Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

У Гродзенскай вобласці ліквідуюць яшчэ дзве арганізацыі: фонд "Паўночныя Афіны" і аб'яднанне ветэранаў - Hrodna.life - навіны Гродна

Мясцовы дабрачынны фонд «Паўночныя Афіны М. К. Агінскага» і Грамадскае аб’яднанне ветэранаў-аднапалчан, удзельнікаў баёў за Гродна ў 1941−1944 гадах ліквідуюць праз Гродзенскі абласны суд. Стваральнікі фонду планавалі адрадзіць сядзібу Агінскага і зрабіць Залессе культурным цэнтрам.

Пасяджэнні аб ліквідацыі фонду пачаліся 15 жніўня. Суддзя ў анлайн-раскладзе суду не быў паказаны. Ініцыятарам ліквідацыі з’яўляецца адзін са стваральнікаў фонду — Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей. Акрамя музея, заснавальнікамі з’яўляюцца Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў і Маладзечанскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя М. К. Агінскага.

Фонд працуе з 2010 года. У планах фонду была рэстаўрацыя ансамбля былога палаца Агінскіх пачатку ХІХ стагоддзя ў Залессі, прыцягненне інвестыцый у Смаргонскі раён і развіццё яго культурнага і эканамічнага патэнцыялу.

У самім палацы рэстаўрацыя прайшла ў 2011−2014 гг., за апошнія гады ён стаў папулярным турыстычным напрамкам. Работы на тэрыторыі сядзібы — аднаўленне іншых будынкаў, вадаёма — працягваліся і ў наступныя гады. Фінансаваў аб’ект у тым ліку і Еўрасаюз у рамках трансгранічных праграм.

Фонд арганізоўваў у сядзібе балі, пленэры, валанцёрскія работы па ачыстцы парку, праводзіў семінары.

Паўночныя Афіны — гістарычная назва сядзібы Агінскага, якая ў XIX стагоддзі была культурным цэнтрам рэгіёна.

Чытайце таксама: Грошай ад Еўрасаюза не будзе. Што чакае найбуйнейшы маёнтак ВКЛ пад Навагрудкам пасля ліквідацыі фонду, які яго ратаваў

Ліквідацыя аб’яднання ветэранаў

Суд аб ліквідацыі аб’яднання ветэранаў адбудзецца 19 жніўня. Суддзя — Сяргей Піпко. Заяўнік па ліквідацыі аб’яднання — Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама.

Аб’яднанне ветэранаў-аднапалчан існуе з 1995 года. Аб дзейнасці арганізацыі ў інтэрнэце інфармацыі няшмат. Напрыклад, у 2006 годзе арганізацыя ўдзельнічала ў падрыхтоўцы і правядзенні візіту польскіх ветэранаў у Гродне на 9 траўня. У тым жа 2006-м ветэраны з гэтай арганізацыі сустракаліся са студэнтамі гродзенскіх ВНУ, ездзілі з імі на Лінію Сталіна.


За апошнія паўгода ў Гродне ліквідавалі:

  • Гродзенскае грамадскае сямейнае аб’яднанне «Парадыгма»,
  • Гродзенскае абласное грамадскае аб’яднанне «Чатыры вятры»,
  • Дзіцяча-юнацкае грамадскае аб’яднанне «Спартыўна-творчая студыя ФАЕР»,
  • Грамадскае аб’яднанне «Байцоўскі клуб «Чорная пазнака»,
  • Абласны спартыўна-патрыятычны клуб «Гонар Радзімы»,
  • Гродзенскае абласное грамадскае аб’яднанне былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў,
  • «Краязнаўчае таварыства — Коматава»,
  • «Устойлівае развіццё вёскі».

У пачатку жніўня пачаліся суды аб ліквідацыі мясцовага дабрачыннага фонду «Наша Карэліччына».

Яшчэ каля 20 арганізацый ліквідавалі з лета 2021 года. Многія арганізацыі не былі звязаны з палітыкай, а займаліся настольнымі гульнямі, развіццём спорту і інфраструктуры, адукацыяй. Некамерцыйныя арганізацыі, што засталіся, абяцалі пасартаваць па ступені «фінансавання тэрарызму».