У верасні ў Беларусі выйшаў новы ўказ аб дабрачыннай дзейнасці. Ён мае выключыць нямэтавае выкарыстанне сабраных сродкаў, павысіць празрыстасць працы фондаў і эфектыўнасць кантролю за імі. Псіхалагіня і экс-дырэктарка ліквідаванага Гродзенскага дзіцячага хоспісу Вольга Вялічка мяркуе, што зарэгуляванне сферы ёй толькі нашкодзіць.
Ва ўказе ёсць пазітыўныя моманты. Але выглядае на тое, што ён створаны не для развіцця дабрачыннасці, а для яе пераводу ва ўпраўленне дзяржавай.
Што за новы ўказ Лукашэнкі
Аляксандр Лукашэнка 7 верасня падпісаў Указ № 304 “Аб фондах і дабрачыннай дзейнасці ў сферы аховы здароўя”. Ён мае на мэце ўрэгуляваць праваадносіны ў гэтай галіне і актуалізаваць Агульныя палажэнні аб фондах.
Новыя падыходы і страта тэхналогій
Выглядае, што ўказ з’яўляецца працягам ліквідацыі фонда “KinderVita” і адказам на тое, што досыць шмат людзей зараз збіраюць грошы самастойна. Дзяржава ўбачыла канкурэнцыю з фондамі і вырашыла рэгуляваць гэтую сферу, мяркуе Вольга Вялічка. Сваю справу зрабілі і кейсы розыгрышаў ад блогераў пры збіранні грошай.
– Указ рэгулюе сферу дабрачыннасці менавіта ў сістэме аховы здароўя. А чаму сістэма аховы здароўя? Таму што гэта была, ёсць і будзе досыць уразлівая тэма для грамадзян. Трэба паказаць, што ў нас сацыяльна арыентаваная дзяржава і што мы клапоцімся аб гэтым, хаця клопату тут ніякага няма, – лічыць Вольга.

Таму фонды, якія займаліся дабрачыннымі зборамі, будуць вымушаны шукаць новыя падыходы ў сваёй працы, а людзі будуць у сацыяльных сетках “на каленях прасіць і маліць” дапамагчы – без вынайдзеных ужо тэхналогій.
Вольга адзначае, што дабрачыннасць – гэта не проста сабраць грошы і вылекаваць дзіця. Гэта культура, калі грамадства аб’ядноўваецца і дапамагае чалавеку, які апынуўся ў цяжкіх абставінах. Менавіта гэта культура зараз вынішчаецца.
Што змянілася для фондаў?
Падвоіўся мінімальны капітал, які мусяць унесці заснавальнікі фонду з медыцынскімі паслугамі. Раней сума складала 100 базавых велічынь для мясцовых фондаў і 1000 для рэспубліканскіх альбо для міжнародных, то бок 4500 і 45 000 адпаведна. Цяпер – 9000 і 90 000. Пры гэтым ахвяраванні грамадзян або юрыдычных асоб не залічваюцца.
– Дзяржава фактычна гаворыць: калі вы хочаце стварыць фонд, які б займаўся медыцынскай дапамогай – ён першапачаткова мусіць мець досыць сур’ёзную маёмасную базу. Вялікія фонды – напрыклад, Ірыны Абельскай (доктарка, кіраўніца Рэспубліканскана клінічнага медычнага цэнтра, меркаваная маці Мікалая Лукашэнкі – Hrodna.life), здолеюць гэта зрабіць. Але фондам, якія ствараюцца простымі людзьмі з сярэднім заробкам альбо крыху вышэй, будзе вельмі складана.
То бок стварыць фонд, які далей будзе існаваць выключна за кошт ахвяраванняў, будзе вельмі складана. На погляд Вольгі, такім чынам сістэма аховы здароўя спрабуе перастрахавацца.
Яшчэ адна важная змена – ахвяраванні больш нельга выкарыстоўваць на прадпрымальніцкую дзейнасць. Вялічка з гэтым пагаджаецца. У Гродзенсцім дзіцячым хоспісе, напрыклад, сродкі былі разведзены. Тое, што збіралася на дзяцей, не магло выкарыстоўвацца на заробкі альбо на аплату паслуг сувязі ці камунальных паслуг. Прыватныя і юрыдычныя асобы ведалі, што праца, напрыклад, псіхолага, каштоўная, – і фінансавалі менавіта яе.

