Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Спыталі ва Уладзіміра Караніка пра вынікі яго працы. Ён прапанаваў чытаць Facebook - Hrodna.life - навіны Гродна

Рэдакцыя Hrodna.life паспрабавала ўзяць інтэрв'ю ў старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка. Нам адмовілі, і мы накіравалі афіцыйны запыт. У адказ на яго Hrodna.life прапанавалі паглядзець папярэднія інтэрв'ю і пачытаць Facebook Караніка. Раней па інтэрв'ю Hrodna.life звярнуліся да новага кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Ігара Бабыра — ён адмовіў.

Уладзімір Каранік

  • нарадзіўся ў Гродне ў 1973 годзе
  • вырас на вуліцы Сухамбаева, вучыўся ў СШ № 16
  • скончыў лячэбны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, кандыдат медыцынскіх навук
  • працаваў галоўным урачом Мінскага гарадскога клінічнага анкадыспансера (2011−2019)
  • міністр аховы здароўя Беларусі (2019−2020)
  • з 22 жніўня 2020 года — старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта

Пра што мы хацелі пацікавіцца ва Уладзіміра Караніка?

  • як ён ацэньвае сваю працу на пасадзе кіраўніка вобласці за апошнія дзевяць месяцаў;
  • аб нявырашаных праблемах у вобласці;
  • у чым плюс кіраўніка, які нарадзіўся і вырас у вобласці, якую пазней узначаліў;
  • аб галоўным поспеху на ранейшым месцы працы ў Міністэрстве аховы здароўя;
  • сітуацыі з каронавірусам ў рэгіёне;
  • з якімі праблемамі і як да яго часцей за ўсё звяртаюцца гродзенцы;
  • пра лёс крымінальнай справы па скаргах на перавышэньне супрацоўнікамі сілавых структур сваіх паўнамоцтваў, аб якой Уладзімір Каранік згадаў у ходзе гутаркі з супрацоўнікамі драмтэатра;
  • пра пераслед Гродзенскага дзіцячага хоспіса;
  • чым ён ганарыцца ў сваёй працы.

Што адказалі ў аблвыканкаме Hrodna.life?

«Практычна ўсе пазначаныя вамі пытанні раней падымаліся рэспубліканскімі і рэгіянальнымі сродкамі масавай інфармацыі, агучваліся падчас прамога эфіру (stream) з удзелам старшыні Гродзенскага аблвыканкама (https://www.youtube.com/watch?v=BbkMCCcVe4E) і ў яго афіцыйным акаунце сацыяльнай сеткі Facebook (https://www.facebook.com/vl.karanik). Адпаведна адказы на іх маюцца ў вольным доступе.

Адносна пытанняў, якія тычацца расследавання крымінальных спраў і выканання патрабаванняў заканадаўства, неабходна звяртацца ў адпаведныя праваахоўныя органы згодна з іх кампетэнцыяй", — адказалі ў пісьмовым адказе за подпісам намесніка старшыні Віктара Пранюка.

Чытайце таксама:

Чаму мы адправілі запыт?

Журналісты недзяржаўных рэсурсаў спрабавалі пагаварыць з Уладзімірам Каранікам яшчэ пасля яго прызначэння ў жніўні. 26 жніўня ля «Гродна Азот» ён сказаў, што дасць інтэрв'ю, «калі складзе меркаванне аб сітуацыі». 22 верасня ля драмтэатра, калі журналісты прапанавалі Караніку адказаць на іх пытанні, ён сказаў: «Навошта?».

На пытанне аб інтэрв'ю ў прэс-службе аблвыканкама адказалі: «У мяне на стале цяпер ляжыць сем заявак. Я працую са СМІ. Калі вы як прыватная асоба звяртаецеся, то ў парадку зваротаў грамадзян накіроўвайце. Іх (інтэрнэт-рэсурсаў - Hrodna.life) шмат. Тое ж самае, што любы сёння Іваноў, Пятроў, Сідараў будзе тэлефанаваць з кожнай кватэры. Скажа, я вяду свой блог, старонку, я хачу (інтэрв'ю — Hrodna.life) — будзе сотні тысяч такіх заявак». Нагадаем, згодна з п. 1.1 арт. 30 Закона аб СМІ, уладальнік інтэрнэт-рэсурсу мае права збіраць, атрымліваць, перадаваць і распаўсюджваць інфармацыю любым спосабам у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Чаму мы папрасілі аб інтэрв'ю?

Як мы пісалі раней, чыноўнікі і сілавікі не раз казалі аб тым, што мы не прадстаўляем у тэкстах бок улады. Мы хочам паказаць, што, наадварот, часта звяртаемся па каментар да прадстаўнікоў улады, але, на жаль, не атрымліваем адказаў.