Калі адбываюцца нейкія фемінісцкія акцыі, у каментарах у медыях часта ўзнікаюць тыя ж самыя фундаментальныя пытанні:

  • навошта патрэбны фемінізм;
  • ці не ўсіх правоў жанчыны ўжо дасягнулі;
  • чаго яшчэ бракуе гэтым феміністкам.

Паколькі ў падкасце «Утульны горад» разбіраюць урбаністычныя пытанні, то ў сёмым выпуску другога сезона задалі пытанне, чаго бракуе жанчынам менавіта ў гарадской прасторы. Пра гэта размова з гарадской сацыялагіняй і феміністкай Анастасіяй Галаўнёвай.

Слухайце размову пра фемінісцкую ўрбаністыку цалкам або чытайце асноўныя тэзісы ў вялікім скароце ніжэй.

Фемінісцкі ўрбанізм і патрыярхат

Фемінісцкі ўрбанізм (фемінісцкая ўрбаністыка) — гэта тэорыя і грамадскі рух, які датычыцца ўплыву гарадскога асяроддзя на жанчын. І не толькі.

Даследчыцы аналізуюць, якім менавіта чынам сканструявана гарадское асяроддзе і хто пачувае сябе ў такім асяроддзі камфортна, а хто — не вельмі. Актывісткі маюць мэту зрабіць горад даступным не толькі для маладых і дужых мужчын, але і для ўсіх гарадскіх жыхароў суцэльна.

І даследчыцы, і актывісткі кажуць, што нашыя гарады пабудаваныя менавіта такім, а не іншым чынам праз патрыярхальную сацыяльную сістэму.

Патрыярхат — такая сацыяльная сістэма, у якой дамінуючыя і прывілеяваныя пазіцыі займаюць пераважна мужчыны. Калі вам падаецца, што патрыярхату ў нашым грамадстве не існуе (хаця кансэнсус навуковай супольнасці ў тым, што ён існуе) пачытайце пра гэтую з’яву прынамсі ў Вікіпедыі.

Як кажа Анастасія Галаўнёва, менавіта патрыярхату мы абавязаныя падзяленнем горада на бінарную сістэму: месцы для жанчын і месцы для мужчын. Пачынаючы з дзяцінства, мы заўважаем, што для хлопчыкаў больш прымальна лазіць па дрэвах, бавіць час на закінутым мосце на Вішняўцы і гуляць у цэнтры горада дапазна падчас гарадскіх святаў.

Здавалася б, бацькі не мусяць вельмі радавацца, калі іхныя дзеці гуляюцца на закінутых мастах і вяртаюцца дамоў толькі позна ноччу. Але менавіта дзяўчатам кажуць: «Як ты можаш, ты ж дзяўчынка». З дзяцінства дзяўчынкі засвойваюць, што некаторыя месцы ў горадзе яны не мусяць наведваць, бо гэта не адпавядае іх гендарнай ідэнтычнасці.

Самотная жанчына ў бары ці ў клубе адразу выклікае ўвагу. Чаму яна адна? Нешта здарылася? Шукае мужчыну? Падыйсці да яе і пазнаёміцца? Самотны мужчына ў бары ці клубе — цалкам натуральная з’ява.

У нас горад не «пад жэншчыну»

Калі вы раптам апынаецеся ў грамадскай прыбіральні, то хутка заўважыце, што яна зроблена для каго заўгодна, але не для сярэднестатыстычнай жанчыны. Часта ў кабінках няма кручкоў, на якія можна было б павесіць куртку ці сумку. Здаецца, кабінка зручная для чалавека, які не мае сумкі, бо тэлефон носіць у кішэні. І не мае неабходнасці здымаць куртку ці паліто, каб зрабіць усе неабходныя справы. Гэты фантазійны чалавек неяк нагадвае… мужчыну.

«Падчас руху грамадскага транспарту трымайцеся за поручні» — нагадваюць нам у тралейбусе. Аднак дацягнуцца да верхняга поручня і трымацца за яго без напругі можа толькі чалавек ростам ад 180 сантыментаў. Зноў гэты чалавек нагадвае мужчыну.

Аднак не толькі жанчыны апынаюцца ў менш зручным стане, калі ўвесь горад праектуецца пад «сярэднестатыстычнага чалавека» (за якога чамусьці ўвесь час прымаецца сярэднестатыстычны мужчына). Людзі з інваліднасцю, людзі сталага ўзросту, людзі з дзецьмі ў вазочках (і зноў гэта часцей за ўсё жанчыны) таксама пакутуюць ад цяжкіх дзвярэй на ўваходзе ў пад’езд, ад высокіх парогаў, ад старых аўтобусах, у якія прыходзіцца заходзіць па сходах.

Атрымліваецца, што ў горадзе, дзе жывуць абсалютна розныя людзі, камфортна сябе пачувае толькі адна група: маладыя і поўныя сіл мужчыны без абмежаванняў па здароўі.