Новы ўказ паўплывае на заробкі з фондах
Але паводле новага ўказа, на зарплаты супрацоўнікаў фонду мусіць ісці не больш за 20% ад усіх паступленняў за год. Вольга крытыкуе гэтае новаўвядзенне. Паводле яе, гэты працэнт не можа ўключаць заробак псіхолага, сацыяльнага работніка, дырэктару – паслугі, скіраваныя на аказанне дапамогі.
– Тут яшчэ такі небяспечны момант, што будзе стварацца ўяўленне, што людзі, якія працуюць з патрэбамі іншых людзей – гэта людзі, якія мусяць жыць святым духам. Гэта абсалютна ненармальна. Чалавек, які працуе з тэмай дабрачыннасці, мусіць збіраць ахвяраванні не праз жаль і шкадаванне. Дабрачыннасць – гэта суперскладаны механізм, які патрабуе суперскладаных інструментаў працы з грамадствам. Ёй займаюцца людзі, якія мусяць быць падрыхтаваныя да гэтага, з мазгамі, і іх заробак мусіць быць адэкватны гэтаму. І вось тут вялікая праблема – што парог уваходу будзе зніжацца.
Ва ўказе з’яўляецца абавязак публічнай справаздачнасці. Фонды сферы аховы здароўя мусяць прадастаўляць інфармацыю пра даходы і расходы мясцовым выканаўчым органам і даводзіць яе да агульнай вядомасці.
Што для фізасобаў?
Што датычыць фізічных асоб, для іх уводзяць так званы ліміт збору. Ён будзе зафіксаваны ў банкаўскіх дамовах на адкрыццё дабрачыннага рахунку. То бок адна фізасоба можа мець не больш за адзін рахунак на канкрэтнага чалавека, які мусіць адпавядаць мэце збору. Калі на рахунак паступіла больш грошай, чым прапісана ў дамове, у чалавека ёсць тры месяцы, каб перавесці лішак на іншыя дабрачынныя рахункі. Цяпер, калі грошы застаюцца на рахунку больш чым на шэсць месяцаў, банк мусіць паведаміць Міністэрству фінансаў і Міністэрству аховы здароўя.
– Дзяржава стварае досыць шчыльную сістэму абмежавання і кантролю – тое, што яны называюць празрыстасцю. Гэта нармальна, але ў беларускіх рэаліях гэта супернебяспечна, таму што няма выбудаванай інфраструктуры, але ёсць вялікія абмежаванні. І, канешне, якасць дабрачыннага фандрайзінгу гэта будзе паніжаць.
“Калі людзі захварэлі, якая розніца, якіх яны палітычных поглядаў?”
Ва ўказе напісана, што фонд не павінен кіравацца мэтамі, звязанымі з выражэннем палітычнай волі грамадзян.
– Але пры чым тут сістэма аховы здароўя? Пры чым тут зборы на хворых людзей, якая розніца, якіх яны палітычных поглядаў? Атрымліваецца, фонды, якія займаюцца сістэмай аховы здароўя, мусяць яшчэ трымаць у галаве палітычную волю грамадзян. Калі людзі захварэлі, якая розніца, якія ў іх колер скуры, якой яны рэлігіі і якіх яны палітычных поглядаў? Калі чалавек супраць той улады, якая ёсць, яму забаронена збіраць ахвяраванні? Гэта выглядае суперпапулісцкім і суперпалітызаваным.
Указ створаны не столькі для развіцця дабрачыннасці, колькі для яе пераводу ва ўпраўленне дзяржавай, лічыць Вольга. Ёсць у ім і пазітыўныя моманты, якія выключаюць злоўжыванні. Але агулам ён ускладняе і так складаную сістэму аховы здароўя. Ёсць рызыка, што дабрачыннасць будзе сыходзіць у ценявую сферу. Людзі будуць проста перадаваць грошы адзін аднаму, і Вольга назірае гэта ўжо зараз:
– Гэта нармальна, што ў сістэмы аховы здароўя можа не хапаць грошай. І гэта натуральна, нармальна, каб грамадзяне падтрымлівалі тых людзей, якія зараз патрабуюць дапамогі. У нас, у беларусаў, ёсць такі культурны код. Гістарычна мы схільныя да талакі. Але чым больш нас рэгулююць, тым менш у нас будзе ўнутранага жадання ў гэта ўвязвацца.


