У Гродне скончыўся конкурс ідэй для добраўпарадкавання набярэжнай Нёмана. Гродзенцы прыслалі 23 ідэі свайго бачання абноўленай нябярэжнай. Некаторыя варыянты паказаў тэлеканал «Беларусь 4 Гродна».

Экасцежка, амфітэатр і гульнявы замак на выспе. Як гродзенцы бачаць добраўпарадкаванне набярэжнай Нёмана
Праект гульнявога замка на нёманскай выспе. Скрыншот тэлеканала «Беларусь 4 Гродна»

Паводле плана, добраўпарадкаваць плануюць два берагі Нёмана. Правы — ад Новага моста да чыгуначнага моста — 2,5 км. Левы — ад порта да Старога моста — больш за 500 м.

Тры самыя папулярныя ідэі агучыла кіраўніца ўпраўлення тэрытарыяльнай планіроўкі, горадабудаўніцтва і архітэктуры Гродзенскага аблвыканкама Ганна Кароза:

  • экасцежка, якая аб’ядноўвае бераг, ваду і выспу;
  • арганізацыя пешаходнага моста праз Нёман, каб звязаць два берагі;
  • стварэнне амфітэатра.

Таксама сярод ідэй былі прапановы стварыць рачны трамвай альбо гульнявы замак на выспе каля Новага моста.

Пераможца атрымае грашовую ўзнагароду

Конкурс адбываўся з 15 верасня па 1 лістапада 2023 года. Пераможцам абяцаюць грашовыя ўзнагародны: за першае месца грамадзяне змогуць атрымаць 6 000 рублёў, студэнты і навучэнцы — 7 000 рублёў, а праектыроўшчыкі, архітэктары, дызайнеры — 9 000 рублёў.

Што з набярэжнай зараз?

Telegram-канал Urban Hrodna вылучыў найбольш актуальныя праблемы:

  • практычна няма лавачак, каб адпачыць;
  • няма зручных спускаў да вады;
  • тусавацца на набярэжную прыязджаюць (гараджанам гэта важна!), але на машынах, гэта робіць прастору небяспечнай;
  • летам няма ценю;
  • нявыкарыстаныя схілы. Там можна было б зрабіць тэрасныя спускі з лавачкамі, ландшафтныя кампазіцыі з раслін, летнія сцэны і шмат чаго яшчэ;
  • няма грамадскіх прыбіральняў;
  • не вылучаны веладарожкі;
  • мог бы быць фудкорт, але яго няма;
  • частка набярэжнай на вул. Рыбацкай наогул ніяк не ўладкована нават для людзей, што там жывуць — пабіты асфальт, ямы, пыл.

Частку набярэжнай у рамках свайго праекта плануюць уладкаваць новыя ўладальнікі піўзавода. Тэрыторыя не будзе агароджана, як зараз, будзе спуск да ракі.

Праект быў - грошай не было

Праект добраўпарадкавання набярэжнай ад вусця Гараднічанкі да Новага моста даўно распрацаваны ў інстытуце «Гроднаграмадзянпраект», пісаў у лісце да Hrodna.life архітэктар Аляксандр Штэн у 2019 годзе. Адна з прычын, чаму ён не рэалізаваны — у бюджэте няма для гэтага грошай.

Чытайце таксама: Грамадскія грылі, выхад да ракі, няма машын: гродзенец прыдумаў, як ажывіць набярэжную Нёмана