Актывістка запрашае звяртацца ахвотных падтрымаць ініцыятыву прыватна. Паводле яе, лацінку трэба прыбраць з указальнікаў па ўсёй Беларусі. «Разам абаронім краіну ад калабарацыяністаў!», — піша яна ў сваім канале ў Telegram. На ініцыятыву звярнуў увагу канал Urban Hrodna і разабраўся ў гісторыі пытання.

Чым менавіта жанчыну абурае дубляванне назваў гарадскіх аб’ектаў (урбонімаў) лацінкай згодна з зацверджанымі правіламі, і каго яна лічыць калабарацыяністамі, з паста не зусім зразумела.

Транслітарацыя — закон

Інструкцыя па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіту была зацверджана пастановай Дзяржаўнага камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі яшчэ ў 2000 г. як прававы акт. Яе прынялі як агульнаабавязковую на дзяржаўным узроўні.

У 2007 г. яе скарэктавалі з улікам асаблівасцяў беларускай мовы. Нормы транслітарацыі распрацавала Беларуская акадэмія навук. Выдалі і адмысловыя даведнікі - «Назвы населеных пунктаў», у якіх замацавана правільнае напісанне вёсак, мястэчак, гарадоў.

У лютым 2013 года інструкцыя была рэкамендавана арганізацыяй Аб’яднаных Нацый для прыняцця ў якасці міжнароднай сістэмы раманізацыі беларускіх геаграфічных назваў.

гродно туризм указатели улицы
Указальнікі ў цэнтры Гродна. Фота: Urban Hrodna

Навошта патрэбна дубляванне?

Асноўная ідэя — беларускія геаграфічныя назвы і ўрбонімы мусяць дублявацца лацінкай для замежнікаў. Перакладаюць на англійскую толькі назвы соцыякультурных аб’ектаў («вуліца», «плошча» і пад.). Самі назвы транслітаруюцца з дзяржаўнай беларускай мовы згодна з яе гучаннем. Такая сістэма таксама дазваляе ўніфікаваць напісанне любых беларускіх назваў для ўсіх краін свету, дзе карыстаюцца лацінскім алфавітам.

Жыхары любых такіх краін, якія прыязджаюць з турыстычнымі мэтамі (напрыклад, суседзі з Літвы ці Польшчы па бязвізу), ці дзелавымі, ці на навучанне (напрыклад, студэнты з Індыі на платныя факультэты) — могуць прачытаць на звыклай ім лацініцы, куды яны ідуць, ці запытаць дарогу. Дзякуючы транслітарацыі яны могуць прамовіць назву вуліцы ці іншага аб’екту так, каб іх зразумелі і мясцовыя жыхары. У Беларусі правільнасць перадачы геаграфічных назваў зацвярджае тапанімічная камісія пры Савеце Міністраў. Дубляванне назваў гарадской навігацыі на іншую сістэму напісання робяць і ў іншых «кірылічных» краінах, у тым ліку і ў Расіі.

Пытанні да лацінкі былі і раней

З лацінкай ужо змагаліся 10 гадоў таму. У 2012 годзе дубляванне назваў станцый згодна з зацверджанымі нормамі ўвялі ў мінскім метро. Лацінка на схемах выклікала хвалю спрэчак у сацсетках і СМІ. Але тады людзей абураў не сам факт дублявання, а тое, што беларуская лацінка можа быць незразумелай замежнікам. Відэа з тым, як замежнік спрабуе прачытаць назвы станцый, публікаваў Onliner.by. Іншыя ж наадварот станавіліся на яе абарону, пісалі звароты да ўладаў, каб транслітарацыя захавалася. Лацінку ў метро пакінулі, з’явілася яна і на ўказальніках у беларускіх гарадах, каб дапамагаць арыентавацца турыстам.

гродно туризм указатели
Інфармацыйны стэнд на Савецкай плошчы. Фота: Urban Hrodna

З чым яшчэ змагаецца Бондарава

Вользе Бондаравай 39 гадоў. Вольга Бондарава — гарадская актывістка, якая горача падтрымлівае афіцыйную беларускую ўладу, але часам крытыкуе гарадскую. Пасля 2020 года яна ўдзельнічала ў аўтапрабегах і мітынгах ля пасольстваў, змагалася з пратэстнымі надпісамі і выявамі ў горадзе, вядзе канал у Telegram. Праходзіла пацярпелай па справе Васіля Пільца і Вадзіма Плаўскага, фігуравала ў справе аб «штрафе за гноміка» — звярнулася ў міліцыю па факце «пратэстнага дэкору» ў кватэры сваёй былой аднакласніцы.

Чытайце таксама: Вольга Бондарава спагнала з яшчэ аднаго палітвязня 1000 рублёў маральнай шкоды

Дзякуючы заяве Вольгі суд прызнаў экстрэмісцкай кнігу «Вайсковая гісторыя Беларусі. Героі, сімвалы, колеры», якую напісаў Віктар Ляхор, аўтар эмблемаў некаторых дзяржорганаў Беларусі. У Гродне Бондарава змагалася і з іншымі кнігамі: пра аднаполае каханне ў краме OZ.by, кнігай «Мифы о Беларуси» Вадзіма Дзеружынскага і «Welcome to Belarus» Алеся Гутоўскага ў краме «Green». Зваротамі яна дамаглася адмены ўдзелу вулічнага фрык-тэатру «Гексаген» у Ночы музеяў. Пасля іншага яе звароту закрылі галерэю «400 квадратаў» у Triniti.

У паліклініцы № 3 Гродна праз скаргу Бондаравай прыбралі банер пра гісторыю жыцця Саламеі Русецкай — першай у гісторыі Рэчы Паспалітай жанчыны-урача. Жанчына змагаецца супраць усхвалення перыяду ВКЛ і Рэчы Паспалітай і за праслаўленне савецкай гісторыі. Блізу месяца актывістка дабівалася адмены выступу ў Гродне Філіпа Кіркорава.

У чэрвені 2022 года ў Астраўцы вырашылі назваць бібліятэку ў гонар літаратуразнаўца і гісторыка Адама Мальдзіса, які нарадзіўся ў Астравецкім раёне. У ліпені Вольга Бондарава звярнулася ў Гродзенскі аблвыканкам з гэтай нагоды. Спачатку ў ім паведамілі, што адмяняць рашэнне аб перайменаванні не плануюць. Але пазней аргументы Вольгі пра «прапольскага дзеяча» і «махровага нацыяналіста» прынялі.

Пасля пачатку вайны ва Украіне хацела падтрымаць сілавікоў аўтапрабегам, але не змагла атрымаць дазвол на яго правядзенне.

Раней яна прыцягвалася да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці - за кантрабанду цыгарэт у Польшчу.