Выпрабаванне маста па праспекце Кляцкова ў Гродне плануюць правесці з 14 па 17 лютага. Абследаваць будуць надапорныя сячэнні № 6, 7, 8 і пралётныя збудаванні. Гэта стала вядома з сайта дзяржзакупак. На дадзены момант мост рамантуюць.

Пасля выпрабаванняў выдадуць заключэнне аб тэхнічным стане будаўнічых канструкцый з рэкамендацыямі па ліквідацыі выяўленых дэфектаў і віду рамонтных работ.

Дзяржзакупку праводзіла Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка. Арыенціровачны кошт — 33 100 рублёў з бюджэтных сродкаў. Закупка з адной крыніцы завяршылася 3 лютага. Інфармацыі аб тым, хто будзе праводзіць выпрабаванне, пакуль няма. На дзяржзакупку пра запыт цэнавых прапаноў паступіла адна заяўка ад Рэспубліканскага даччынага унітарнага прадпрыемства «Беларускі дарожны навукова-даследчы інстытут «БелдарНДІ».

Мост за 35 гадоў не рамантавалі

Рамонт маста пачалі 10 студзеня 2022 года. Для руху аўтамабіляў мост не перакрылі цалкам, толькі адну палову. Падчас рамонту плануюць замяніць агароджу на ўсім мосце, разабраць тратуар і пакласці новы асфальт, а таксама зрабіць новы дарожны борт. Акрамя гэтага, плануюць замяніць дэфармацыйныя швы. Ідэі рэканструкцыі Румлёўскага, старога і Новага мастоў абмяркоўваліся яшчэ ў 2018 годзе. З моманту ўвядзення ў эксплуатацыю ў 1986 годзе мост ні разу не рэканструявалі і не праводзілі на ім капітальнага рамонту.

Што ўжо зроблена?

Гарадзенскі фатограф Сяргей Марозаў зняў будоўлю з дрона і падзяліўся фотаздымкамі з чытачамі «АвтоГродно». Па здымках відаць, што будаўнікі ўжо разабралі большую частку тратуара і парэнчаў на закрытым баку Румлёўскага маста. Пад тратуарам агаліліся камунікацыі, іх таксама будуць перакладаць. З боку АЗС будаўнікі пачалі ўсталёўваць на мосце часовыя падпоркі. Для гэтага будаўнікі спускаюцца пад мост у калысцы спецтэхнікі.

Чытайце таксама: