Што лепш для Гродна — дбайна захоўваць спадчыну любым коштам ці пускаць у абарот пустыя будынкі? Як ацэньваць каштоўнасць кожнага аб’екта? Гэтыя і іншыя пытанні зноў узняў нечаканы знос 140-гадовай аўтэнтычнай казармы на Шчорса, 2. Зараз ад будынка засталіся тарэц, некалькі метраў дзвюх фасадаў, падвалы і кучы цэглы. Ужо маючы ўзгоднены праект рэканструкцыі, «на этапе падрыхтоўчых прац» новыя ўласнікі аб’екта высветлілі, што цэгла сцен не адпавядае нормам. Ці быў іншы шлях развязання сітуацыі, расказалі гродзенскі краязнаўца Мечыслаў Супрон і спецыяліст у галіне аховы спадчыны Сцяпан Стурэйка.

«Шчыра кажучы, такога развіцця падзей я чакаў. Як толькі з’явіліся рэндары будучага праекта, было адразу бачна, што будынак будзе значна рэканструяваны (перабудаваны). Але я спадзяваўся, што хаця б 50% ад арыгінальных канструкцый захаваюць», — сказаў гісторык і краязнаўца Мечыслаў Супрон, які сачыў за лёсам будынкаў. Сваім меркаваннем ён падзяліўся для блога Urban Hrodna.

Аўтэнтычную царскую казарму на Шчорса, 2 рассялілі і выставілі на продаж у 2016 г. Кошт скідвалі да адной базавай. У 2020 вырашылі рассяліць і Шчорса, 4. Будынкі зноў выставілі на аўкцыён. Умовы продажу забаранялі неабгрунтаваную змену фасадаў.

У 2022 г. казармы купіла «Палессежылбуд» (Брэст) для рэканструкцыі пад элітнае жытло з гаражамі на цокальным паверсе. Планавалі пашырыць вокны, што парушыла б адпаведнасць гістарычнаму выгляду. Нягледзячы на заўвагі, праект не змянілі.

Справаздачу па ацэнцы ўплыву на навакольнае асяроддзе двойчы выстаўлялі на абмеркаванні: другі раз павялічылі паверхавасць. Працы пачалі ў ліпені 2023 г. У сакавіку 2024 г. 140-гадовы будынак амаль цалкам дэмантавалі. У гарвыканкаме пацвердзілі законнасць зносу, а забудоўшчык патлумачыў яго тым, што цэгла сцен у кепскім стане і не вытрывае нагрузкі.

Будынкі на Шчорса не маюць статусу гістарычнай каштоўнасці і не ўваходзяць у ахоўную зону гістарычнага цэнтра Гродна. На гэта спасылаўся і прадстаўнік кампаніі-забудоўшчыка «Палессежылбуд», кажучы, што парушэнняў няма. Але абедзве казармы маюць статус шэраговай гістарычнай забудовы. Як і іншым падобным будынкам у Гродне, ім надалі яго, каб захоўваць архітэктурны краявід горада.

Безумоўна, будынкі казармаў заслугоўваюць большай увагі і аховы, перакананы Мечыслаў Супрон.

«У Беларусі будынкаў XIX ст. і так няшмат. А тут — захаваны ў першапачатковым выглядзе, гэта вялікая рэдкасць для краіны».

Былыя казармы лічыліся адным са старэйшых ваенных гарадкоў на тэрыторыі Беларусі.

Яны мелі каштоўнасць не толькі для Гродна і Беларусі. У Польшчы ёсць Facebook-супольнасць «Garnizon Grodno/Гродненский гарнизон» з 800 удзельнікамі. Прадзед аднаго з яе стваральнікаў, беластоцкага студэнта Якуба Рафалоўскага, у 1930-я служыў у 76-м Лідскім пяхотным палку. Полк кватараваўся ў Гродне ў той самай вайсковай частцы, да якой належалі казармы на Шчорса. Якуб піша дыпломную працу, прысвечаную ўдзелу палка ў жыцці Гродна. Ён марыў прыехаць і пабачыць казармы як частку сямейнай гісторыі на свае вочы — але не паспеў.

А ці можна было абараніць будынак?

Іншае выйсце, акрамя зносу, было — але толькі ў выпадку, калі б інвестар хацеў захаваць аўтэнтыку. Гэта заўсёды патрабуе большых выдаткаў: дадатковыя інжынерныя вырашэнні, умацаванні апорных сценаў. У выпадку казармаў на Шчорса пайшлі найбольш танным шляхам — знесці і пабудаваць навабуд.

