Фелікс Варашыльскі - вядомы калекцыянер паштовак з відамі Гродна. Ён часта прыязджае ў наш горад і заўсёды прыходзіць да дома № 10 на вуліцы Васілька. Шмат гадоў там знаходзіўся скурна-венералагічны дыспансер, а цяпер будынак рыхтуюць да продажу з аўкцыёну.

Гэтым домам валодаў вядомы гарадзенскі доктар Рыгор Варашыльскі, а Фелікс — яго ўнук. Ён нарадзіўся ў 1949 годзе ў Польшчы, куды чатыры гады раней з’ехала яго сям’я. Фелікс пайшоў па слядах дзеда: атрымаў прафесію лекара, потым працягнуў вучобу ў Германіі, дзе і жыве сёння.

Дом № 8 сёння аб’яднаны ў адзін будынак з домам № 10, у якім у пачатку 20 стагоддзя таксама практыкаваў лекар — доктар Самуэль Хазан. У розны час тут знаходзіліся радзільны дом, дзіцячая бальніца, розныя аддзяленні абласной бальніцы, скурна-венералагічны дыспансер. У студзені 2018 года дыспансер пераехаў у будынак былой чыгуначнай бальніцы па вуліцы Будзёнага. Будынак на Васілька застаўся пуставаць.

Hrodna.life звязаўся з Феліксам Варашыльскім і даведаўся, ці гатовы ён купіць сямейны дом і як у будучыні можна было б выкарыстоўваць гэты аб’ект.

«Аднавіць, як на старых сямейных фотаздымках»

Фелікс, ці быў у вас калі-небудзь намер вярнуць сямейны дом? Бо ў Еўропе гэта распаўсюджаная практыка, але ў Беларусі такога няма.

— Гэта пытанне кшталту: «Як бы гэта было калі б?». Калі б жыццё ў Беларусі выглядала таксама, як у Еўропе, хто ведае? Калі б я пераязджаў у Гродна назаўжды, то я мог бы прадставіць гэты горад другім месцам для жыцця. Але я ніколі не жыў у доме на Васілька, таму ў мяне няма да яго блізкіх адносін. Але калі б я жыў у Гродне, мне б хацелася жыць у старой архітэктуры.

Як ставіцеся да таго, што дом будуць выстаўляць на аўкцыён? Купілі б яго?

— Мой дзядуля, які купіў гэты дом, ніколі не прадаваў яго, дык як я магу купіць сваю ўласнасць? Нават чыста тэарэтычна. [Пасля прыходу савецкай улады дом Варашыльскіх нацыяналізавалі, былы ўладальнік стаў галоўным урачом сваёй былой клінікі - рэд.]

Што вы і вашы сваякі хацелі б у будучыні ўбачыць у доме на Васілька?

— Я думаю, было б добра, калі б дом быў адноўлены ў пачатковым выглядзе: вярнуць балконы, ганак і сад ззаду дома. Як на старых сямейных фотаздымках.

"Мой дзядуля яго ніколі не прадаваў". Дом Варашыльскіх на Васілька могуць прадаць за 700 тысяч рублёў
Фелікс Варашыльскі каля сямейнага дома. Фота з архіву Hrodna.life

Аўкцыён пройдзе ў 2019 годзе

Сёння былы дом Варашыльскіх ацэньваецца прыкладна ў 700 тысяч рублёў (350 тысяч долараў). Як распавялі ў камітэце дзяржаўнай маёмасці Гродзенскага аблвыканкама, былы будынак скурна-венералагічнага дыспансэра яшчэ не выстаўлены на аўкцыён. Зараз рыхтуюцца ўсе неабходныя для гэтага дакументы.

«Будынак былой бальніцы сёння складаецца з дзвюх частак. Адну ацанілі ў 305 тысяч рублёў. Але ўвесь будынак уздоўж вуліцы Васілька і прылеглая тэрыторыя будзе прадавацца адным лотам. Усё будзе ацэнена прыкладна ў 700 тысяч рублёў. Продаж усяго аб’екта хутчэй за ўсё будзе праходзіць ужо ў наступным годзе», — распавялі Hrodna.life у камітэце.

З абвяшчэннем аўкцыёну стане вядома і будучае прызначэнне аб’екта

А можа хоспіс?

Паводле інфармацыі «Гродзенскай праўды», пасля рэканструкцыі ў будынку на вуліцы Васілька можа размясціцца хоспіс для анкахворых. Пра гэта ўзгадаў старшыня гарвыканама Мечыслаў Гой, калі расказваў пра перспектывы забудовы горада і, у прыватнасці, пра будаўніцтва анкалагічнага цэнтра. Яго плануецца пабудаваць у межах прыватна-дзяржаўнага партнёрства. Магчымы партнёр — Кувейцкі фонд арабскага эканамічнага развіцця.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]