У сераду бацькі палітвязьня Дзьмітрыя Фурманава прынесьлі сыну перадачу ў менскае СІЗА № 1. Аднак ім сказалі, што Зьмітра ў ізалятары «Валадаркі» няма, яго перавялі ў Жодзіна — у турму нумар 8, піша «Радыё С**бода».

Пра гэта расказала С**бодзе Вольга Каракіна, дзяўчына Зьмітра. Яна разам з маці палітвязьня Вольгай Іванаўнай зь нядзелі, 26 ліпеня трымае галадоўку каля сьцен СІЗА. Яе выганяюць з лавы каля СІЗА, бо нібыта зьбіраюцца тую лаву фарбаваць.

Зьмітра Фурманава, блізкія якога галадаюць ля мінскага СІЗА, перавялі ў Жодзіна
Вольга Каракіна, дзяўчына Зьмітра, і яго маці Вольга Іванаўна ля СІЗА ў Мінску

Бацькі Зьмітра ў сераду паехалі ў Жодзіна, Вольга Каракіна засталася каля СІЗА ў Менску, бо шмат народу прыходзіць падтрымаць галадоўнікаў.

Чытайце таксама: Ціханоўская сустрэлася з маці і дзяўчынай палітвязня Фурманава, якія абвесцілі галадоўку

Сытуацыя ўскладняецца тым, што з учорашняга дня адвакат Зьмітра Фурманава знаходзіцца ў адпачынку.

«Па словах адваката, Дзіму хочуць падоўжыць тэрмін зняволення яшчэ мінімум на месяц. Ён ні за што быў затрыманы, як і іншыя палітычныя актывісты ў той дзень. У нас іншага выйсця няма, каб ім дапамагчы, як абвясціць галадоўку. Мы заклікаем падтрымаць нашыя патрабаванні», — распавядала Hrodna.life Вольга Каракіна раней.

Патрабаванні блізкіх Дзмітрыя Фурманава:

  1. Неадкладнае вызваленне палітычных зняволеных, незаконна ўтрымліваюцца ў СІЗА № 1 у Мінску.
  2. Спыненне крымінальных спраў па артыкуле 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Зьмітра Фурманава, блізкія якога галадаюць ля мінскага СІЗА, перавялі ў Жодзіна
Дзмітрый Фурманаў сядзіць ля стала. Фота зроблена 29 траўня, за некалькі гадзін да затрымання

Чытайце таксама: «ОМОН не может быть свидетелем». Дмитрия Фурманова из Гродно могут наказать дважды

Зьмітра Фурманава затрымалі 29 траўня ў Горадні. Яго забралі проста зь пікету, дзе быў затрыманы і Сяргей Ціханоўскі. Зьмітра схапілі людзі ў цывільным і вынесьлі разам з крэслам з-за стала, дзе Зьміцер зьбіраў подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую. Забралі на вачах бацькоў і дзяўчыны Вольгі. Некалькі маладзёнаў закінулі яго ў сіні мікрааўтобус і павезьлі ў Менск. З 30 траўня па 28 ліпеня Зьміцер Фурманаў утрымліваўся ў менскім СІЗА № 1.

Што адбылося ў Гродне ў дзень візіта Ціханоўскага?

У Гродне затрымалі палітычных актывістаў. Увечары 29 траўня на пікеце падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбыўся інцыдэнт, у выніку якога блогера Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго прыхільнікаў затрымала міліцыя. Сярод затрыманых — сябра ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў. Удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага апазналі ў сацсетках.

Затрыманні працягнуліся на наступны дзень. 30 траўня затрымалі актывіста Мікалая Саляніка, які днём раней вёў перамовы з кіраўніцтвам міліцыі і спрабаваў даведацца, за што быў затрыманы і дзе знаходзіцца Ціханоўскі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў спіс затрыманых у Гродне. Частку з іх перавезлі ў Мінск.

Гэта не спыніла ініцыятыўную групу Ціханоўскай. Афіцыйна было заяўлена, што падчас інцыдэнту пацярпеў міліцыянт. Узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Нягледзячы на ​​гэта, на наступныя дні да пікету Святланы Ціханоўскай выстраіліся чэргі — людзі стаялі, каб аддаць подпіс, нават пад дажджом.

Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі вязьнямі.

У выніку пад удар патрапілі і выпадковыя людзі. Увечары 29 траўня ў сацсетках пачалося цкаванне выпадковага чалавека, якога прынялі за супрацоўніка органаў у цывільным, які ўдзельнічаў у затрыманні ў Гродне. У дзяржаўных СМІ з другога боку пачалося цкаванне 81-гадовай пенсіянеркі Галіны Філіпаўны, якая падчас стрыму з Савецкай плошчы выказалася супраць Лукашэнкі і ў падтрымку Ціханоўскіх. Пенсіянерку Станіславу Дамшэль, якая 29 траўня таксама была на Савецкай, абвінавацілі ў дробным хуліганстве, але яна не пусціла міліцыю да сябе дадому. Выпадковыя людзі былі і сярод затрыманых на плошчы.

Чытайце таксама: У Гродне з’явіліся паштоўкі салідарнасці. На іх намаляваны палітзняволеныя