У Беларусі на 16 чэрвеня зарэгістраваныя 55 369 (+689) чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Ачунялі і выпісаныя 31 273 (+853) чалавек, памерлі 318 (+6) пацыентаў, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

Усяго праведзена 760 549 тэстаў.

Лукашэнка: жыць можна, калі выйдзем з пандэміі

Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра пандэмію каранавіруса падчас візіту ў Гродна. Прэзідэнт Беларусі бачыць добрыя магчымасці для эканамічнага развіцця краіны і ў тым ліку звязвае іх з больш хуткім выхадам свету з пандэміі, піша БЕЛТА.

«Жыць можна. Трэба толькі каб хутчэй выйшлі ўсе з гэтай пандэміі. Таму што эканоміка экспартна арыентаваная. Чым хутчэй адкрыецца свет пасля гэтай хваробы, тым лепш будзе для Беларусі», — падкрэсліў прэзідэнт.

Швецыя: калектыўны імунітэт не набылі, эканоміка не выстаяла

Шведскія ўлады здзейснілі памылку, калі адмовіліся ўводзіць жорсткія абмежаванні для барацьбы з эпідэміяй COVID-19. Пра гэта ў інтэрв'ю РБК заявіў навуковы дарадца ўрада Новай Зеландыі, прафесар Майкл Бэйкер. Паводле яго слоў, падыход Швецыі да барацьбы з вірусам засноўваўся на трох няслушных гіпотэзах.

  • «Першая гіпотэза складалася з таго, што нават ва ўмовах распаўсюджвання віруса [і адсутнасці маштабнага локдаўна] вы можаце абараніць грамадзян, якія ўваходзяць у групы рызыкі, але ў шведаў гэтага не атрымалася», — адзначыў ён. Раней галоўны эпідэміёлаг краіны Андэрс Тэгнел прызнаў, што ўлады не змаглі прадухіліць з’яўленне ачагоў захворвання ў дамах састарэлых, што забрала жыцці пажылых людзей. Акрамя таго, смяротнасць ад віруса ў Швецыі вышэйшая, чым у суседніх Нарвегіі, Даніі і Фінляндыі.
  • Згодна з другой гіпотэзай, якую вылучалі дарадцы шведскіх уладаў, насельніцтва краіны зможа хутка набыць калектыўны імунітэт, указаў Бэйкер. «Зрэшты, асаблівых зрухаў тут таксама не адбылося», — сказаў ён. Паводле статыстыкі, толькі ў Стакгольме на COVID-19 перахварэлі менш за 10%, а для выпрацоўкі «калектыўнага імунітэту» неабходна пераадолець парог у 60% тых, хто захварэў па ўсёй краіне.
  • «Трэцяя гіпотэза заключалася ў тым, што адсутнасць каранцінных мер дазволіць пазбегнуць эканамічных выдаткаў, але і такія надзеі не апраўдаліся», — удакладніў Бэйкер. Як вынікае з прагнозаў Еўракамісіі, ВУП Швецыі па выніках 2020 года ўпадзе на 6,1%.

Бэйкер адзначыў, што асабіста знаёмы са шведскімі экспертамі-эпідэміёлагамі і паважае іх як прафесіяналаў. «На момант пачатку пандэміі ніхто не мог сказаць напэўна, які шлях правільны, а які не, і аргументы шведскіх навукоўцаў мелі пад сабой некаторую логіку. Тым не менш варта прызнаць, што Швецыя дапусціла памылку», — сказаў ён, выказаўшы надзею, што каралеўства адкарэктуе сваю стратэгію барацьбы з вірусам.

Хроніка каранавіруса ў Гродне