На сайце petition.by 2 верасня з’явілася петыцыя «Супраць неабгрунтаванага перайменавання гістарычнай вуліцы ў Гродне». Подпісы збіраюць супраць перайменавання часткі вуліцы Горкага ў гонар мітрапаліта Філарэта, першага Патрыяршага Экзарха Беларусі.

«На працягу апошніх дзесяцігоддзяў мясцовыя ўлады (якія не былі выбраны жыхарамі шляхам выбараў) адкідалі любыя прапановы па вяртанні назад гістарычных назваў вуліц, заўзята адстойваючы савецкія безаблічныя назвы, ніяк не звязаныя з гарадамі і іхняй гісторыяй, — пішуць аўтары петыцыі. — Аргументы таму знаходзіліся розныя: „патрабуе значных рэсурсаў“, „прадстаўляецца немэтазгодным“, „стварае нязручнасці для жыхароў“, „з моманту смерці асобы не мінула 10 гадоў“. А тут раптам у цэнтры Гродна вырашылі перайменаваць частку вуліцы, праўда, чамусьці ў гонар Філарэта, чые заслугі перад горадам у апублікаваных афіцыйных тэкстах не раскрыты».

У Гродне збіраюць подпісы супраць вуліцы Філарэта ў гістарычным цэнтры
Адрэзак вуліцы, які хочуць перайменаваць

Пытанне аб перайменаванні вуліцы ў Гродне ў гонар мітрапаліта Філарэта разглядалі 16 жніўня на пасяджэнні тапанімічнай камісіі Гродзенскага гарвыканкама. Сярод магчымых варыянтаў таксама былі вуліцы ў новым мікрараёне Грандзічы, у жылым квартале па вуліцы Магістральнай, у раёне вуліцы Леванабярэжнай каля Нёмана.

Перайменаванне можа закрануць адрэзак вуліцы ад плошчы Тызенгаўза да скрыжавання з вуліцамі 17 верасня і Камунальнай.

Сайт petitions.by, які дапамагае збіраць подпісы пад зваротам грамадзянаў, 6 жніўня 2021 года быў заблакаваны рашэннем Міністэрства інфармацыі, але зараз працуе пад новым адрасам. Звароты і подпісы сабраныя пад імі адпраўляюцца на разгляд у дзяржаўныя органы. Улады абавязаны даць адказ згодна з законам аб звароце грамадзянаў.

Ці збіралі подпісы раней за перайменаванне вуліц у Гродне?

У Гродне гістарычныя назвы носяць толькі лічаныя вуліцы: Маставая, Вялікая Траецкая, Падольная, Калючынская, Замкавая. Побач з імі не гістарычныя: Тэльмана, Урыцкага, Кірава.

У 2016 годзе ўлады задаволілі петыцыю Hrodna.life аб усталяванні шыльдаў з гітарычнымі назвамі вуліц без змены сучасных.

За што і супраць чаго гродзенцы збіралі подпісы раней?

Гродзенскі блогер Яўген Аснарэўскі ў 2016 годзе збіраў подпісы за ўстаноўку ў Гродне помніка Стэфану Баторыю. Тады ўлады адказалі, што «стварэнне і ўстаноўка помніка за сродкі гарадскога бюджэту ў бліжэйшы час не плануюцца». У 2017 годзе Яўген Аснарэўскі збіраў подпісы за захаванне драўлянай архітэктуры горада.

У тым жа 2017 годзе была створана петыцыя за перагляд вынікаў конкурсу на помнік Давыду Гарадзенскаму. У петыцыі паведамлялі, што эскіз выбірала камісія без уліку меркавання гараджан, што выклікала мноства негатыўных водгукаў. У выніку, ў траўні 2018 года помнік Давыду Гарадзенскаму ўсё ж усталявалі пакінуўшы без зменаў.

У кастрычніку 2019 года гродзенцы збіралі подпісы за ўстаноўку новага помніка князю Вітаўту.

У лютым 2020 года рэдакцыя Hrodna.life запусціла на petitions.by зварот у Гродзенскі гарвыканкам з просьбай зрабіць табліцы раскладу руху на прыпынках зручнымі.