Участак на вуліцы Асіпенкі, 3 у раёне Настаўніцкай калоніі выставілі на аўкцыён. Там зараз знаходзіцца закінуты будынак 1930-х гадоў, але ўчастак прадаецца менавіта пад праектаванне і будаўніцтва жылога дома. Гэта значыць, што арыгінальны будынак, верагодна, зруйнуюць.

Рэдкі прыклад драўлянага канструктывізму ў Гродне выставілі на аўкцыён: яго, верагодна, знясуць, каб пабудаваць копію
Будынак на вуліцы Асіпенкі, 3. Крыніца: gcn.by

Пачатковая цана арэнды ўчастка плошчай 0,11 га на 50 гадоў - 8,5 тыс. рублёў. Пераможцу аўкцыёна трэба будзе не проста збудаваць нешта, але аднавіць канструкцыйныя і стылістычныя асаблівасці менавіта таго будынка, які стаіць на ўчастку зараз, паведаміў Гродзенскі цэнтр нерухомасці. Дата аўкцыёна пакуль не вядома.

Навабуд мае быць максімальна падобны да арыгіналу?

Пераможца таргоў зможа пабудаваць максімум прохпавярховы будынак не вышэйшы за 11 метраў ад узроўню зямлі да вышэйшай кропкі даху. Ён павінен будзе аднавіць фасады ў стылістыцы драўлянай архітэктуры, характэрнай для існуючай гістарычнай забудовы Новага свету і Настаўніцкай калоніі. З архітэктурных асаблівасцяў элементаў фасадаў трэба прымяніць драўляныя матэрыялы для аддзелкі і выключыць дысаніруючыя элементы. Таксама праекціроўшчыкі будуць абавязаныя ўлічыць дзяленне і модуль аконных і дзвярных праёмаў, ліштвы, абрамленне вокнаў, іншыя дэкаратыўныя элементы.

Рэдкі прыклад драўлянага канструктывізму ў Гродне выставілі на аўкцыён: яго, верагодна, знясуць, каб пабудаваць копію
Будынак на вуліцы Асіпенкі, 3. Архіўнае фота: Hrodna.life

Ад інвестара залежыць на 90% тое, як будзе выканана копія

«Мяне цалкам задавальняе такі варыянт, пры ўмове што ён будзе выкананы. Але наколькі ён будзе якасна выкананы, залежыць на 90% ад інвестара», — сказаў Telegram-каналу Urban Hrodna гісторык Мечыслаў Супрон.

«Вельмі дзіўным выглядае той факт, што мінулы раз, калі будынак выстаўлялі на аўкцыён, яго нельга было выкарыстоўваць як жыллё, бо праз пару метраў знаходзіцца брудная вытворчасць — скурзавод. Нібыта тады нехта ўсё ж купіў дом, так мне мясцовыя расказвалі. Значыць ніхто не купляў, і чуткам нельга давяраць».

Тры гады таму будынак ужо прадавалі з аўкцыёна

У сакавіку 2019 года будынак на Асіпенкі, 3 планавалі зруйнаваць, але ў красавіку 2019 года яго выставілі на аўкцыён. Гэта адбылося пасля сустрэчы гродзенскага гісторыка Мечыслава Супрона са старшынёй гарвыканкама Мечыславам Гоем.

Тады праз аўкцыён гарадскія чыноўнікі хацелі праверыць, ці ёсць цікаўнасць у інвестараў і гараджан да драўлянай архітэктуры.

Будынак — адзін з прыкладаў канструктывізму

Дом № 3 на вуліцы Асіпенкі быў пабудаваны ў 1930-я гады. Ён уваходзіў у комплекс жылых, грамадскіх і гаспадарчых пабудоў у стылі драўлянага канструктывізму.

Да Другой сусветнай вайны гэты раён называўся Настаўніцкай калоніяй. Да 1939 года ў будынку жылі настаўнікі, якія працавалі ў бліжэйшай школе № 8. У савецкі час у дом засяліліся звычайныя працоўныя. У 2015 годзе жыхароў адсялілі. Пасля гэтага дом прастойваў, але нават без жыхароў ён быў у здавальняючым стане.