Рэстаран у фларэнтыйскай стылістыцы Boboli адкрыюць на Замкавай у Гродне. Уласнікі пазіцыянуюць месца як нэабістро. Зараз у памяшканні ідзе рамонт, паведамілі ў Instagram установы.

У цэнтры Гродна адкрыюць рэстаран у фларэнтыйскім стылі
Праект інтэр'ера нэабістро Boboli. Крыніца: Старонка рэстарана ў Instagram

Дзе адкрыецца Boboli

Нэабістро Boboli размясцілася ў гандлёвым цэнтры «На Замкавай» («Доме рыбака»). Установу назвалі ў гонар садова-паркавага ансамбля ў Фларэнцыі. Сады Боболі - прыклад італьянскага маньерызму другой паловы XVI стагоддзя. Інтэр'ер рэстарацыі плануюць зрабіць у стылістыцы гэтага парку.

Чытайце таксама: Адкрыецца без рыбкі. Ці патрэбны гораду «гістарычны» Дом рыбака

Што такое нэабістро і чым там будуць карміць

Канцэпцыя нэабістро — прыгатаванне простых і зразумелых страваў, напісалі ў Instagram установы. Уладальнікі ўстановы абяцаюць, што прадукты будуць загатаўліваць на ўласнай ферме.

У меню абяцаюць еўрапейскую кухню з акцэнтам на Італію. Там будуць стэйкі, морапрадукты, рыба, пасты, рызота, птушка і класічныя дэсерты ў аўтарскім выкананні.

Дакладная дата адкрыцця пакуль невядома. Уладальнікі нэабістро Boboli абяцаюць адкрыць установу праз некалькі тыдняў.

У «Доме рыбака» ўжо працуюць шоўрум гродзенскага брэнда Zvonkomadewithlove і кавярня «Крепкий белый».