Новага рэктара Гродзенскага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэта 21 сакавіка прызначыў Аляксандр Лукашэнка. Ім стаў прафесар універсістэта Ігар Жук, паведаміла БелТА.

Выступаў на плошчы ў 2020-м і запісваў відэазварот. Што вядома пра новага рэктара гродзенскага меда
Новы рэктар ГрДМУ Ігар Жук. Крыніца: grodnonews.by

Што вядома пра новага рэктара

Ігар Жук скончыў Гродзенскі медычны інстытут у 1979 годзе па спецыяльнасці «Лекавая справа». Інтэрнатуру праходзіў у Мінскай абласной клінічнай больніцы па спецыяльнасці «хірургія». У 1986 годзе атрымаў навуковую ступень кандыдата медычных навук па той жа спецыяльнасці. У 2001 годзе яму прысвоілі званне прафесара.

Працаваў намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама з 2009 года. У красавіку 2014 яго абралі старшынёй абласнога Савета дэпутатаў. З 2017 года — прафесар кафедры аператыўнай хірургіі і тапаграфічнай анатомі. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Пасля выбараў 2020 года казаў, што гродзенцы пераймаюцца за захаванне суверэнітэта

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Ігар Жук разам з іншымі чыноўнікамі выступаў на плошчы Леніна перад пратэстоўцамі.

Пазней ён запісаў зварот, у якім сцвярджаў, што «ў адрас дэпутатаў Гродзенскага абласнога Савета паступаюць шматлікія звароты». У іх гродзенцы нібыта пераймаліся за захаванне суверэнітэта краіны і прасілі «навесці парадак на вуліцах і плошчах».

Што з папярэднімі рэктарамі

Папярэдняга рэктара Алену Краткову у снежні 2021 года прызначылі на пасаду намесніка міністра аховы здароўя. На пасаду рэктара ГрДМУ яе прызначылі ў верасні 2020 года пасля таго, як з пасады знялі папярэдняга рэктара Віктара Сняжыцкага. У жніўні 2020 года ён асуджаў дзеянні сілавікоў у сваім Facebook.