Гарадскія ўлады маглі і абавязаны былі прапісаць у рэгламенце неабходнасць захаваць будынак, перакананы гісторык Мечыслаў Супрон. Магчыма, гэтага не зрабілі, каб пашырыць кола патэнцыйных пакупнікоў.

«У чыноўнікаў іншая логіка: пазбавіліся запусцелага „бясхознага“ будынка, прывабілі інвестара, атрымалі ў гарадскі бюджэт грошы, далі людзям новыя працоўныя месцы — адныя плюсы».

«Тое, што здарылася так, як здарылася (і другую казарму, хутчэй за ўсё, чакае такі самы лёс), з’яўляецца вынікам збегу шматлікіх абставін, — удакладніў для Hrodna.life гісторык, культурны антраполаг і кіраўнік Беларускага камітэта ICOMOS Сцяпан Стурэйка. — Аб'ект сам па сабе не з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, ён толькі ў ахоўнай зоне. Рэндэры і заданне на праектаванне паказваюць, што гэта было ўлічана. Ці мог ён сам мець статус? Напэўна, мог, але тады складаней было б знайсці інвестара. Аб’ект і так прадалі са зніжкай 80%. Ці ўратаваў бы статус ГКК матэрыяльную субстанцыю аб’екта? Не факт. Узгадайце, як бурылі часткі сцен Старога замка, куды больш каштоўнага».

Ці можна захаваць другую казарму?

Другая з прададзеных «Палессежылбуд» казарм яшчэ не прайшла неабходныя экспертызы, дазвол на будаўніцтва яшчэ не атрыманы. Але прадстаўнік забудоўшчыка ўжо сказаў, што яе таксама будуць дэмантаваць: маўляў, цэгла таксама не адпавядае патрабаванням. Тым не менш, яшчэ ёсць сэнс спрабаваць уратаваць другі будынак, лічыць Супрон.

«Важна, каб у адпаведныя органы былі скіраваны заўвагі і прапановы. Чыноўнікі не любяць, каб прыцягвалася залішне ўвагі для падобных пытанняў, тады яны пачынаюць варушыцца. Ідэальны варыянт для чыноўнікаў - калі грамадства маўчыць».

Што засталося пасля пачатку «рэстаўрацыі»

Ад будынка застаўся тарэц з боку дарогі і часткі фасадаў даўжынёй у некалькі метраў. Ужо пасля грамадскага розгаласу забудоўшчык паабяцаў паспрабаваць умацаваць тое, што засталося, і «паглядзець, як будзе паводзіць сябе пры будаўніцтве». Магчыма, гэтую частку захаваюць. Але ці будзе яна візуальна вылучаная пры вонкавай аддзелцы — адказу пакуль няма. Частку цэглы, якая засталася пасля дэмантажу, адабралі - магчыма, пасля праверкі яе выкарыстаюць пры вонкавай абліцоўцы будынка, або ў інтэр'еры.

Магчыма ўсё

За мяжой, напрыклад, у Літве і Польшчы, існуюць жорсткія рэгламенты аховы гістарычнай забудовы, мноства фірмаў-канкурэнтаў, якія займаюцца рэстаўрацыяй, і вялікая колькасць спецыялістаў, пералічыў Мечыслаў Супрон. Інвестар, набываючы гістарычны аб’ект, будзе цалкам прывязаны да заканадаўства і не зможа пры сваім жаданні яго перабудаваць або знесці.

Тым не менш, падобныя выпадкі здараюцца паўсюдна — і ў Літве, і ў Польшчы, і ў Нямеччыне гэта магчыма, заўважае Сцяпан Стурэйка. Гэткім жа чынам магчыма і адваротнае — беражлівае захаванне.

Чаму было абрана менавіта такое рашэнне, без ведання сітуацыі казаць складана, лічыць Стурэйка. Версію прадстаўнікоў арганізацыі «Палессежылбуд» ён прызнае верагоднай.

«Сярод супрацоўнікаў гэтай арганізацыі сапраўды ёсць спецыяліст, які мае права працаваць з аб’ектамі гісторыка-культурнай каштоўнасці, ёсць вопыт працы ў гістарычным гарадскім асяроддзі. Уласна, гэта дэманструюць і рэндэры праекта рэканструкцыі, што былі прадстаўленыя папярэдне. Можна спрачацца з дэталямі, але яны дакладна паказваюць, што гістарычны характар месца быў улічаны праектыроўшчыкамі першапачаткова».

