Палітычнага актывіста і заснавальніка крамы «Адметнасць» Сяргея Верамеенку і журналіста ды праваабаронцу «Вясны» Уладзіміра Хільмановіча абвінавачваюць паводле арт. 361−4 КК «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Інфармацыю аб распачатай спецвытворчасці апублікаваў Telegram-канал ведамства. Яшчэ раней спецыяльную вытворчасць пачалі ў адносінах да гродзенкі Вольгі Вялічкі.

Хто такія Верамеенка і Хільмановіч

Журналіст і праваабаронца Уладзімір Хільмановіч даўно прыцягваў увагу ўладаў. Яшчэ ў 2000-х і 2010-х яго адпраўлялі на асабісты дагляд пры перасячэнні мяжы, вылікалі на размовы ў міліцыю і КДБ, складалі пратаколы і судзілі за «несанкцыянаваныя пікеты».

У сакавіку 2021 года Хільмановіча выклікалі ў СК у якасці сведкі па справе праваабарончага цэнтра «Вясна». Пасля гэтага ён пакінуў Беларусь. Ужо ў эміграцыі стала вядома, што ў дачыненні да Хільмановіча распачата крымінальная справа па арт. 361−4.

У снежні 2023 года ў гродзенскай кватэры жонкі Уладзіміра Хільмановіча адбыўся ператрус. Супрацоўнікі міліцыі апісалі бытавую тэхніку і канфіскавалі некаторыя рэчы актывіста.

Актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і стваральнік гродзенскай крамы «Адметнасць» Сяргей Верамеенка неаднаразова адбываў адміністрацыйныя арышты за ўдзел у мірных акцыях, у тым ліку за акцыі недармаедаў у 2017 годзе. Апошні раз яго асудзілі за ўдзел у акцыі 19 жніўня 2020 года. У сакавіку 2021 года ў кватэры Верамеенкі адбыўся ператрус — забралі майкі і значкі з «Пагоняй», тэлефон і ноўтбук жонкі Сяргея. З-за пастаяннага ціску з боку сілавікоў Сяргей пакінуў Беларусь.

Тыдзень раней, 5 сакавіка 2024, Следчы камітэт распачаў спецыяльную вытворчасць супраць экс-дырэктаркі Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольгі Вялічкі. Яе абвінавачваюць паводле ч.1 арт.130, арт.193−1, ч.3 арт.203−1, ч.3 арт.210, ч.1 арт.342, чч.1, 2 арт.361−4, ч.2 арт.367 КК. Яна таксама ўжо некалькі гадоў не жыве ў Беларусі.

Усе гэтыя тры гродзенцы знаходзяцца ў базе вышуку расійскага МУС. У вышук у Беларусі і Расіі аб’яўленыя і іншыя вымушаныя палітычныя эмігранты з Гродна і Гродзеншчыны.

Што такое спецвытворчасць

Летам 2023 года Крымінальна-працэсуальны кодэкс дапоўніўся главой «Спецыяльная вытворчасць». Спецвытворчасць вядзецца па крымінальных справах у дачыненні да абвінавачаных, якія знаходзяцца за межамі Беларусі і «ўхіляюцца ад яўкі» ў адпаведныя органы. Новы механізм дазваляе ўладам судзіць людзей завочна.

Да фігурантаў спецвытворчасці СК можа накладваць маёмасныя спагнанні, каб асуджаныя «кампенсавалі шкоду, нанесеную злачынствам». У тым ліку СК можа прымяняць «спецыяльную канфіскацыю», адбіраючы нерухомасць праз судовую пастанову.