце падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбыўся інцыдэнт, у выніку якога блогера Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго прыхільнікаў затрымала міліцыя. Сярод затрыманых — сябра ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў. Удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага апазналі ў сацсетках.

Затрыманні працягнуліся на наступны дзень. 30 траўня затрымалі актывіста Мікалая Саляніка, які днём раней вёў перамовы з кіраўніцтвам міліцыі і спрабаваў даведацца, за што быў затрыманы і дзе знаходзіцца Ціханоўскі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў спіс затрыманых у Гродне. Частку з іх перавезлі ў Мінск.

Гэта не спыніла ініцыятыўную групу Ціханоўскай. Афіцыйна было заяўлена, што падчас інцыдэнту пацярпеў міліцыянт. Узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Нягледзячы на ​​гэта, на наступныя дні да пікету Святланы Ціханоўскай выстраіліся чэргі — людзі стаялі, каб аддаць подпіс, нават пад дажджом.

Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі вязьнямі.

У выніку пад удар патрапілі і выпадковыя людзі. Увечары 29 траўня ў сацсетках пачалося цкаванне выпадковага чалавека, якога прынялі за супрацоўніка органаў у цывільным, які ўдзельнічаў у затрыманні ў Гродне. У дзяржаўных СМІ з другога боку пачалося цкаванне 81-гадовай пенсіянеркі Галіны Філіпаўны, якая падчас стрыму з Савецкай плошчы выказалася супраць Лукашэнкі і ў падтрымку Ціханоўскіх. Пенсіянерку Станіславу Дамшэль, якая 29 траўня таксама была на Савецкай, абвінавацілі ў дробным хуліганстве, але яна не пусціла міліцыю да сябе дадому. Выпадковыя людзі былі і сярод затрыманых на плошчы.

Чытайце таксама:
У Гродне прайшоў першы пікет за Лукашэнку (ФОТА+ВІДЭА)

«Прэзідэнт — не бог і не цар». Што Валерый Цапкала гаварыў на пікеце ў Гродне