Гродзенская спадчына пад пагрозай

«Сучасныя рэаліі [у Гродне — заўв. Hrodna.life] паказваюць, што не важна, ці перад намі шэраговая гістарычная забудова, ці помнік архітэктуры. У любы дзень можа прыехаць будаўнічая тэхніка і зруйнаваць будынак, а замест яго пабудаваць муляж з пенаблокаў. Такім чынам у Гродне „зрэканструявалі“ (лічы, зруйнавалі) ужо вельмі шмат будынкаў. Парадаксальна, але многія з іх [пасля перабудовы] маюць на сабе ахоўныя табліцы як помнікі архітэктуры і шэраговая гістарычная архітэктура. Гэта нонсэнс для еўрапейскай традыцыі аховы помнікаў», — заўважае Мечыслаў Супрон.

Так у Гродне, не зважаючы на пратэсты, у 2007 г. зруйнавалі флігель палаца віцэ-адміністратара на Горкага, 2а (XVIII ст., пабудаваны па праекце Джузэпэ Сака). Гэта быў адзін з нямногіх ацалелых будынкаў Гарадніцы часоў Тызенгаўза. Замест яго з газасілікатных блокаў узвялі дамавую царкву. Да арыгінальнай часткі аднапавярховага будынка на Маркса, 24 (1889 г., падвалы — XVIII ст.) у 2014 г. прыбудавалі два паверхі. ГЦ «Аўгустоўскі» на Ціміразева, 10/1 збудавалі на месцы старога млына, знесенага ў 2007 г. Млын ён нагадвае толькі агульнай формай. У 2016 разабралі і ўзвялі наноў будынак на Маркса, 22 (2 пал. ХІХ ст.), унесены ў рэспубліканскі спіс помнікаў архітэктуры. Зруйнавалі і адбудавалі наноў са зменамі будынкі па Вялікай Траецкай, 42 (1889 г. п.), Вялікай Траецкай, 11 (2 пал. ХІХ ст.), Сацыялістычнай, 22, (1899 г. п.), Найдуса, 1 (1880 г. п.) і шэраг іншых.

Усё ў руках інвестараў

Нават у выпадку будынкаў, размешчаных у зоне аховы гістарычнага цэнтра, многае залежыць ад інвестара. Сярод нядаўніх станоўчых прыкладаў - «Дом рыбака» і гродзенскі піўзавод. У апошнім таксама змянілі праект пасля пачатку прац, але на карысць спадчыны. Рэканструктары адкрылі ў будынку бровара XIX ст. архітэктуру палаца XVII ст., з якога ён быў калісьці перабудаваны. Інвестар вырашыў аднаўляць больш ранні будынак, захаваць аўтэнтыку і зрабіць яе фішкай. Праз гэта давялося істотна зрушыць тэрміны будаўніцтва.

«Піўзавод мае адначасова куды большую інвестыцыйную прывабнасць і куды большую гістарычную вартасць, — лічыць Сцяпан Стурэйка. — Дзеля працы з ім можна патрабаваць ад інвестара больш беражлівага падыходу. Так і рабілі, у выніку аб’ект стаяў пусты і чакаў 15 гадоў, згубіўшы за гэты час частку аўтэнтыкі. Цяпер, здаецца, яго чакае лепшая будучыня. А колькі давялося б чакаць казармам і што б ад іх засталося?.. Існуе верагоднасць, што вынік быў бы ўсё той жа, але не зараз, а праз 15 гадоў».

Вялікае значэнне мае камунікатыўны складнік, падкрэслівае Стурэйка.

«Аднаўленне піўзавода актыўна каментуецца інвестарам, ён мае пазітыўны вобраз, хоць пры жаданні там таксама можна вылучыць шэраг праблемных месцаў (у працы са спадчынай без іх — ніяк!). У выпадку ж з казармамі спачатку казалі адно, потым іншае, потым па факце іх зносяць і нібыта апраўдваюцца. У выніку не надта зразумела, які ж праект будзе фактычна рэалізаваны, што ў ім застанецца гістарычнага? Так шляхам памылак і напрацоўваецца вопыт…».