Адкрыты пасля рэканструкцыі Стары замак у Гродне стаў звышпапулярным і ва ўязных, і ўнутраных турыстаў. Але наведаць яго летам 2023 года аказалася складана, і не толькі з-за абмежаванай плошчы. Вінаваты абноўлены Кодэкс аб культуры.

Паводле абноўленага Кодэксу, «экскурсійнае абслугоўванне наведвальнікаў музеяў ажыццяўляецца толькі работнікамі гэтых музеяў. Экскурсійнае абслугоўванне наведвальнікаў музея іншымі асобамі забаронена». Гэта значыць экскурсаводы, нават атэставаныя Нацыянальным агенцтвам па турызме, але якія не працуюць у штаце музея, экскурсій там праводзіць не могуць.

Для невялікіх музеяў з малой наведвальнасцю амаль нічога не змянілася. Але вось у буйных і запатрабаваных у турыстаў музейных комплексах улетку турфірмы сутыкнуліся з праблемамі. Супрацоўнікаў музея для абслугоўвання груп проста не хапала. Такая сітуацыя была ў гродзенскім Старым замку, у Хатыні, у Нясвіжскім замку, у Брэсцкай крэпасці. У Хатыні летам да працы прыцягвалі валанцёраў-студэнтаў, бо паток турыстаў быў вельмі вялікі. Тураператарам стала складана пацвярджаць групам магчымасць наведвання, расказалі на Круглым стале 12 снежня ў Мірскім замку.

Праблема недахопу экскурсаводаў была ў Старым замку яшчэ ўлетку 2022 года. Тады экскурсіі трэба было заказваць за месяц-два.

Прапанавалі проста павялічыць працоўны дзень

На сустрэчы ў Мірскім замку прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства культуры, Міністэрства спорту і турызму, аблвыканкамаў, дзяржаўных музеяў і буйных тураператараў унутранага і ўязнога турызму.

Каб вырашыць праблему, у Міністэрстве культуры вырашылі павялічыць гадзіны працы музейных супрацоўнікаў у святочныя і выхадныя дні. Кодэкс пераглядаць не збіраюцца. Прадстаўнікі турфірмаў жа прапануюць дапушчаць да правядзення экскурсій у самых запатрабаваных музеях дасведчаных экскурсаводаў, атэставаных Нацыянальным агенцтвам — хаця б пасля праслухоўвання.

Яшчэ адна праблема з-за новаўвядзенняў - стала складана ўключыць у турыстычныя праграмы і маршруты анімацыйныя, музычныя, культурна-забаўляльныя дапаўненні. Гэта забаронена рабіць без гастрольнага пасведчання. Пакуль тураператары, заказваючы экскурсію ў музей ці на аграсядзібу, там жа заказваюць і анімацыйную частку.

Сустрэча ў Мірскім замку — другая такога фармату. Першая праходзіла ўлетку 2023 года. Наступную сустрэчу запланавалі правесці ў Гродзенскай вобласці.

У экскурсаводаў таксама праблемы

У канцы 2022 года Савет міністраў пастанавіў не дапускаць да атэстацыі для працы экскурсаводам або гідам-перакладчыкам беларусаў, асуджаных па «пратэстных» ці «палітычных» артыкулах.

Без атэстацыі ж экскурсаводы і гіды-перакладчыкі не могуць працаваць з верасня 2022 года. Для яе трэба здаць два іспыты: адказаць на пытанні на камп’ютары і здаць вусны іспыт. Пасля гэтага экскурсаводу выдадуць пасведчанне, пералік тэм экскурсій і бэйдж. Тэрмін дзеяння гэтых дакументаў - пяць гадоў. Каб прайсці атэстацыю, трэба пастаянна жыць у Беларусі, мець поўную вышэйшую, сярэднюю спецыяльную адукацыю або няпоўную вышэйшую (але не менш за тры курсы).

Калі турысты паскардзяцца на якасць экскурсійнага абслугоўвання альбо значнае адступленне экскурсавода ад зацверджанай тэмы, дзеянне пасведчання могуць прыпыніць на тэрмін да аднаго года.

Таксама Савет Міністраў увёў нацыянальны рэестр экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, а таксама аўдыягідаў.

Чытайце таксама: Аграсядзіб у Гродзенскім раёне стала ўдвая менш: як дабівалі квітнеючую сферу