Заторы на гродзенскіх дарогах — звыклая зʼява. Мы назіраем іх зранку, калі ўсе спяшаюцца на працу, мы стаім у іх увечары, калі ўсе вяртаюцца дамоў. У заторах вінавацяць надворʼе, аварыі, супрацоўнікаў ДАІ і ландшафт. Чаму насамрэч гродзенцы рэгулярна доўгія хвіліны нудзяцца ў заторах? Пры чым тут Нёман і Ленінскі раён? Адказы — у новым выпуску падкаста «Утульны горад». Госць — спецыялістка па паліталогіі і кіраванні Аліна Харысава.

Слухайце размову пра заторы ў горадзе цалкам або чытайце асноўныя тэзісы ў вялікім скароце ніжэй.

Заторы і масты праз Нёман: якая сувязь?

Як вада ў вузкае рыльца бутэлькі гродзенцы раніцай сцякаюцца да мастоў: ім неабходна патрапіць на працу ці на вучобу на другі бераг Нёмана. Мастоў у Гродне ўсяго чатыры, а тых, хто жадае перабрацца праз раку — вельмі шмат. Ды і апошнія гады які-небудзь адзін з мастоў абавязкова быў закрыты на доўгі рамонт.

Справа яшчэ і ў тым, што асноўныя месцы прыцягнення — офісы — месцяцца з большасці ў Ленінскім раёне. Тым часам Кастрычніцкі раён у асноўным складаецца са спальных кварталаў. Зноў атрымліваецца эфект вузкага рыльца: вялікія плыні з Альшанкі, Вішняўца, Паўднёвага, Фолюша і ўсіх астатніх мікрараёнаў сцякаюцца ў адзіны пункт.

Акрамя таго, шмат якія гродзенцы абіраюць уласныя аўтамабілі замест таго, каб скарыстацца грамадскім транспартам. Зразумела, што некалькі дзясяткаў чалавек у тралейбусе займаюць нашмат менш прасторы на дарогах, чым тыя ж некалькі дзясяткаў кожны ў асобным аўто.

Чаму людзі абіраюць уласныя аўтамабілі, а не грамадскі транспарт?

Людзі абіраюць карыстацца аўтамабілем больш ахвотна, чым грамадскім транспартам па розных прычынах. Усе гэтыя прычыны можна падзяліць на тры групы: пытанні камфорту, пытанні хуткасці і пытанні коштаў.

Уласным аўтамабілем з ацяпленнем або кандыцыянерам, з цішынёй або ўлюбёнай музыкай у салоне, з асобным сядзячым месцам, а не паміж людзей, выйграе ў параўнанні з тралейбусам раніцай. Акрамя таго, расклад не заўсёды бывае зручным. Карыстальнікам грамадскага транспарту часта даводзіцца абіраць: ці спазніцца на працу на 10 хвілін, ці прыехаць за 30 хвілін да пачатку працоўнага дня. Аўтамабіль жа дазваляе прыязджаць на працу хвілінка ў хвілінку, не прымушаючы нікога чакаць.

Транспарт у Гродне. Ён часта трапляе ў заторы ў горадзе
Транспарт у Гродне. Ілюстрацыйнае фота Hrodna.life

Тое ж самае з хуткасцю: тую адлегласць, якую аўтобус з усімі прыпынкамі будзе праязджаць гадзіну, аўтамабіль пераадолее за 20 хвілін. Уласны аўтамабіль, у адрозненні ад грамадскага транспарту, яшчэ і не збіваецца з раскладу і не прымушае нервова чакаць яго лішнія хвіліны на прыпынку.

Каштуе аўтамабіль, канешне, даражэй. Але і праязныя білеты ў Гродне не бясплатныя.

Таму тыя, хто могуць сабе дазволіць набыць уласны сродак транспарту, з задавальненнем гэта робяць.

Аліна Харысава лічыць, што гэта не натуральны стан рэчаў: зрабіць так, каб грамадскі транспарт стаў больш камфортным, хуткім і танным, чым уласныя аўтамабілі, можна з дапамогай сродкаў гарадскога кіравання.

Як перасадзіць гродзенцаў на тралейбусы?

Для гарадскога транспарту можна зрабіць асобныя выдзеленыя палосы. Тады тралейбусам і аўтобусам не давядзецца губляць час у агульным патоку машын і адбівацца ад раскладу. Праз асобныя палосы можна дасягнуць нават таго, што ў «часы пік» з пункта, А ў пункт Б на грамадскім транспарце будзе хутчэй дабрацца, чым на ўласным аўтамабілі.

Калі пусціць больш аўтобусаў на той жа маршрут, вырашыцца пытанне камфорту: людзям больш не прыйдзецца абіраць, ці спазняцца, ці прыязджаць загадзя. Калі транспарт ходзіць часта, людзі не набіваюцца ў аўтобус так, што становіцца немагчыма дыхаць: плынь пасажыраў раўнаважна размяркоўваецца, усе пасажыры сядзяць або стаяць на значнай адлегласці адно ад аднаго. Кандыцыянер улетку і ацяпленне ўзімку таксама вырашаюць пытанні камфорту.

Рэгуляваць пытанне коштаў можна за конт паніжэння цэн на праезд у грамадскім транспарце і ўвядзенне паўсюдных платных парковак для ўласных аўтамабіляў.