Гродзенская кампанія «Формула вады» 6 жніўня на аўкцыёне купіла стогадовы драўляны дом па вуліцы Міцкевіча, 9. Гістарычны будынак абыйшоўся ў 116 тыс. рублёў.

За дом змагаліся два ўдзельнікі. Стартавая цана аб’екта складала амаль 79 тыс. рублёў. З малатка лот сышоў за 116 тыс. рублёў.

«Мы рады, што набылі гэты дом у гістарычнай частцы горада, — распавядае дырэктар кампаніі „Формула вадыАляксандр Гаўрылаў. — У нас уся каманда з Гродна, мы займаемся развіццём рэгіёну і любім сваю гісторыю. Цяпер для нас галоўная задача — захаваць гістарычны аб’ект і ўключыць яго ў турыстычны маршрут. Вядома, ёсць пэўная асцярога, звязаная з адміністрацыйнымі нормамі, але, я думаю, мы пройдзем праз усе гэтыя цяжкасці».

Што з’явіцца ў доме?

Кампанія «Формула вады» хоча аднавіць дом так, як ён выглядаў на момант пабудовы ў пачатку 20 стагоддзя. У планах на першым паверсе зрабіць рэстаран і невялікі музей, дзе раскажуць гісторыю жыхароў раёна Новы свет. На другім паверсе плануецца апарт-гатэль.

Дом спрабавалі прадаць і раней

У траўні 2019 года гарадскія ўлады планавалі прадаць адным лотам зямлю на вуліцы Міцкевіча з чатырма нежылымі пабудовамі № 5, 7, 7а і 9. Дамы прадавалі пад знос і будаўніцтва на іх месцы будынка грамадскага прызначэння. Гродзенскія краязнаўцы і гісторыкі выступілі супраць такога продажу. У выніку пакупнікоў так і не знайшлося.

Чытайце таксама: Старыя дамы на Міцкевіча паспрабуюць захаваць. Іх будуць прадаваць па адным

Гісторык Мечыслаў Супрон быў у 2019 годзе адным з ініцыятараў надання дамах па вуліцы Міцкевіча статусу гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Дамы — прыклад гарадской архітэктуры мяжы 19−20 стагоддзяў, такіх пабудоў у Гродне амаль не засталося, казаў Супрон. Будынак у спіс каштоўнасцяў так і не ўнеслі, але дзякуючы грамадскаму рэзанансу іх удалося захаваць ад зносу.

Сімвал Новага свету прадалі на аўкцыёне. Яго захаваюць для прыцягнення турыстаў
Злева — дом № 9, які купілі на аўкцыёне. Справа — дом № 7 («Дом з цмокамі»), на які на аўкцыёне ніхто не прэтэндаваў.

У 2020 годзе гарадскія ўлады сталі выстаўляць драўляныя дамы па адным на аўкцыён. У чэрвені за дом № 9 горад хацеў 149 тыс. рублёў, але і тады на пабудову не знайшлося пакупнікоў. Тады цану знізілі на 50% - стартавы кошт 6 жніўня складаў 79 тыс. рублёў.

Што казаў нашчадак уласніка былога ўладальніка дома?

У 2019 годзе Hrodna.life удалося знайсці нашчадка ўласніка былога ўладальніка дома па Міцкевіча, 9. У 87-гадовага гродзенца Даната Кур’яновіча захаваліся дакументы аб тым, што дом пабудаваў у пачатку 20 стагоддзя ягоны дзед.

Чытайце таксама: Наследник владельца дома на Мицкевича: «Думаете, я бы довел его до такого состояния?»

«Вы думаеце, я б давёў сямейны дом да такога стану як зараз? Ніколі ў жыцці. Дом забрала савецкая ўлада і не сачыла за ім, вось ён і развальваецца. А яны зараз вырашаюць, што рабіць з маім сямейным домам. Я кажу: зносіць нельга! — сказаў Hrodna.life ў красавіку 2019 года Данат Кур’яновіч. — Лагічна і правільна — вярнуць дом сапраўднаму спадчынніку. У мяне ёсць дзеці і ўнукі, якія ведаюць усю гісторыю і працягваюць жыць у гэтым горадзе, захоўваць сямейныя традыцыі. У любым выпадку спадчыннікі ёсць і вырашаць лёс дома павінны яны. Усе дакументы ў нас ёсць».

Сімвал Новага свету прадалі на аўкцыёне. Яго захаваюць для прыцягнення турыстаў
Данат Кур’яновіч разглядае дакументы на сямейны дом. Дазвол на будаўніцтва дома быў выдадзены гарадскімі ўладамі ў студзені 1909 года.

Што яшчэ прадалі на аўкцыёне?

Таксама 6 жніўня на аўкцыёне прадалі дом № 1 па вуліцы Міцкевіча. Пабудова міжваеннага перыяду абышлася пакупніку ў 61 тыс. рублёў. Там у будучыні з’явіцца адміністрацыйны цэнтр з офісамі. На дом № 7 вядомы, як «дом з цмокамі», не знайшлося пакупнікоў.

Чытайце также: Новы цмок для дома з цмокамі. Што намалявала мастачка за тыдзень арт-марафону ў Новым Свеце