У пяці месцах Гродна звычайную тратуарную плітку заменяць на тактыльную. Раней спецыяльная камісія ўстанавіла, што старая плітка не адпавядае нормам даступнага асяроддзя для людзей з інваліднасцю і фізічна аслабленых асоб.

У заканадаўстве да фізічна аслабленых асобаў (маламабільных груп) адносяць людзей з інваліднасцю, з паразай апорна-рухальнага апарата, састарэлых, цяжарных, дзяцей дашкольнага ўзросту, дарослых з дзецьмі на руках або ў вазках.

Плітку заменяць на вул. Дзяржынскага, 98, каля дзіцячай паліклінікі № 1 на вул. Даватара, на вул. Дзяржынскага, 3, на аўтавакзале і ў сцежкавай сетцы ў мікрараёне Дзевятоўка. Завяршыць рамонт плануюць да 8 верасня.

Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка праводзіць закупку з адной крыніцы. Гэта будзе каштаваць 65 622 рублёў з гарадскога бюджэту.

Рамонт пройдзе ў рамках рэалізацыі падпраграмы «Даступнае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб» Дзяржаўнай праграмы «Сацыяльная абарона» на 2021−2025 гады.

Чытайце таксама: Па Гродна распрацоўваюць эксклюзіўную экскурсію. У яе ўключаць замкі, хоць там няма нават пандусаў