Па стане на 30 ліпеня каранавірусам заразіліся 67 665 беларусаў, ачунялі і выпісаныя 61 765 пацыентаў. 553 чалавекі з пацверджаным COVID-19 памерлі, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

За апошнія суткі ў Беларусі выявілі 147 новых выпадкаў, паводле афіцыйных звестак, памерлі 5 чалавек, 323 пацыенты ачунялі.

Агулам за перыяд распаўсюджвання каранавіруса ў Беларусі правялі 1 288 586 тэстаў.

Ва Украіне — новыя правілы ўезду

Украіна зменіць патрабаванні па тэсціраванні на каранавірус для ўездду з краін чырвонай зоны, паведамляе avianews.com. Яны прадугледжаны пастановай № 641 ад 22 ліпеня і ўступаюць у сілу з 1 жніўня.

Цяпер, калі чалавек не хоча праходзіць 14-дзённую самаізаляцыю пад кантролем дадатку «Дій вдома» або абсервацыю ў спецыяльных установах, ён можа прайсці ПЦР-тэст на каранавірус за мяжой.

Такі тэст павінны быць зроблены не больш чым за 48 гадзін да ўезду ва Украіну. Пры адмоўным выніку тэставання 2-тыднёвы каранцін пасля ўезду ва Украіну не патрэбны.

Да гэтага там прызнавалі вынікі ПЦР-тэстаў, праведзеных толькі ва ўкраінскіх лабараторыях.

З 1 жніўня ў чырвоны спіс будуць уносіць дзяржавы, дзе колькасць новых выпадкаў каранавіруса на 100 тысяч насельніцтва за апошнія 14 дзён перавышае аналагічны паказнік ва Украіне, або прырост колькасці захварэлых за апошнія 14 дзён перавышае аналагічны за папярэднія 14 дзён на 30%. Спіс краін будзе фармавацца міністэрствам аховы здароўя Украіны і абнаўляцца кожныя 7 дзён.

Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) лік заражаных каранавірусам у свеце перавысіла 16,55 мільёнаў, 656 тысяч чалавек памерлі. Згодна з актуальнымі дадзенымі Універсітэта Джонса Хопкінса, усяго на 30 ліпеня заразіліся больш 16,97 млн чалавек, звыш 666 тысяч хворых памерлі.

Хроніка каранавіруса ў Гродне