Гродзенец Андрэй Мялешка, які ў 2021 годзе з’ехаў з Беларусі, адкрыў у грузінскім Батумі краму беларускай сімволікі. Ці складана было пачаць бізнес у Грузіі і што можна набыць у краме, гродзенец расказаў Hrodna.life.

“Тут вельмі добрыя ўмовы для бізнеса”. Гродзенец адкрыў у Грузіі краму беларускай сімволікі
Андрэй Мялешка. Крыніца: старонка Андрэя ў Facebook

Крама беларускай сімволікі Batumiby.ge працуе з 6 лютага. Паліцы запоўнілі за два апошнія тыдні. «Зараз мы працуем у тэставым рэжыме. У пачатку сакавіка адчынімся афіцыйна з музыкай і песнямі», — сказаў Hrodna.life уладальнік крамы Андрэй Мялешка.

Крама беларускай сімволікі Андрэя Мялешкі Batumiby.ge у Батумі
Вырабы ў краме Batumiby.ge. Фота: Андрэй Мялешка

Ад палічкі са значакамі і кубкамі да крамы

Да адкрыцця крамы Андрэй выстаўляў рэчы на продаж у батумскай шматфункцыйнай прасторы «Асяродак». Там у яго была толькі адна палічка з вырабамі, значакамі, кубкамі і іншымі рэчамі.

«Але мы вырашылі браць на рэалізацыю вырабы ў беларускіх і ўкраінскіх майстроў. Таксама гэта было запатрабавана ў беларусаў і ўкраінцаў, якія тут жывуць».

Крама беларускай сімволікі Андрэя Мялешкі Batumiby.ge у Батумі
Вырабы ў краме Batumiby.ge. Фота: Андрэй Мялешка

Наладзілі пастаўкі з Беларусі

Калі ў жніўні 2021 года ў Гродне ліквідавалі краму беларускай сімволікі «Адметнасць» частку тавараў атрымалася перавезці ў Батумі.

«Крама „Адметнасць“ была знішчана, таму я ўзяў частку тавараў на рэалізацыю. Калі мы перавозілі рэчы ў 2021 годзе, то троху быў мандраж, што мы не зможам перавезці», — распавёў Андрэй. Але ўсё атрымалася: «Мы наладзілі пастаўкі і перавозім з Гродна дасюль».

Паводле словаў Андрэя, у яго і зараз ёсць супраца і кааперацыя з «Адметнасцю», якая працуе анлайн. «Яны перадаюць значакі, дзеляцца прынтамі для цішотак».

Крама беларускай сімволікі Андрэя Мялешкі Batumiby.ge у Батумі
Вырабы ў краме Batumiby.ge. Фота: Андрэй Мялешка

Чытайце таксама: Крама «Адметнасць» у Гродне спыніла працу

Што можна набыць у краме Андрэя Мялешкі

У краме прадаюць кубкі, бранзалеты, значакі, нашыўкі, а таксама налепкі з беларускай і ўкраінскай сімволікай. Ёсць цішоткі з «Пагоняй», а таксама беларускія і ўкраінскія сцягі.

Таксама ў краме можна набыць маркі з прыватнай калекцыі Андрэя, які займаецца філатэліяй. Сярод іх: маркі Асобнага атрада Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама маркі часоў Украінскай Народнай Рэспублікі. «Іх час ад часу купляюць як рарытэт, што было 100 гадоў таму».

Крама беларускай сімволікі Андрэя Мялешкі Batumiby.ge у Батумі
Вырабы ў краме Batumiby.ge. Фота: Андрэй Мялешка

Таксама ў краме можна набыць нашыўкі і какарды з «Пагоняй», якія насілі вайскоўцы ў 1990-х гадах. Беларускія і ўкраінскія майстры шыюць і прыносяць на рэалізацыю маскі для сна, лялькі, шкарпэткі і шалікі. «Штодзённа з’яўляецца нейкі новы тавар», — сказаў Андрэй. Зараз з крамай супрацоўнічаюць ужо каля 10 майстроў, якія прыносяць і даюць свае вырабы на рэалізацыю.

Сярод майстроў ёсць і беларусы, якія займаюцца рамяством за мяжой. Напрыклад, гродзенец Вадзім Саранчукоў, які робіць падвескі і завушніцы з гербам Гродна.. «Ён прылятае, прывозіць свае вырабы. Зараз чакаем, што новага прывязе ў бліжэйшы час».

Чытайце таксама: «Мы не будавалі паветраныя замкі». Вадзім Саранчукоў распавёў, як у жніўні 2020 Гродна стаў «вольным горадам» і чаму гэта так хутка скончылася

Навошта ў краме беларускай сімволікі прадаюць яшчэ і ўкраінскую? Андрэй тлумачыць: «Украінская сімволіка — наша дапамога Украіне. Наша салідарнасць з тым, што там адбываецца [вайна Расіі супраць Украіны цягнецца ўжо больш за год — Hrodna.life]. У хуткім часе мы плануем паставіць скрыначку пад данаты для добраахвотнікаў з Беларусі».

Якія цэны ў краме беларускай сімволікі Batumiby.ge і хто там купляе

Кубак з «Пагоняй» можна набыць за 25 лары (24 рублі), цішоткі прадаюць ад 40 да 50 лары (38 — 48 беларускіх рублёў), шопер — 40 лары (38 рублёў), значакі і бранзалеты — 10 лары (9,5 рублёў).

Па пакупкі ў краму часцей прыходзяць беларусы і ўкраінцы, кажа Андрэй. «Сёння беларускі дзень — ужо з 11 гадзін прыходзілі беларусы. У пятніцу 24 лютага, у гадавіну пачатку вайны ва Украіне, заходзілі ў асноўным украінцы. Яны куплялі сцягі, значакі і бранзалеты. Таксама заходзілі рускія, якія куплялі ўкраінскую сімволіку. Грузіны пачалі заходзіць і купляць грузінска-украінскія значакі», — расказаў Андрэй Мялешка.

Крама беларускай сімволікі Андрэя Мялешкі Batumiby.ge у Батумі
Вырабы ў краме Batumiby.ge. Фота: Андрэй Мялешка

Адкрыць бізнес у Грузіі: складана ці не?

«Тут вельмі добрыя ўмовы для бізнеса. Мы працуем як мікрабізнес і не плацім падаткаў. Гэта магчыма, калі прыбытак не больш за 30 тыс. лары ($ 11 тыс.) у год. Калі ты перавышаеш суму, то трэба рэгістравацца як малы бізнес, — сказаў Андрэй. — Зараз у нас абароты не такія вялікія, таму пакуль мы пад 0% падаткаабкладання. Гэта Грузія зрабіла спецыяльна такія ўмовы, каб прыходзілі новыя бізнесы».

Памяшканне, у якім размяшчаецца крама, знаходзіцца ў цэнтры Батумі, паміж дзвюма асноўнымі вуліцамі. Плошча — 15 кв.м, там ёсць палічкі для тавару, месца дзе павесіць вырабы. За арэнду Андрэй плаціць $ 150 у месяц.

«Памяшканне без ацяплення, таму ставім пушку, каб нагрэць. Але апошнія дні добрае надвор’е — +19, таму працуем з адкрытымі дзвярыма».

Як знайсці краму беларускай сімволікі ў Батумі

Крама Batumiby.ge знаходзіцца на вуліцы 26 Траўня, 41.

Час працы:

  • у буднія — 11:00 — 19:00,
  • у выхадныя — 12:00 — 19:00.

Асартымент крамы можна паглядзець у Instagram.