Турысты, якія прыехалі ў Гродна ў выхадныя 7−8 кастрычніка, замест турыстычных паказальнікаў пабачылі пустыя слупы. Раней там былі знакі з паказаннем накірункаў, назвамі вуліц і славутасцей. Зверху інфармацыя была напісаная на беларускай мове кірыліцай, а ўнізе — лацінкай. Пра гэта расказала «Наша Ніва».
Паводле інфармацыі Hrodna.life, першыя знакі з надпісамі беларускай лацінкай пачалі здымаць у гістарычным цэнтры Гродна ў канцы верасня 2023.
«Наша Ніва» апублікавала фота пустога слупа на вуліцы Ажэшкі, раней размешчанае ў сацсетках. Паводле фотаздымкаў сервіса «Люстэркі» («Зеркала») ад «Яндекс. Карты» паказальнікі былі на месцы яшчэ 3 кастрычніка. А менш чым праз тыдзень ужо зніклі.
Пры гэтым зніклі не толькі надпісы беларускай лацінкай, такія як «vul. Lienina», але і надпісы па-англійску «Railway station» і «Lutheran church».
Магчыма, старыя паказальнікі заменяць варыянтамі з іншым дызайнам. Прыклад можна пабачыць у Каложскім парку, а таксама на вуліцы Ажэшкі бліжэй плошчы Леніна (на фота ніжэй). У новым варыянце дызайна бачныя мініяцюры турыстычных аб’ектаў, а надпісы зробленыя на беларускай мове і прадубляваныя на англійскай.
Як у Беларусі змагаюцца з лацінкай
У жніўні 2022 года праўладная актывістка з Гродна Вольга Бондарава прапанавала прыбраць дубляванне назваў гарадскіх аб’ектаў лацінкай. «Разам абаронім краіну ад калабарацыяністаў!», — напісала жанчына ў сваім Telegram-канале.
У красавіку 2023 года ў Беларусі забаранілі выкарыстоўваць лаціку ў геаграфічных назвах. Тады прычынай назвалі неабходнасць умацавання гістарычна-культурнай супольнасці беларускага народа і недапушчэнне прасоўвання чужых пісьмовых традыцый і культурных каштоўнасцей.
Да канца 2023 года ў Беларусі павінны знікнуць усе надпісы беларускай лацінкай.